Политика
Анастасія Зелянкова

Віктар Івашкевіч: “Балатавацца на пасаду старшыні я прыдумаў не проста, прачнуўшыся неяк зраніцы”

На крэсла старшыні Партыі БНФ аб’явіўся яшчэ адзін прэтэндэнт. Выклік сённяшняму кіраўніку партыі Вінцуку Вячорку, апроч яго намесніка Алеся Міхалевіча, кінуў таксама Віктар Івашкевіч. Вынік гэтага супрацьстаяння стане вядомы 8 снежня. Пра тое, якія адносіны склаліся паміж прэтэндэнтамі, свае “моцныя выразы” і сялянскія хітрыкі беларусаў Віктар Івашкевіч распавёў у інтэрв’ю “Салідарнасці”.

— Вы можаце штосьці новае прапанаваць Партыі БНФ у выніку свайго старшынства?

— Я буду намагацца, каб Фронт аднавіў сваю ролю галоўнай дэмакратычнай сілы. Масавай сілы. Для гэтага патрэбна не губляцца ў натоўпе лідэраў і не быць на пабягушках у спадара Мілінкевіча, а вылучаць ініцыятывы і ўзначальваць іх. У прынцыпе я гэтым і займаюся, толькі часам пасіўнасць старшыні перашкаджала яго намесніку актывізаваць гэтую работу. Таму я і прапанаваў сябе ў якасці старшыні — таго чалавека, які сам вылучае ідэі, сам узначальвае іх рэалізацыю і нясе персанальную адказнасць, а не проста агучвае нейкія слушныя і хрэстаматыйныя ісціцны.

— Наўрад ці спадар Вячорка і спадар Міхалевіч не хацелі б, каб БНФ стала вядучай партыяй. У чым канкрэтныя супярэчнасці з сённяшнім прэтэндэнтамі?

— Я катэгарычна не згодны з Міхалевічам, праграма якога заключаецца ў тым, што ўвесь Фронт павінен насіць на руках спадара Мілінкевіча і ў гэтым ёсць яго місія. Лічу, што фронт можа быць паўнавартасным партнёрам Мілінкевіча ў канкрэтнай справе, а браць сабе начальнікам нават не сябра сваёй партыі лічу недарэчным.

Са спадаром жа Вячоркам у нас ужо не адзін год ідзе дыскусія. Я лічу, што лепей праяўляць ініцыятыву і рабіць нейкія крокі, нават калі гэта можа выклікаць крытыку ці скончыцца няўдачай, чым не рабіць нічога. У спадара Вячоркі другая стратэгія — лепш нічога не рабіць, чым пайсці на рызыку і зрабіць памылку. У сітуацыі палітычнага застою, якая назіралася апошнія восем год, гэтая асцярожнасць, можа, і была апраўданай. Але сёння, у сітуацыі нестабільнай, выйграе той, хто можа аператыўна ісці на нейкія неардынарныя крокі.

— Вашыя адносіны з прэтэндэнтамі можна назваць напружанымі?

— У мяне добрае да іх стаўленне. Прынамсі, з майго боку, крытычныя заўвагі не носяць антаганістычнага характару і ўвогуле нейкай персанальнай афарбоўкі кшталту “люблю — не люблю”. Як яны эмацыйна ставяцца да мяне, не ведаю. Афіцыйна — таксама ветліва і па-таварысцку. Гэтая дыскусія — унутры Фронта. Пытанне стаіць нават не якім шляхам пойдзе Фронт, а якую тактыку будзе выкарыстоўваць. Калі я стану старшынёй, і Міхалевічу і Вячорку, думаю, знойдзецца месца ў кіраўніцтве, каб максімальна былі выкарыстаны іх станоўчыя якасці.

— Наколькі вы ўпэўнены ў сваёй перамозе?

