Общество
Янка Запруднік, «Наша Ніва»

Веліч Мінска, занядбанасць правінцыі, пірамідкі дыктатуры ды вялікі штраф ад уладаў

Мы з жонкай [мінулы раз] наведалі Беларусь у 2013 годзе. Пасьля трох гадоў цікава было зноў пабыць там, пабачыцца са сваякамі, знаёмымі ды паглядзець, што зьмянілася ў самой краіне. Зьбірацца ў далёкую дарогу было крыху страшнавата, але цяга да свайго перамагла страх.

А тут яшчэ падасьпеў выхад у Менску пад маё 90-годзьдзе кнігі Натальлі Гардзіенкі й Лявона Юрэвіча пад загалоўкам «Кантакты: сіла прыцягнення Бацькаўшчыны». Публікацыя напоўнена галоўна лістамі да мяне ў пэрыядзе «халоднай вайны». Дык ужо ніяк нельга было адмовіцца ад запросінаў узяць удзел у прэзэнтацыі гэтай кнігі. Гэтак вось мы з Надзяй правялі ў Беларусі 25 чэрвеньска-ліпеньскіх дзён.

У Мінску

Горад расьце па ўсіх кварталах новымі будынкамі, абнаўляюцца старыя. Першую ноч мы пераначавалі ў гатэлі «Мінск», каб праз гэта (як мы наіўна думалі) запасьціся пячаткай аб нашым прабываньні ў Беларусі.

Тры гады таму мы начавалі гэтым самым гатэлі й ён быў яшчэ тыпова савецкім. Цяпер, пасьля «эўрарамонту», ён выглядае зусім прыстойна. За ноч заплацілі (крэдыткарткай) адзін мільён 883 тысячы рублёў (95 дал.).

Пашырэньне азнаёмленасьці са сталіцай гэтым разам у нас адбывалася галоўна з вакна таксовак. Пабачылі, што горад выразна набывае новыя рысы праз манумэнтальныя будынкі, далейшую разбудову жыльлёвых раёнаў, а таксама праз пашырэньне замежных гандлёвых і кулінарных сувязяў.

Вось загаловак паведамленьня аднаго зь ліпеньскіх нумароў газэты «Наша Нівы»: «Burger King захапіў чыгуначны вакзал, KFC — ГЦ «Сталіцу»: фастфуд заваёўвае Мінск. Адразу два новыя рэстараны хуткага харчавання адкрываюцца ў Мінску. Burger King адкрыў новае памяшканне проста ў зале чакання чыгуначнага вакзала»

Кідаюцца ў вочы на праспэктах і галоўных вуліцах вялікія білборды зь беларускімі тэкстамі. Пабольшала рэклямаў заходніх тавараў і паслугаў.

З гатэлю «Мінск» пасьля першай ночы мы перабраліся ў незаселеную, але добра абсталяваную кватэру ў адным з раёнаў гораду й адтуль рабілі ўсе свае бліжэйшыя й далейшыя выезды.

Гутаркі з таксістамі

Пакарыстацца менскім эстэтычным і спраўным мэтрапалітэнам нам не давялося, бо трэба было ашчаджаць час. А таксовачны сэрвіс у горадзе наладжаны выдатна. Дый сам гаспадар нашай нанятай кватэры — таксіст. Ён і вытлумачыў нам, калі мы ў гутарцы зь ім заўважылі, што менскія таксісты «маўчуны», прычыну гэтай зьявы.

А рэч у тым, што калі сталіца некалькі гадоў таму рыхтавалася да гакейнага міжнароднага чэмпіянату, на таксістаў была «спушчана згары» інструкцыя не ўваходзіць з замежнікамі ў гутаркі на палітычныя, рэлігійныя ды іншыя «далікатыя» тэмы. Таксісты наматалі на вус інструкцыю й трымаюцца яе па сёньняшні дзень.

Найлепшым ключыкам да размоўнай шкатулкі было пытаньне, якое задавала Надзя: «Ці Вы мянчанін?» У адказ на яго карэнны мянчук ці прыбыш з правінцыі выказваўся ахвотна й пачыналася гутарка.

Наша беларуская мова ня была перашкодай і не выклікала адмоўнай рэакцыі, а ў некаторых выпадках і таксіст пераключаўся на яе. Надзя нават дала аднаму пяць даляраў за прыгожую беларускую гаворку.

