Общество
Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё

"Ваша лато" “кінула” сельскую школу

Шасцікласніца Валя Далідзёнак з вёскі Запруддзе, што у Глыбокскім раёне, праграму "Ваша лато" глядзела штотыдзень. І штотыдзень бачыла, як падчас акцыі "Ваша лато" — дзецям" то адна, то другая школа атрымлівае падарункі.

У сакавіку Валя даслала на праграму ліст з расповедам пра сваю Запрудскую базавую школу. Ліст пісаць дапамагалі мама і старэйшая сястра.

Напісалі цікава, сардэчна, ды яшчэ і фотаздымкаў дадалі. Адказу не дачакаліся, і на ліст амаль забыліся. Вырашылі, што згубіўся.

А 9 чэрвеня у прамым эфіры пра-грамы "Ваша лато" ліст Валі Далідзёнак выйграў тры мільёны рублёў!

Дзяўчынка ужо ўяўляла, як "Ваша лато" прывязе падарункі ў яе школу. Але калі дырэктар школы Тамара Мацвеева патэлефанавала ў Мінск, ёй сказалі, што школа… нічога не атрымае.

Маўляў, былі б вы прытулкам, спецыялізаваным інтэрнатам ці спартовай школай, атрымалі б выйгрыш безумоўна! А звычайным сельскім школам "Ваша лато" не дапамагае.

Дарэчы, Запрудская базавая школа не зусім і звычайная. Так, селская, небагатая. Але ж па выніках навучальнага года у раёне сярод базавых школ — першая.

І са спортам тут усё, як мае быць. Дзейнічаюць секцыі мастацкай гімнастыкі, грэка-рымскай барацьбы. Ёсць і свае спартовыя зорачкі. У верасні навучальная ўстанова адзначыць 50-годдзе.

За школу і шасцікласніцу Валю крыўдна было ўсім — настаўнікам, бацькам, жыхарам вёскі. Пра тое, як "Ваша лато" падманула сельскую школу, гаманіла ўся Глыбоччына. Валіна маці, Ірына Міхайлаўна, прпанавала арганізатарам латэрэі кампраміс: аддаць выйгрыш Глыбоцкай ДЗЮСШ. Але гэтая ідэя ім чамусьці не спадабалася.

Валю Далідзёнак запрасілі на тэлебачанне, дзе дзяўчынка ўручыла сертыфікат на тры мільёны… дырэктару адной з віцебскіх спартовых школ.

Як расказала Ірына Далідзёнак, з гэтым дырэктарам яна "па-джэнтльменскі" дамовілася, што калі віцебская школа атрымае грошы ці падарункі, з Запрудскай яна чым-небудзь падзеліцца. Хаця б тым спартовым інвентаром, што быў у карыстанні.

Што атрымаецца з гэтай дамоўленасці — пакуль невядома.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)