Политика
Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода

«Відаць, сядзець мне тут 5 гадоў...»

Ваўкавысскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч даслаў сябрам першы ліст з івацэвіцкай калёніі.

Праваабаронца Алег Воўчак падзяліўся зьвесткамі з першага ліста, дасланага з калёніі ў пасёлку "Воўчы норы" Івацэвіцкага раёну. Аўтуховіча пасьля карантыну зьмясьцілі ў 13-ы атрад, пачуваецца вязень нядрэнна. Раней ён не выключаў, што пачне галадоўку пратэсту, калі не будуць лячыць зубы, але днямі вязьню далі абяцаньне неўзабаве пачаць лячэньне і таму пра галадоўку пакуль гаворка не ідзе.

Воўчак плянуе перадаць сябру ў калёнію блэндэр для апрацоўкі ежы, каб было лягчэй есьць. Той блэндэр, які быў у Аўтуховіча ў менскім ізалятары, яму не ўдалося захапіць з сабой ў калёнію, бо на этап яго адправілі ноччу, не даўшы сабраць рэчы. Дарэчы, Аўтуховіч паведаміў пра такую асаблівасьць этапаваньня з Менску ў Івацэвічы: болей за 5 сутак давялося прабыць у Баранавічскім ізалятары, дзе ўмовы ня лепшыя з-за перанаселенасьці. Чаму вязьняў гэтак доўга трымаюць на этапе, праваабаронцу незразумела.

І вось яшчэ што, паводле Алега Воўчака, распавёў, Мікалай Аўтуховіч. "Ён, відаць, разгублены, што пра яго справу быццам як і сталі забываць. Дамагліся, што зьнялі абвінавачаньне ў тэрарызьме, а з астатнім зьмірыліся".

Праваабаронца працытаваў словы з ліста Аўтуховіча: "Відаць, давядзецца мне сядзець тут усе 5 гадоў...". Праваабаронца заклікае людзей, якім не абыякавы лёс Мікалая Аўтуховіча, ліставацца зь ім па адрасе: "Івацэвічы-3, выпраўленчая ўстанова №5, атрад №13, Аўтуховічу Мікалаю Мікалаевічу".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)