Дык той, як мы даведаліся, зьдзівіў назаўтра свайго сябру, зь якім звычайна карыстаўся расейскай мовай, загаварыўшы да яго раптам па-беларуску.

Наш побыт у Менску быў шчыльна запоўнены сустрэчамі з афіцыйнымі асобамі й журналістамі. Нашым жаданьнем было паінфармаваць і паінфармавацца аб бягучых культурных справах на Бацькаўшчыне і ў эміграцыі. Гэтак, перад тым як наведаць БДАМЛіМ, мы былі запрошаны на Гарэцкія чытаньні, якія адбываліся ў доме колішняга старшыні Саюзу пісьменьнікаў БССР Пятруся Броўкі.

Чытаньні былі прысьвечаныя клясыку літаратуры Максіму Гарэцкаму, тэатралізаваная нядаўна аповесьць якога «Дзьве душы» выклікала ў грамадзтве вялікую зацікаўленасьць. Я скарыстаў з нагоды перадаць прывітаньне сям’і спадара Радзіма Гарэцкага й аўдыторыі ад імя Вітаўта Кіпеля, дырэктара БІНІМу.

Сем’і Кіпеляў і Гарэцкіх пакутавалі ў 30-х гадах мінулага стагодзьдзя на сібірскім выгнаньні й ад таго часу трымаюць лучнасць. На заканчэчньне свайго кароткага слова я сказаў таксама:

«Усім вам найлепшыя пажаданні ад нас са Злучаных Штатаў, ад беларускай грамады горада Саўт-Рывэру. Там мы молімся ў царкве сьвятой Еўфрасіньні Полацкай. Молімся за ўсіх нас, за нашу будучыню, за Беларусь, да раскопваньня гісторыі якой заклікаў Максім Гарэцкі. Як сказаў тут спадар Генрык Далідовіч, Максім Гарэцкі думаў пра будучыню. Мы ўсе думаем пра будучыню. Спадзяюся, што мы да гэтай будучыні, да лепшай будучыні, дойдзем дзякуючы раскопвальнікам мінуўшчыны».

Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры й мастацтва — установа, дзе перахоўваюцца архіўныя фонды шматвекавой гісторыі Беларусі, у тым ліку гісторыі беларускай дыяспары.

Працягам апошніх двух дзесяцігодзьдзяў там сабрана шмат чаго й да гісторыі паваеннай беларускай эміграцыі. Зьбіраньне апошнім часам актывізавалася, створаны асобны аддзел дыяспарнай дакумэнтацыі, які ачоліла Натальля Гардзіенка, аўтарка некалькіх манаграфіяў пра замежных беларусаў. Супрацоўнічае з БДАМЛіМам і БІНіМ. Мы з Надзяй завезьлі гэтым разам пару экспанатаў да гісторыі нашых фэстываляў і выставак у штаце Нью Джэрзі, а таксама некалькі папак з маімі асабістымі дакумэнтамі, арыгіналамі або копіямі.

Спадарыня Ганна Запартыка, дырэктарка музэю-архіву, запрасіла нас на сустрэчу з працаўнікамі ейнай установы. Гасьціннае спатканьне сталася добрай нагодай для дзелавой гутаркі аб супрацоўніцтве з замежнымі суродзічамі. Рэч у тым, што гісторыя дыяспары складаецца з гісторыі паасобных адзінак, паасобных сем’яў ці невялікіх грамадак. Зь іхнага жыцьця трэба сабраць і захаваць факты — асабістыя й сямейныя архівы (фатаграфіі, лісты, дакумэнты, узнагароды, прафэсійныя дасягненьні й да гэтага падобнае). Усё гэта — каштоўны матэрыял для гісторыкаў. Бяда ў тым, што часта гэты матэрыял недацэньваецца ўласьнікамі дакумэнтаў як гістарыяграфічная база.

Мы былі вельм і ўдзячныя сп-ні Ганьне за сустрэчу. У гасьцявую кнігу я ўпісаўся на памяць: «Шаноўным працаўнікам БДАМЛіМу, будаўнікам фундаманту беларускай гістарычнай навукі з удзячнасьцю за вялікую працу».

