Политика
Сяргей Будкін, ”Радыё Рацыя”

Вардамацкі і Раманчук запрошаны ў дзяржаўныя іміджмэйкеры

Незалежных экспертаў упершыню запрасілі ў працоўную групу, створаную ўрадам. Прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі падпісаў распараджэнне “Аб стварэнні міжведамаснай працоўнай групы для выпрацоўкі дзеянняў па развіццю маркетынга краіны”.

Кіраўніком прызначаны намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Еўдачэнка, акром прадстаўнікоў іншых беларускіх міністэрстваў у яе ўвайшлі некалькі незалежных экспэртаў. Сярод іх — дырэктар даследчай лабараторыі “Новак” Андрэй Вардамацкі і кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук.

— Гэта прапанова да супрацоўніцтва з боку ўраду і паразуменне рэаліяў, - сказаў Андрэй Вардамацкі ў інтэрвію "Радыё Рацыя". — Улады разумеюць, што імідж краіны за яе межамі вельмі дрэнны і каб яго палепшыць трэба выкарыстоўваюць у тым ліку і патэнцыял незалежных экспертаў.

Пры гэтым адзін з самых аўтарытэтных беларускіх сацыёлагаў зазначыў, што пакуль ёсць толькі прапанова паўдзельнічаць у абмеркаванні: “Пакуль невядома ці будуць нас слухаць, альбо гэта ўсё робіцца дзеля птушкі”.

Іншы сябра працоўнай групы Яраслаў Раманчук выказаў спадзяванне, што дзяржаўныя чыноўнікі здолеюць прыняць іншы пункт гледжання. “Мы будзем весьці сябе ў рэжыме празрыстасці, аніякіх калуарных пагадненняў не будзе. Размову варта весці не толькі пра тое, як болей інвестыцый прыцягнуць. Імідж краіны гэта яшчэ і палітычныя свабоды, правы чалавека, магчымасць працаваць у нормах і стандартах Еўрасаюзу”, - сказаў "Радыё Рацыя" эканаміст, які па сумяшчальніцтву займае пасаду намесніка кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Першае паседжанне працоўнай групы мае адбыцца да 1 лютага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)