Вiдэафакт. Спецназавец наўмысна страляе ў журналістку Наталлю Лубнеўскую з 10 метраў

Журналістку «Нашай Нівы» паранілі гумавай куляй 10 жніўня.

У той вечар на вуліцы Кальварыйскай у Мінску, дзе праходзіла мірная акцыя пратэсту, з'явіліся дзясяткі байцоў — меркавана, «Алмаза» (антытэрарыстычнага спецпадраздзялення МУС). У суседніх дварах якраз знаходзіцца база «Алмаза».

Адзін з байцоў спыніўся за 10 метраў ад групы журналістаў у сініх камізэльках «Прэса» і прыцэльна стрэліў з агнястрэльнай зброі па Наталлі. Гэта не быў выпадковы інцыдэнт — як відаць на відэа, якое аказалася ў распараджэнні «Нашай Нівы», баец наўмысна страляў па журналістцы.

Увага! У канцы відэа дэманструецца адкрытая рана.

Ужо больш за два тыдні Наталля застаецца ў Бальніцы хуткай дапамогі. Ёй ужо правялі адну аперацыю, не выключана, што спатрэбіцца і наступная. Невядома, колькі часу яна будзе вымушаная правесці ў бальніцы.

Наталля Лубнеўская напісала заяву з патрабаваннем завесці крымінальную справу па факце нанясення ёй цялесных пашкоджанняў. Першы раз сілавікі ўзялі ў яе тлумачэнні 12 жніўня, другі раз — 21 жніўня. Рэдакцыя перадала следчым відэа, на якім добра відаць стрэл.

Аднак крымінальная справа не заведзеная да гэтага часу.

«Тэрмін праверкі працягнуты на месяц», — паведамілі Наталлі Лубнеўскай у Фрунзенскім раённым аддзяленні Следчага камітэта. А работнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, якія аглядалі рану, заявілі, што канчатковае заключэнне будзе гатова, толькі калі Наталлю выпішуць з бальніцы.

Наталля Лубнеўская. Фота Уладзя Грыдзіна, Радыё Свабода

«Наша Ніва» заклікае праваахоўныя органы сумленна і адказна падысці да выканання сваіх абавязкаў. Ідэнтыфікаваць чалавека з відэа, які, парушаючы закон, страляў па журналістцы — нескладаная задача для сілавікоў. Яе вырашэнне залежыць толькі ад волі кіраўніцтва Следчага камітэта, Міністэрства ўнутраных спраў і астатніх сілавых структур.

Будзем удзячныя, калі грамадскасць, сведкі, цяперашнія ці былыя байцы сілавых структур дапамогуць ідэнтыфікаваць гэтага чалавека.

Баец, які страляе па мірных грамадзянах, мусіць панесці адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам:

Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, спалучанае з ужываннем зброі, караецца зняволеннем на тэрмін да 10 гадоў.

Наўмыснае нанясенне менш цяжкага цялеснага пашкоджання (якое не ўяўляе небяспеку для жыцця, але выклікала працяглае расстройства здароўя на тэрмін да чатырох месяцаў), здзейсненае агульнанебяспечным спосабам караецца зняволеннем на тэрмін да 5 гадоў.

Перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста караецца зняволеннем на тэрмін да 3 гадоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.4(5)