Баранавічы — Мір

Абнаўленьне й рост забудоваў далёка не паўсюдная зьява ў краіне. Гэта заўважаеш на правінцыі. У Баранавічах, прыкладам, непадмецены парк красамоўна сьведчыць пра нястачы ў гарадзкім бюджэце.

А яшчэ выразьней пра эканамічныя цяжкасьці краіны сьведчыць немагчымасьць працаздольных людзей знайсьці сабе працу. А шмат якім пэнсіянерам нельга пражыць на пэнсіі нават на мінімальным узроўні.

Мястэчка Мір маецца крыху лепш за Баранавічы дзякуючы свайму маляўнічаму замку, від якога ўпрыгожвае сувэніры, паштоўкі, альбомы ды інш., а таксама прыцягвае масу турыстаў, у тым ліку замежных. Да замкавых апартамэнтаў, кажуць мясцовыя жыхары, цяпер не даступіцца: іх загадзе забраніроўваюць сабе замежныя турысты, найчасьцей расійскія багачы.

За тры прамінулыя гады тут яшчэ адна навізна — перабудавалі стары фундамэнтальны будынак былой габрэйскай грамады, некалі савецкай школы, у гатэльны люкс-комплекс з 36 нумарамі й рэстаранам на 72 месцы. І, зразумела, з разьлікам на валютныя прыбыткі. Пераспалі й мы тут адну ноч ў поўным камфорце.

Жыткавічы

У Жыткавічах, раённым цэнтры, так як і ў Баранавічах, з гарадзкім бюджэтам справы дрэнь, нават адзіную ў горадзе лазьню і тую давялося зачыніць. З працай таксама не разгонішся, трэба шукаць недзе далей. Расьце таксама колькасьць кандыдатаў на працоўнае месца.

Заработкі пару гадоў таму, як сказалі нам, былі пяць мільёнаў рублёў у месяц, а цяпер, калі знойдзеш працу за тры мільёны, дык будзь рады.

На дзяржаву не разьлічвай, бо яна сама ў ападаткоўваньні дайшла да абсурду. Пашыраюцца чуткі пра ападатковаўньне ня толькі хатняе жывёлы, але й фруктовых дрэваў (!!!).

Несамавітым крокам ураду сталася цяпер абкладаньне падаткам так званых дармаедаў, гэта значыць людзей, якія без працы й дзеля гэтага ня плацяць падаткаў. Такіх, улады кажуць, налічваецца больш за 400 тысячаў. Але абклалі падаткамі пакуль што толькі каля 10 тысячаў.

Разам з тым і ў Жыткавічах зьмены да лепшага адбываюцца.

Тут за апошнія некалькі гадоў стараньнямі мясцовага сьвятара а. Генадзя Хаткевіча збудавана цудоўная царква з акустыкай, якой могуць пазайздросьціць шмат большыя сьвятыні. У крамах бытавых тавараў і прадуктаў цяпер спраўна працуе электроннае абслугоўваньне з ужываньнем крэдытных картачак — тое, чаго ня было тры гады таму.

Недалёка ад Турава (дзе яшчэ ёсьць крама, у якой, як за савецкім часам, частка прымітыўных тавараў ляжыць на падлозе) пры італьянскім малочным камбінаце, у якім вырабляюць выдатныя сыры, пасьпяхова працуе харчовы магазын, а тут жа й добры рэстаран. Так што прагрэс не стаіць на месцы.

«Экалягічны турызм» — крыніца валюты

Па цэлай Беларусі, з большымі або меншымі выдаткамі зь дзяржаўнага бюджэту, ідзе разбудоўваньне турыстычнай інфарструктуры. Разьлікі робяцца на рост як на нутранога турызму, гэтак і замежнага. Да ліку такіх мясьцін належыць і Нацыянальны парк «Прыпяцкі», што каля вёскі Ляскавічы Петрыкаўскага раёну. У гэтую багатую прыродай зону запрашаюць замежнікаў, людзей з валютай, на «экалягічны турызм», інакш кажучы — на паляваньне.

Тут да іхных паслугаў працуюць адпаведныя цягнічкі, на якіх можна пракаціцца па лясных сьцежках ды прыстрэліць па дарозе лася, дзіка ці якую іншую жывёліну. Тут у новым будынку месціцца добры рэстаран, гатэль, недалёка ад яго пабуддаваны багаты экспанатамі новенькі музэй мясцовай фаўны й флёры.

