Общество
Віктар Марціновіч, budzma.by

Віктар Марціновіч: «Чаму я цешуся прэміі Святлане Алексіевіч»

З’яўленне ў краіне першага за гады незалежнасці нобелеўскага лаўрэата стварае прынцыпова новую сітуацыю для нашай культуры.

На жаль, публічная сфера працягвае рэагаваць так, як рэагавала на скандальчыкі вакол Гедройца, не ўсведамляючы, што маштаб падзеі крыху іншы, як іншая і ступень адказнасці кожнага. Мы бачым класічны бульбасрач, у якім усе, каго ты паважаў, разышліся па пакойчыках і захоплена кідаюцца адно ў аднаго зусім не томікамі Алексіевіч.

Нацыя, якую не можа з’яднаць нават гонар за Нобелеўскую прэмію, вырачаная.

Патлумачу (нікога пры гэтым не абражаючы), чаму я лічу, што адбылося нешта добрае. Чаму веру, што Беларусі выдадзены аванс, правільна скарыстаўшы які, культура здолее выбрацца з ямы, у якой знаходзіцца. Гэты тэкст, такім чынам, лікбезаўскі і кранае інсайды, якіх чалавек, не звязаны з еўрапейскім кніжным светам, можа не ўсведамляць. Калі пабачу, што сітуацыя працягвае нагадваць бойку за запяканку ў дзіцячым садку, падзялюся думкамі пра тое, што дакладна варта зрабіць, каб канвертаваць поспех аднаго ў зрухі для ўсіх.

Па-першае, збыліся прагнозы! Тое, пра што казалася ды пісалася на ўсіх пляцоўках у Беларусі і за яе межамі ўжо два гады, спраўдзілася.

Мы бачым не проста рэнесанс беларускай літаратуры, мы бачым пячатку якасці, якая пастаўленая на феномен нашай прозы тым журы, вышэйшы за якое толькі Бог. Той, хто аспрэчвае аўтарытэт Нобелеўскага камітэта (кажу тут найперш пра Прылепіна), выглядае казуркай на фоне постацяў людзей, якія гэтым журы ўшанаваныя: Кіплінг. Метэрлінк. Ейтс. Гесэ. Так, не далі Набокаву, але далі Буніну. Так, не далі Прусту, але далі Бродскаму. Так, не далі Кафку, але далі Маркесу.

Нобелеўская прэмія — сігнал еўрапейскім выдаўцам

У Нямеччыне, напрыклад, буйныя кніжныя карпарацыі працуюць з Усходняй Еўропай па цынічным прынцыпе «тэставання нацый».

Яны абіраюць наўздагад 3-4 аўтараў з новай, не вывучанай іх чытачом тэрыторыі, друкуюць іх, забяспечваюць тыповым PR-пакетам у выглядзе 2-х стандартных рэцэнзій і далей глядзяць: пойдзе, не пойдзе. Дык вось. Нас скончылі тэсціць гадоў 5 таму. І мы не пайшлі. А таму карпарацыі на нас як на культурнай супольнасці намалявалі маленькі чорненькі крыжык. І ўсе кропкавыя поспехі, якія там-сям усё ж здараліся, не маглі запэўніць монстраў, якія вызначаюць буйную ратацыю. Нас не стала. І раптам мы ўзніклі! Бо — Нобель. Зараз будзе новая хваля цікаўнасці да пісьменнікаў. Недвухсэнсоўныя запыты — хто варты, а хто не, каго чытаць, каго не — ужо пайшлі. Дык маем шансы стварыць феномен, супастаўляльны з выбухам лацінаамерыканскай літаратуры канца 1970-х.

Гэта сігнал рускім: беларускія творцы не мусяць ісці ў нішы «творчество провинций России»

Некалі Караткевіч, Быкаў, Адамовіч шырока перакладаліся і друкаваліся ў суседняй з намі краіне. Цяпер яны выйшлі б хіба што ў невялічкай профільнай друкарні, бо «это же провинция, и Оршу удалите из текста». Звярніце, дарэчы, увагу: «Час сэканд-хэнд» Святланы выдадзены не ў флагманскім «ЭКСМО», а ў невялічкім (але ад таго не меней добрым) выдавецтве «Время». Паклон яго рэдактару Барысу Пастарнаку! Паклон ягонаму густу!

Гэта першы Нобель на нашых сцюдзёных тэрыторыях з 1987 года. І яго атрымаў не безумоўна варты Нобеля Уладзімір Сарокін. Яго атрымаў беларускі аўтар, які піша да таго ж па-расійску, што якбэ сведчыць, што расійская мова беларуса нічым не горшая за расійскую мову рускага.

І калі ўжо пачалася размова пра расійскую мову Алексіевіч. Гэтыя закіды тояць у сабе парадокс. Чаму расійскамоўнага беларускага аўтара Андрэя Лазуткіна адны і тыя ж людзі баранілі, а расійскамоўную Алексіевіч ганьбяць — менавіта за мову? Нічога не маю супраць Андрэя Лазуткіна, творы гэтага калегі я не чытаў, але пытанне такое: дзе тут логіка? Мне сапраўды хочацца гэта зразумець! Чаму Лазуткіну можна, а Алексіевіч — не?