— Балатавацца на пасаду старшыні я прыдумаў не проста, прачнуўшыся неяк зраніцы. Мне прапанавалі гэта сябры партыі, якіх не задавальняе як канцэпцыя спадара Міхалевіча, калі Фронт робіцца на пасылках у Мілінкевіча, так і недастатковая актыўнасць сённяшняга старшыні, які нават у інфармацыйным плане, у плане прысутнасці ў СМІ губляецца ў ценю таго ж Калякіна ці Лябедзькі. Мне прапанавалі вылучыць сваю кандыдатуру, і я гэта зрабіў. Аб сваім намеры я заявіў Міхалеву і Вячорку яшчэ чатыры месяцы таму, але вырашыў да правядзення “Еўрапейскага маршу” не агучваць, каб не збіваць увагу людзей з самой акцыі.

— Ці трэба пасля выбараў чакаць расколу ў Партыі?

— Канфлікты, зразумела, могуць быць. Яны і сёння ёсць. Канфлікты прапаноў, канфлікты ідэй, нарэшце канфлікты характараў. Гэта натуральна. Але што тычыцца расколу, то ўпэўнены, гэтага не будзе. Трэцяга беларускага фронту чакаць не трэба.

— У сваіх словах вы часам досыць катэагрычны. Так, напярэдадні “Еўрапейскага маршу” вы заявілі ў інтервью “Хіміку”, што толькі “недоразвитые” не выйдуць на плошчу. На вышу думку, такія моцныя выказванні — гэты ўдалы спосаб для мабілізацыі?

— Апеляцыя да эмоцый, нават калі гэтыя эмоцыі негатыўныя, заўсёды спрыяла мабілізацыі. Іншая справа, што зараз я бачу неабходнасць у даволі маштабнай растлумачальнай рабоце з тым, каб для людзей еўрапейскія ідэі прымалі канкрэтнае гучанне, тычыліся іх непасрэднага штодзённага жыцця.

Але з другога боку, ёсць шмат людзей, якія ўсё выдатна разумеюць і ведаюць, але хочаць, каб хтосьці зрабіў ім гэтае шчасце. Часам знаёмыя мяне пытаюцца: “Калі ж вы, БНФ, скінеце гэтую дыктатуру? На што я ім адказваю: “Тады, калі вы нам дапаможаце”. Пасіўнасць — самая галоўная праблема беларускага грамадства. Такая вось сялянская хітрасць — адсядзецца ў бульбе, пакуль іншыя будуць падстаўляць свае ілбы. У мяне такая “хітранькая пазіцыя” выклікае раздражненне і непрыняцце. Таму і павінна быць вострая пастаноўка пытання кшталту “Ты запісался добровольцем” ці адсіджваешся пад выглядам нейтралітэту?

— На вашу думку, такая “мабілізацыя словам” апраўдала сябе падчас “Еўрапейскага маршу”?

— “Еўрапейскі марш” як акцыя — гэта стрэл, які абвяшчае пра пачатак кампаніі. Нельга было сцвярджаць, што гэтая акцыя вырашыць усе пытанні разам. Тое, што ўлады пайшлі ў рэшце рэшт на саступкі і далі па факту, хаця не дэ юрэ, скарыстацца грамадзянам правам на маніфестацыі — гэта той маленькі крок, следам за якім будуць іншыя: як ужо было абвешчана, адкрыццё ў Менску прадстаўніцтва Еўразвязу, затым няўдзел Беларусі ў гэтых мытных саюзах з Казахстанам і Расеяй, следам — вызваленне палітвязняў... Хто думае, што адным сражэннем усё вырашаецца — гэта неразуменне законаў стратэгіі.

Да таго ж, няма крытэрыяў параўнання з больш паспяховымі акцыямі. Любая рэальная дзейнасць адрозніваецца ад ідэальных схем у горшы бок. А то сітуацыя атрымліваецца на сённяшні дзень так: адны людзі робяць акцыі, а другія — крытыкуюць іх за памылкі. Дзякуй, канешне, я як арганізатар усю крытыку ўспрымаю і раблю высновы. Але, на жаль, няма трэцяй калоны, якая б паказала, як трэба рабіць.

— Вы і ў выніку вашага абрання старшынёй збіраецеся быць такім жа катэгарычным і далей?

— Я лічу, што ў сённяшняй сітуацыі, калі мы павінны прарывацца, сюсюканне і кругленькія гладзенькія фразы, якія нікога не пакрыўдзяць, але і нікога не закрануць, не будуць даваць выніку. Бойка — гэта бойка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)