Людзі пагаворваюць, што вялікая частка мясцовага багацьця, магутныя дубы, былі пасьпілоўваныя і прададзеныя замежнікам. Ляскавічы сталіся прываблівай мясьцінай для адпачынку на прыродзе. Мясцовыя жыхары таксама маюць магчымасьць наведаць свой прыпяцкі парк, пазабаўляцца зь дзецьмі й праехацца па вадзяных шляхах.

У гэтай жа зоне знаходзіцца й адна з рэзыдэнцыяў прэзыдыэнта Лукашэнкі. З разьлікам на замежнікаў улады паклапаціліся апісаць Жыткавіцкі раён у кнізе-альбоме на дзьвюх мовах, расейскай і ангельскай.

Дзякавічы

Наведалі мы й Надзіну «малую радзіму», цэнтар сельсавету, дзе ў доме культуры праводзіцца мастацкая самадзейнасьць, працуе народны хор, добра ўкамплектавана бібліятэка, наладжаны этнаграфічны музэйчык. Пару гадоў таму Надзя пераслала ў Дзякавічы, разам з кнігай пра беларускія фэстывалі й выстаўкі ў штаце Нью-Джэрзі, свой народны строй, у якім яна брала ўдзел у фэстывалях і выстаўках.

Дзякавіцкі дом культуры наладзіў канцэрт, прысьвечаны сваёй амэрыкнскай зямлячцы. А сёлета запрасіў яе на сустрэчу ў доме культуры.

Сустрэлі зямлячку зь песьнямі. Паказалі даволі прасторны будынак, падзякавалі за атрыманы падарунак — камп'ютар і галосьнікі, вельмі прыдатныя ім для мастацка-музычных праграмаў — пачаставалі гарбаткай, узнагародзілі пахвальнай граматай.

Салігорск

У Салігорск нельга было не заехаць. Там нас чакала сям’я, якая прывозіла ў Амэрыку свайго сынка Ягорку на лячэньне ад раку. Мы ім памагалі транспартам і іншымі паслугамі. Цікава было пабачыцца зь імі, перадаць Ягорку прывітаньне ад саўтрывэрскіх прыхаджанак, якія памятаюць яго й якіх ён памятае. Ну, і самім было цікава пабыць у горадзе, які ведамы сваім параўнальным дабрабытам дзякуючы капіталадайным калійным солям.

Салігорск на фоне іншых беларускіх мясьцін (за выняткам Менску) адразу кідаецца ў вочы сваімі чысьцейшымі вуліцамі, навейшымі аўтамашынамі, акуратнейшымі газонамі й лепш апранутымі жыхарамі.

Сустрэча з нашымі новымі сябрамі прайшла вельмі прыемна за шчодрым сталом. Асабліва радасна было бачыць бадзёрага Ягорку, які пасьпяхова пачаў сваю «кар’еру» школьніка ды за якім блізка йдзе й ягоны брацік Данілка. Дай ім, Божа, здароўя.

Беларуская яда

Мы час-часом закранаем міжсобку або зь сябрамі харчовую тэму: якія прадукты смачнейшыя — амэрыканскія ці беларускія? Гэта, як ведаем, адно зь вечных пытаньняў. Цяпер жа разабрацца ў ім яшчэ цяжэй. А гэта таму, што ў беларускіх крамах зьявілася нямала імпартаваных харчовых вырабаў або вырабленых у Беларусі паводле «імпартаваных» рэцэптаў і тэхналёгіяў.

Дзе тут сваё, а дзе чужое?! Тым ня менш, мушу сказаць, што ў нашым падарожжы мы папрабавалі шмат неперавершаных беларускіх прысмакаў: у Баранавічах — вэнджанай рыбы, у Міры — дранікаў, у Жыткавічах — сырнікаў, у Лістападавічах — галубцоў, у Шасьціснопе — заварных шчупакоў, а ў менскім рэстаране «Васількі» — мачанкі з блінчыкамі.

Ды ўсяго й не пералічыць. Так што калі грошы ёсьць, можна жыць са смакам.

