Общество
Руслан Гарбачоў, фота аўтара і з архіва Віталя Броўкі

«Віцебск слынны не на з’явы, а на асобы, на раптоўныя ўчынкі»

Віталь Броўка сышоў з палітыкі ў шоў-бізнес і не пралічыўся. Цяпер маладым творчым асобам Віцебску гонар павітацца з ім за руку. 29-гадовы грамадскі дзеяч расказаў «Салідарнасці» як дасягнуў такога поспеху, якім чынам ускосна прымусіў расійскую зорку «Дельфина» спансаваць нашу культуру і пры якіх умовах ён, беларускамоўны, не прыме бел-чырвона-белы сцяг.

Кароткая біяграфія Віталя Броўкі

Нарадзіўся ў 1981 годзе пад знакам Вадалея ў горадзе Сянно Віцебскай вобласці. Пасля сканчэння школы паступіў на юрыдычны факультэт Полацкага дзяржаўнага універсітэта. Пазнаёміўся і пачаў супрацоўнічаць з «яшчэ ўчора недасягальнымі суперзоркамі» – пісьменнікам Уладзімірам Арловым і рок-гуртом «Мясцовы час». У 2003 годзе быў размеркаваны ва ўправу юстыцыі Віцебскага аблвыканкама. Але працаваць там адмовіўся і праз некалькі месяцаў загадам міністра юстыцыі быў прызначаны ў суд Сенненскага раёна. Адпрацаваў там год, адслужыў у войску і асеў у Віцебску.

Займаецца арганізацыяй канцэртаў, культурніцкіх імпрэз (выставы, краязнаўчыя падарожжы, конкурсы і г.д.), развіццём інтэрнет-прасторы («Народныя навіны Віцебску», «vitebsk4.me», распаўсюдам беларускіх кніг па кнігарнях горада, спрыяннем маладым музыкам, пісьменнікам і мастакам. Кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі партыі «Зялёныя».

Жанаты, дачцы 7 месяцаў.

– Віталь, пасля сканчэння універсітэта вы адмовіліся працаваць у прэстыжным месцы – управе юстыцыі аблвыканкама. Чаму?

– На вуліцы стаяў 2003 год, мне падавалася, што змены ўжо не за гарамі, дэмакратычныя тэндэнцыі вось-вось прыйдуць у Беларусь. Спадзяваўся, што варта пачакаць і не супрацоўнічаць з дзеючымі ўладамі.

Мне, як юрысту, было бачна, як выварочваецца закон па волі высокіх чыноўнікаў. Служыць такой сістэме я лічыў несумяшчальным з маёй маральнай пазіцыяй.

– А калі глядзець з пазіцый сённяшняга дня: пайшлі б працаваць?

– Думаю, так. Дзеля ўсталявання сувязяў і досведу працы ў наменклатуры. Гэта дапамагло б мне лепей разумець унутраныя працэсы ў сістэме.

Але нельга сказаць, што я вельмі шкадую аб той адмове. З часам зразумеў: юрыспрудэнцыя не самая цікавая мне тэма.

Культура цікавіць мяне значна мацней. Хоць часта жартую, што зусім не маю талентаў: на жаль, не ўмею граць на музычных інструментах, не маю голасу, вельмі дрэнна малюю. Але я заўжды імкнуўся дапамагаць дзеячам культуры. Ужо з першага курсу універсітэта пачаў займацца арганізацыяй імпрэз і канцэртаў, спрычыніўся да рэстаўрацыі полацкага рок-клуба.

– Разам з тым, да 2006 года вы былі актыўным удзельнікам палітычных кампаній. Правільна я разумею, што вы адышлі ад палітыкі пасля прэзідэнцкіх выбараў?

– Так. Паколькі мы працавалі на Мілінкевіча (Броўка адказваў за працу з моладдзю ў Віцебскім абласным штабе Мілінкевіча – С.), наша моладзевая ініцыятыва «Новая плынь» вытрымала атаку і вялікі націск з боку спецслужбаў. Многія нашы актывісты той гарачай вясной 2006-га мелі адсідкі (сам Віталь Броўка адседзеў агулам 10 сутак – С.), некаторых выключылі з ВНУ. Пасля сканчэння прэзідэнцкай кампаніі мы вырашылі: «Новая плынь» больш не існуе.

Каэфіцыент эффектыўнасці ў асабіста маіх дзеяннях, як палітычнага актывіста, быў надзвычай нізкім. Любыя нашы ініцыятывы альбо блакаваліся ўладай, альбо не знаходзілі водгуку сярод людзей. Умоваў для палітычнай барацьбы не было. Мне здаецца, мы цвяроза ацанілі сітуацыю і знайшлі іншыя спосабы даносіць да людзей нашы каштоўнасці.

– Якімі дасягненнямі як грамадскі дзеяч вы можаце пахваліцца?

– Лепей узгадваецца апошняе. А апошнія 2-3 гады перадусім звязаны ў мяне з актывізацыяй канцэртнай дзейнасці, пашырэння ўжывання беларускай мовы ў публічнай прасторы Віцебску.

