«Віктар бачыць у Руху перш за ўсё палітычную структуру, партыю»

Віктар Карнеенка напісаў заяву аб спыненні паўнамоцтваў намесніка старшыні арганізацыі «у сувязі з разыходжаннем поглядаў на стратэгію і тактыку дзейнасці». Але ён застаецца ў Руху.

Старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч выказаў шкадаванне з прычыны яго адыходу ад кіраўніцтва:

- Бо нас звязваюць не толькі сумесная шматгадовая праца на карысць дэмакратыі, але і сяброўства. Віктар Карнеенка - таленавіты і перспектыўны палітык быў і застаецца. Веру, што нягледзячы на сённяшнюю розніцу ў пэўных падыходах, мы ў стане з ім зрабіць яшчэ шмат добрага на карысць краіны. Бо нас яднаюць аднолькавыя каштоўнасці.

Спрэчныя моманты па стратэгіі і тактыцы такія:

- Сёння Рух “За Свабоду” - гэта грамадска-палітычная арганізацыя. У аўтарытарнай дзяржаве я лічу такую форму аб'яднання найбольш аптымальнай. Наша грамадская задача - еўрапеізацыя Беларусі праз адукацыйныя, інфармацыйныя, аналітычныя праекты, праз спрыянне самарганізацыі грамадства і фармаванне будучай эліты. Наша палітычная мэта - адстойванне незалежнасці краіны, права беларусаў на свабодныя выбары. Віктар бачыць у Руху перш за ўсё палітычную структуру, партыю. Ён заўсёды быў перш за ўсё палітыкам. На ягоную думку, грамадскія праекты мусяць быць не самастойнымі, а падпарадкоўвацца палітычным задачам. Большасць жа ў Радзе Руху лічыць абодва накірункі дзейнасці самакаштоўнымі і ўзаемадапаўняльнымі.

Ці значыць, што Рух "За Свабоду" не збіраецца станавіцца партыяй, а застанецца і НДА, і палітычнай структурай адначасова?

- Сёння ў Беларусі няма рэальных умоваў для дзейнасці партый: няма рэальных выбараў і адкрытай палітычнай канкурэнцыі, - кажа Аляксандр Мілінкевіч. - Партыі не ў стане лабіяваць інтарэсы сацыяльных груп. Але цяперашняя ўладная сістэма безнадзейна састарэла. І, як толькі ў нас з'явяцца ўмовы для развіцця партый, сябры Руху, якім цікавая палітычная дзейнасць, разам з іншымі прабеларускімі і праеўрапейскімі палітыкамі, маю надзею, створаць моцную правацэнтрысцкую партыю. Рух пры гэтым ужо не будзе выконваць палітычных функцый і застанецца грамадскім аб'яднаннем, бліжэйшым партнёрам такой партыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)