Дзень вышыванкі — замацоўваньне трэнду

У суботу 2 ліпеня, напярэдададні афіцыйнага Дня незалежнасьці, пазбыўшыся нарэшце ўсіх абяцаных спатканьняў і гутарак, мы выбраліся на горад, каб проста пахадзіць па цэнтры сталіцы, і выпадкова трапілі на ўрачыстасьць Дня вышыванкі. Арганізаваная яна была ад імя вышэйшых уладаў, з удзелам міністра культуры, кіраўніка выканкаму гораду й кіраўніка афіцыйнай арганізацыі моладзі (БРСМ — адпаведнік колішняга камсамолу), а таксама з удзелам школьнікаў і абласных дэлегацыяў апранутых у народныя строі.

Сьвята вышыванкі адбывалася на Нямізе каля Палацу спорту. Стаяла цудоўнае надвор’е. Увесь пляц быў застаўлены палаткамі й сталамі з сувэнірамі й народнымі вырабамі. Поўна народу. Бальшыня ў белай вопратцы, упрыгожанай вышыванкамі. Маса моладзі. З галосьнікаў уперамешку зь беларускамоўнымі анонсамі гучэлі беларускія народныя й патрыятычныя песьні. Уздоўж пляцу працавалі ларкі з напіткамі, ядой, марозівам ды рознымі закускамі.

Па праспэкце Пераможцаў прайшоў парад моладзі са сьцягамі й балёнчыкамі, гімнастычных камандаў са сваімі пэрформансамі ды абласных дэлегацыяў у вышываных строях. У знак запачаткваньня традыцыі Дня вышыванкі ўдзельнікі параду несьлі вялікае пано ўпрыгожанае народнымі вузорамі з розных мясьцін Беларусі, якое было прызначана для зьмяшчэньня ў адным з музэяў сталіцы.

Перад пачаткам песеннага канцэрту на пастаўленай на пляцы сцэне афіцыйныя прамоўцы — міністар культуры, старшыня гарвыканкаму й лідар БРСМ — выступілі з прамовамі па-беларуску, у якіх заклікалі паглыбляць азнаямленьне з нацыянальнай культурай, шанаваць і перахоўваць традыцыі продкаў, замацоўваць «духоўную самабытнасьць» (тэрміналягічная падмена паняцьця «нацыянальная сьведамасьць»).

Лыжка дзёгцю: рэгістрацыя—хамства—штраф

Візу нам выдалі ў кансуляце РБ у Нью Ёрку на 30-дзённае прабываньне ў Беларусі. Але мець візу — гэта яшчэ ня значыць, што ты можаш бяз клопату езьдзіць ад сваяка да сваяка й ня думаць пра нейкія іншыя фармальнасьці. О, не!

Ужо на сёмы дзень, нічога ня ведаючы пра гэта, мы сталіся парушальнікамі закону аб рэгістрацыі. І несамавіта тое, што калі я чытаў сайт беларускага кансуляту ў Нью Ёрку пра атрыманьне візы й умовы ўезду ў Беларусь, там ні словам ня згадвалася патрэба рэгістрацыі.

Пра рэгістрацыю мы спозьнена даведаліся ўжо ў Беларусі ад кіраўніцтва ЗБС «Бацькаўшчына». Нас папярэдзілі, што пры выезьдзе з краіны, калі ня будзеш мець рэгістрацыйнай пячаткі, цябе могуць затрымаць і абкласьці вялікім штрафам. А мы думалі, што нам хопіць пячатак з трох гатэляў, у якіх начавалі ў Менску, Баранавічах і Міры. Ажно не! Так што давялося йсьці разам з гаспадаром нашай менскай кватэры ў паліцыйную кантору. Вось там і чакала нас лыжка дзёгцю.

Заходзім у пакой. Маладзіца ў пагонах, глянуўшы на Надзін пашпарт, адрузу ж выбухнула: «Вы были в Житковичах… Не зарегистрировались… Вы нарушили закон… Уходите!..

Надзя:

— «Ухадзіце» куды?

— В коридор!

Я, абураны крыкам маладзіцы, кажу:

— Мы хочам пагаварыць з вашым начальнікам.

Яна:

— Начальник на заседании.