Чаму ўвесну, калі адбыўся анонс «Кнігі года», прадстаўнікі адной і той жа суполкі спачатку канстатавалі «дыскрымінацыю расійскамоўных беларускіх пісьменнікаў», а потым пачалі зацята зневажаць Алексіевіч менавіта за мову?

Я лічу, што ўсім нам варта прапагандаваць мову нашую родную, але вельмі хацелася б паслядоўнасці ў той пазіцыі, якую займаеш. Бо інакш выглядае на чорную зайздрасць. А як я ўжо не аднойчы казаў, зайздрасць спапяляе.

Самае галоўнае — гэта сігнал беларусам. Шаноўныя землякі! У нас ёсць літаратура! І яна не горшая за іншыя сусветныя літаратуры!

Калі ласка, прачытайце кнігі нобелеўскага лаўрэата, калі яшчэ гэтага не зрабілі. Калі ласка, прачытаўшы іх, вазьміцеся за іншых сучасных аўтараў, бо літаратура — заўсёды асяродак. У вакууме нобелеўскіх фаварытаў не ўзнікае. Шмат казалася пра вяртанне чытача, дык вось ён — момант!

Адзначу, што калі калегі працягнуць бадацца за запяканку на вачах ва ўсяго фэйсбука, гэта іх дэантрапамарфізуе і запэўніць чытача, што празаік у нас адзін — Алексіевіч. Тое ж тычыцца і іншых бонусаў, якія мы страцім. Калі будзем выкідваць Алексіевіч з беларускай літаратуры па прынцыпе «яна не наша і не літаратура», думаючы, што права вызначаць, што ёсць літаратура, належыць толькі вузкаму колу хворых на інфантылізм эгаістаў, яе падбяруць рускія і ўкраінцы. Дарэчы, рускія ўжо падзяліліся на тых, хто кажа, што «перамагла руская», прычым кажа гэта на ліберальных культурніцкіх сайтах (гл. тут і тут), і тых, хто кажа, што ўзнагародзілі яе, каб пакрыўдзіць Расію (тут і тут). Асабліва цікава чытаць, як рускі нацыянал-бальшавік фактычна паўтарае аргументы беларускіх нацыянальных пісьменнікаў, маіх братоў па зямлі і творчасці!

Аргумент, што нобеляў беларусам болей не будзе, лагічны. Але тое, што адбылося, ужо цалкам нелагічна. Калі ў 2015-м нобеля атрымлівае расійскамоўны аўтар вербацімаў, што жыве ў Мінску, ніхто ўжо не здзівіцца, калі ў 2020-м нобеля атрымае беларускамоўны аўтар верлібраў, што жыве ў Хойніках. Камю ўшанаваны нобелем у 1957-м. Сартр — у 1964-м. Гэта пры тым, што Камю і Сартр — адно і тое ж (жартую, вядома). Паміж Нобелем Пастарнаку і Шолахаву прайшло ўсяго 7 гадоў. Паміж Шолахавым і Салжаніцыным — 5! Хочаце атрымаць нобеля — давайце створым літаратуру, якая будзе гучаць так, як гучала савецкая літаратура ў 1960-х-1970-х.

Я радуюся гэтаму нобелю таму, што гэта прэмія яшчэ і Алесю Адамовічу, які прыдумаў метад, што ляжыць у аснове творчых падыходаў Святланы

За спадара Алеся па-чалавечаму крыўдна, бо гэта адзін з тых кранальных і вельмі гуманістычных талентаў, на якога забылася нацыя, што павінная яго шанаваць. Ён дакладна б не стаў сачыцца атрутай, каб нобеля атрымаў не ягоны сабутэльнік. Тым больш што дзядзька Алесь не піў...

-Дзякуючы рашэнню Нобелеўскага камітэта ў Беларусі з’явіўся неаспрэчны аўтарытэт. Што вельмі добра для краіны без культурніцкіх іерархій. Размова не толькі пра тое, што погляды Святланы на палітыку і сацыяльную сферу ў дадзены момант сугучныя з маімі. Не толькі пра тое, што мы з Алексіевіч належым да аднаго творчага саюза і не знаходзімся па розныя бакі сацыяльна-эстэтычных барыкад. Але пра тое, што зараз ніхто не можа сказаць: «Я тут самы круты і самы галоўны».

Таму што ўсяму свету прадэманстравалі, хто тут самы круты і самы галоўны

Вопыт пакланення і шанавання іншых (гэтаксама як і заўважання іншых!) — ці не самае важнае кармічнае практыкаванне, праз якое мусіць прайсці любы беларускі творца, каб культура наша пазбавілася ад правінцыйнасці ды інфантылізму, якія ў ёй яшчэ заўважныя.

Ну і напрыканцы зусім проста: віншую вас, Святлана!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)