Віктар Марціновіч: «Дарагія мае, беражыцеся! Расслабляцца зарана»

Пiсьменнiк задаецца на budzma.by пытаннем: ці зробіцца слова «беларус» сінонімам словам «заразны»?

За гэтымі выбарамі зусім нябачнай зрабілася тэма, якая мусіць быць на першым месцы у кожнай галаве: мы — у эпіцэнтры эпідэміі небяспечнай і не да канца вывучанай хваробы. Пра размах і наступствы гэтай эпідэміі ў сваёй краіне мы ведаем вельмі няшмат.

Адзінае, што адназначна зразумела, — нам зацята брэшуць.

Але я бачу, як самая актыўная, начытаная і вольная частка грамадства — тая, якая раней не верыла тэлебачанню і была ў авангардзе індывідуальнай прафілактыкі — пачынае расслабляцца, здымаць маскі, выходзіць з ізаляцыі.

Ажывае «Зыба», адкрываюцца і запаўняюцца публікай мінскія кафэхі.

Людзей значна паболела ўсюды: у гарадах, у найбліжэйшых да сталіцы месцах адпачынку. Наперадзе выходныя, а з імі — шашлыкі і супольныя выпівонькі. Усё гэта адбываецца пад супакаяльнае далдоненне пра нейкае «плато», на якое мы ці то ўжо нібыта выйшлі (прычым ці не чатыры тыдні назад), ці то вось-вось выйдзем. Пры тым што нават афіцыйная статыстыка (якой я заклікаю не верыць) не тое каб заспакойвае: мы ўжо колькі часу загадкава маем адну і тую ж лічбу.

І, нагадаю, сам сэнс слова «плато» ў геадэзіі — у тым, што ты знаходзішся на плоскай вяршыні. Якая, тая вяршыня, можа цягнуцца і цягнуцца. Калі каранціну няма — цягнуцца, магчыма, бясконца.

Але людзі стаміліся.

І гэта ж так непрыкольна — насіць маску, калі на дварэ ўжо амаль лета!

А тым часам па гарадах носяцца «хуткія» і навінаў на «Нашай Ніве» ў чорнай рамцы — пра смерць чарговага выбітнага чалавека — не менее. Я ніколі не памятаў столькі некралогаў, што ідуць адзін за адным. Пра тое, што ўчора Беларусь увайшла ў топ-5 краінаў Еўропы з найбольшай колькасцю выпадкаў COVID, зарэгістраваных Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя за апошнія 2 тыдні, вы, напэўна, ужо чулі?

Член-корреспондент Национальной академии наук: в Беларуси развивается третья волна ковида

То калі ласка, дарагія мае, беражыцеся! Расслабляцца зарана. Калі вы ідзяце ў месца масавага збору давальнікаў подпісаў — надзявайце масачку.

Яна, дарэчы, шмат яшчэ ад чаго зберагае.

Але мой клопат — пра тое лета, да якога мы набліжаемся.

Літва адкрывае межы краінаў з каэфіцыентам COVID, меншым за 25 (у нас ён 140), а для беларускіх грамадзян там абмяркоўваюцца вельмі сумныя варыянты допуску: ці то абавязковая даведка аб адсутнасці віруса (мера выразна папулісцкая, але сваё насельніцтва трэба неяк заспакоіць, бо з Вільні сапраўднае становішча ў Беларусі відаць выдатна і там ніхто не падманваецца), ці то правядзенне татальнага экспрэс-тэставання на мяжы.

Колькі часу будзе займаць пасля гэтага ўезд у Шэнген для грамадзян самай саманадзейнай у плане стаўлення да віруса краіны — вялікае пытанне. І ці застанецца ў мінскіх шопераў жаданне асаджаць «Акропаліс» пасля такіх працэдур.

Ёсць вельмі вялікі шанец, што на мора гэтым летам беларусы не здолеюць трапіць нават ва Украіну, у Затоку, бо Украіна мае ўласцівасць узгадняць усе свае крокі з ЕС у разліку на абяцаную ў выпадку выканання прафілактычных умоваў дапамогу на барацьбу з COVID. Навіны пра тое, што чарговая краіна прыадчыніла межы, а Беларусь знаходзіцца ў ліку месцаў, з якіх туды не пушчаюць, з’яўляюцца ўжо цяпер.

Уявіце сабе, што будзе праз паўтара месяца, калі ўкраінцы паедуць у Іспанію і Італію, а мы даведаемся пра тое, што супольна, цэлай краінай, зрабіліся не выязнымі.

COVID даў дарогу новым тыпам знявагі, новым падставам для варажнечы, і мы маем шанцы атрымаць у дадатак да той небяспекі, якой падлягаем штодня праз легкадумнасць улады, яшчэ і «асаблівае» стаўленне да сябе за мяжой.

Ці зробіцца слова «беларус» сінонімам словам «заразны»?

Гэта будзе тым больш крыўдна, што, як і з любой дыскрымінацыяй, нашай, простых пацыентаў, віны ў тым не будзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(73)