Надзя:

— Я — старэйшая жанчына і вы не павінны гаварыць са мной такім тонам…

На маю заўвагу на самым пачатку гутаркі, што мы нічога ня ведалі пра закон аб рэгістрацыі, яна адсекла:

— Надо читать!

— Чытаць што — кодэкс Рэспублікі Беларусь? Ваш консульскі сайт Нью-Ёрку я прачытаў, калі падаваў заяву на візу. Там пра рэгістрацыю — ні слова.

Выявілася таксама, што нам трэба мець з сабой пасьведчаньне аб мэдычнай страхоўцы (якое цяпер перад ад’ездам трэба набываць ад амэрыканскай кампаніі). А мы яго пры сабе ня мелі. Нашы пашпарты затрымалі й сказалі зьявіцца назаўтра раніцай.

Зьявіліся. Пасьля чаканьня ў калідоры нас паклікалі да вышэйшай улады ў суседні з нэрвознай маладзіцай пакой. Там сядзеў маўклівы падпалкоўнік. Ён доўга ўводзіў у кампютар дадзеныя з нашых пашпартоў і складаў пратакол. Зь яго мы пасьля даведаліся, што парушылі «часть третью статьи 39 закона Республики Беларусь от 4 января 2010 г. №105-3 «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь»».

Амаль гадзіннае чаканьне на афармленьне пратаколу скончылася тым, што нас з Надзяй аштрафавалі па 20 даляраў ад асобы, а гаспадара кватэры — штрафам у 50 даляраў. Штрафы трэба было заплаціць (ізноў чарга!) у банку.

Едучы рэгістравацца на другі дзень, я прыхапіў з сабой сьвежа выдадзеную да майго 90-годзьдзя кніжку «Кантакты». А гэта на выпадак, падумаў я, калі б абставіны дазвалялі падарыць яе падпалкоўніку. Ён здаўся нам чалавекам памяркоўным, які спакойна выконваў свой чыноўніцкі абавязак. Кніжкі я не падпісваў, але, прадбачваючы штраф, напісаў на лістку пару слоў і паклаў лісток каля задняй вокладкі.

На лістку напісаў: «На памяць ад 90-гадовага амэрыканскага турыста, з пэнсіі якога быў папоўнены бюджэт РБ (штраф за няведаньне закону аб рэгістрацыі). — Менск, 1 ліпеня 2016 г. — Янка Запруднік».

Пасьля ўсяе працэдуры, калі Надзя папыталася ў спадара падпалкоўніка, ці мы маглі б пакінуць яму сувэнір, ён адразу ж катэгарычна адмовіўся, але, калі яна ўдакладніла, што гэта кніжка, з ахвотай прыняў яе. Ён як бы адпружыўся ўвесь, стаўся даступным на спакойную гутарку, зазначыў нават, што законаў прыймаецца шмат і ня ўсе людзі азнаёмлены зь імі.

Разьвітаўшыся, мы пайшлі назад да маладзіцы па пашпарты, радыя, што скончылася нарэшце ўся гэтая прыкрая валакіта. Сказалі нават ёй, што запрашаем да сябе ў госьці. Таксама запрапанавалі ёй сувэнір у форме кніжкі (без подпісу) пра нашы фэстывалі й выстаўкі ў Амэрыцы. Маладзіца ў пагонах выявілася, як і ейны начальнік, нармальнай асобай, здольнай на ўсьмешку й часінку прыватнай гутаркі.

Усё вышэй сказанае ўздымае — каторы раз ужо! — пытаньне вытокаў нэрвознай шорсткасьці й хамства збоку ўрадаўцаў у дачыненьні да просьбітаў.

Надзея Мэндэльштам, жонка ведамага расейскага паэта Восіпа Мэндэльштама, ва ўспамінах пра свайго мужа, ахвяры сталінскага тэрору, пранікліва спасьцерагла, што піраміда дыктатуры складаецца ўся зь меншых пірамідаў і маленькіх пірамідак.

Бліскучая мэтафара! У гэтых пірамідах і пірамідках — гіерархічных канструкцыях, у якіх размножыўся й замацаваўся расейскі мат разам зь ідэяй «едиовластия» (дыктатуры) — прадстаўнік улады, падпарадкаваны дыктатарскаму верху, прагне адчуваць сваё «едиовластие» над нізавым чыноўнікам або просьбітам. Гэтак ва ўладных пірамідах розных узроняў бюракрат у бясьсільлі перад верхам адчувае сваю «сілу» над нізавой ахвярай «едиовластия». І калі хамства дапушчаецца на самым версе піраміды, дык яно заканамерна пашыраецца на ўсе ўзроўні канструкцыі.