Пакуль мы ад імя прадусарскага цэнтра No logo Promo не пачалі займацца канцэртамі, моладзі ў горадзе фактычна не было куды пайсці. Культурнае жыццё горада замыкалася на «Славянскім базары» і вельмі акадэмічнай дзейнасці філармоніі і музеяў.

Мы стартанулі вельмі актыўна. За першы год прывезлі ў горад Вайцюшкевіча з WZ-Orkiestra, «Палац», «Osimira», двойчы «Стары Ольса» і інш. Затым правялі некалькі фестываляў для маладых віцебскіх гуртоў, зладзілі два тузіны падзей з кампаніяй «Будзьма!». Канцэрты праводзілі і ў сталоўцы, і ў філармоніі, і ў КЗ «Віцебск», і ў амфітэатры.

З часам прадусарскі цэнтр No logo Promo перарос у камерцыйнае прыватнае прадпрыемства «Кастусь-media», дырэктарам якога я з’яўляюся.

– Чаму тады яно называецца «Кастусь»?

– Прадпрыемтсва названа ў гонар Кастуся Каліноўскага. Мы зарабляем на прывозе зорак і пасля робім камерцыйна нецікавыя, але культурна значныя падзеі. Напрыклад, услед за прыездам зорак сучаснай альтэрнатыўнай музыкі Lumen і «Дельфина» мы правялі фестываль для маладых мясцовых гуртоў.

Калі мы займаліся палітыкай, то вымушаны былі бегаць за людзьмі. А цяпер яны масава валяць на нашы імпрэзы, шукаюць нашага таварыства. Мы сталі “агентамі ўплыву” ў моладзевай супольнасці Віцебску. Інфармацыя пра нашы падзеі праходзіць усюль, у тым ліку ў дзяржвыданнях.

Сябраваць з удзельнікамі нашага прадусарскага цэнтру стала надзвычай модна. Напрыклад, «В контакте» у мяне за некалькі месяцаў стала больш двух тысяч сяброў. Гэта стала фішкай – «а я ў сябрах у Броўкі».

– Дык можа ў гэтых складаных умовах ўсёй беларускай апазіцыі па вашым прыкладзе сысці з палітыкі ў шоў-бізнес?

– Гэта ж не алгарытм поспеху (смяецца – С.). Але разам з тым варта выйсці з рэзервацыі, з замкнёнага кола да жывых людзей і рабіць тое, што ім блізка, што ў іх карыстаецца попытам.

– Віталь, ці дапускаеце вы думку, што пры нармальных палітычных умовах, вы скарыстаеце сваю папулярнасць. Напрыклад, для таго, каб стаць дэпутатам?

– Я гэтага не выключаю. Але трэба разумець, што ў мяне зараз не супермедыйная папулярнасць, проста так яна палітычнага поспеху не прынясе.

– Вас можна назваць апанентам улады, вы выступаеце за «беларускую Беларусь». Уявім, што ўлады зрабілі адзінай дзяржаўнай мовай беларускую, а дзяржаўнай сімволікай – «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг. Больш прэтэнзій з вашага боку да іх не будзе?

– Для мяне галоўнай каштоўнасцю з’яўляецца чалавечнасць. Я не магу прыняць тую агрэсію, якой часта характарызуюцца дзеянні ўлад у дачыненні да іншадумцаў (неабавязкова да палітычнай апазіцыі). Прымус быць беларусам, быць бел-чырвона-белым для мяне не будзе асабліва адрознівацца ад прымусовай чырвона-зялёнасці, савецкасці і прарасійскасці. Без усведамлення каштоўнасці кожнай думкі і кожнай творчай ідэі немагчыма збудаваць нацыянальнай Беларусі.

– Чаму вы не з’ехалі вучыцца ў Польшчу пасля адсідак вясной 2006-га? Для маладых беларусаў гэта было звычайнай справай.

– Па-першае, у мяне на той момант ужо была адукацыя. Але самае важнае: я лічу, што поспеху можна дасягнуць і тут.

Мы, дарэчы, арганізуем у Віцебску «Адкрытыя лекцыі» – сустрэчы творчай моладзі з вядомымі і аўтарытэтнымі беларускімі дзеячамі. Даводзім на іх прыкладзе: для таго, каб знайсці шчасце, не абавязкова ехаць за акіян. Толькі ад нас залежыць, якой будзе будучыня гэтага горада і гэтай краіны. Не адчаем, а толькі аптымізмам можам дасягнуць поспеху.

– Віцебск звонку падаецца бунтарскім горадам: у вас і Мірон, і «Бунт», і Каваленка. А як насамрэч?

– На мой погляд, наадварот: Віцебск істотна цішэйшы за астатнія беларускія гарады. Але магчыма у гэтай цішыні, застоі акумулюецца нейкая энергія, якая пасля выбухае яркімі ўчынкамі кшталту вывешвання Сяргеем Каваленкам сцяга на галоўнай елцы горада. Віцебск увогуле слынны не на з’явы, а на асобы, на раптоўныя ўчынкі.

– Віталь, якія ў вас планы на жыццё?

– Спусціцца ў Марыанскі жолаб, зладзіць у Беларусі канцэрт U2 і прысутнічаць пры афіцыйным падняцці бел-чырвона-белага сцяга на парламент краіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)