У шуканьні адказаў на пытаньне аб вытоках гэтай заганнай грамадзкай хваробы чуюцца й іншыя тлумачэньні. Прыкладам: Ну, чаго вы хочаце ад чалавека, над якім злое начальства, заробкавая стаўка якога мізэрная, які жыве ў цеснай кватэры, ня можа дазволіць сабе й дзецям нармальнага харчаваньня. Ці ж трэба дзівіцца, што ён на працы нэрвозны й злы? Аргумэнт, бясспэчна, мае нейкі грунт пад сабою. І ўсё ж…

Якія б там ні былі прычыны хамства афіцыйных асобаў, у інтарэсах краіны, якая разбудоўвае турыстычную інфраструктуру ў разьліку на прыбыткі ад замежнага турызму, чыноўніцкі этыкет павінен быць адным з прыярытэтаў адпаведных органаў улады. Каб традыцыйная гасьціннасьць народу была навідавоку, каб пашыраная фраза «Беларусь — гэта Эўропа» пацьвярджалася як мага больш эўрапейскім зьместам.

ЗБС «Бацькаўшчына» — рост ролі

Нельга было, быўшы ў Менску, не заглянуць і павітацца з працаўнікамі Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», пагатоў, што мы ня былі яшчэ ў іхным зьмененым памешканьні. Заснаванае чвэрць веку таму, згуртаваньне выявіла сваю важнасьць ужо тым, што праіснавала без ніякай дапамогі з боку дзяржавы (за выняткам самога пачатку існаваньня). Апошнімі гадамі «Бацькаўшчына» праводзіць сваю шматбаковую патрыятычна-культурную дзейнасьць на энтузіязьме кіраўніцтва арганізацыі: Алены Макоўскай і Ніны Шыдлоўскай ды невялікага кола грамадзкіх актывістаў..

Падняўшыся ў цесным ліфце на дзявяты (апошні) паверх будынку на вул. Чорнага 31, мы жахнуліся ад цеснаты, у якой тут у некалькіх пакоях працацуюць кіраўнікі й чальцы «Бацькаўшчыны», Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, праграмы «Будзьма» ды іншых грамадзкіх праектаў. Аж шкада стала гэтых людзей ў такіх несамавітых абставінах працы. Ім належыцца ня толькі спачуваньне й падзяка, але найперш фінансавая дапамога дзеля матэрыяльнага аблягчэньня. Дый маральнага таксама.

Трэба спадзявацца, што дзяржава зразумее нарэшце адну карысную для яе дэмаграфічна-эканамічную дынаміку: цяпер, калі колькасьць замежных беларусаў на Захадзе значна вырасла й далей расьце, гэтак жа расьце й патэнцыял «Бацькаўшчыны» ўплываць на павялічэнчьне замежнага турызму ў Беларусь, у чым урад рэспублікі вельмі зацікаўлены.

Прэзэнтацыя «Кантактаў»: зваротная любоў

Кніга «КАНТАКТЫ: сіла прыцягнення Бацькаўшчыны (Да 90-годздзя Янкі Запрудніка») выйшла з друку ў сэрыі «Кнігазбор» пад нумарам 30 у сэрыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны». Прэзэнтацыя яе адбылася 28 чэрвеня ў перапоўненай слухачамі залі Пушкінскай бібліятэкі. Кіраўніцтва ЗБС «Бацькаўшчына» папрацавала вельмі эфэктыўна. Такога наплыву зацікаўленых мы з Надзяй не спадзяваліся. Якая радасьць сустрэчы! Гэтулькі сваякоў, сяброў, знаёмых і незнаёмых, у тым ліку студэнцкай моладзі, зь мікрафонамі й фотаапаратамі: вітаньні-віншаваньні, прамовы, аўтографы…

Усё гэта незапярэчна засьведчыла, што Бацькаўшчына, калі любіш яе й застаешся на ейнай арбіце, вяртае тваю любоў памножанай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)