Вайсковы экспэрт: «Гэтая ўлада ніколі ня дасьць людзям у рукі зброі»

Беларускі вайсковы экспэрт Ягор Лебядок аналізуе для Радыё Свабода, што адбываецца з тэрытарыяльнай абаронай, адказвае на пытаньне, каму Лукашэнка гатовы даць зброю, і тлумачыць, чаму сілавікі прапанавалі заводзіць крымінальныя справы на прызыўнікоў, якія зьехалі за мяжу.

— Нядаўна Аляксандар Лукашэнка правёў нараду аб дзейнасьці вайскова-прамысловага комплексу і зрабіў шэраг заяваў, у тым ліку, што трэба, каб усе беларусы мелі стралковую зброю, асабліва чыноўнікі.

Ня першы раз Лукашэнка выказваецца ў такім рэчышчы. Ці гэта робіцца выключна дзеля прапагандысцкага эфэкту, ці за гэтым стаіць нейкі рэальны плян дзеяньняў?

— Сустрэча наконт стану ВПК была плянавай, бо чыноўнікам трэба ж зразумець, як ВПК працаваць ва ўмовах санкцыяў, якія ўжо пачынаюць уплываць на стан гэтай галіны.

Але ж кіраўніцтва ня можа публічна прызнаваць, што вайскова-прамысловы комплекс Беларусі страціць рынкі і грошы. Таму і ўзьнікла тэма, што мы пачнём вырабляць нашу ўласную зброю, каб кожнай сям’і выдаць аўтамат, як выказаўся Лукашэнка.

Але зразумела, што размова не ідзе пра ўсё насельніцтва. Там гаварылася пра тэрытарыяльныя войскі. Тэрытарыяльную абарону ў нас разьвіваюць даволі даўно, пачалі ў 2001 годзе, калі прынялі адпаведнае палажэньне. Чаму цяпер Лукашэнка зноў зьвярнуўся да гэтай тэмы? Думаю, выклікана гэта дзьвюма прычынамі.

Па-першае, цяпер адбываецца зьмена заканадаўства аб ваенным становішчы, надзвычайным становішчы. Ускосна гэтыя зьмены тычацца і тэрытарыяльных войскаў, якія прыцягваюцца да забесьпячэньня ваеннага становішча. А славуты дэкрэт № 2 якраз і прадугледжвае ўвядзеньне ваеннага становішча ў выпадку гвалтоўнай сьмерці кіраўніка дзяржавы.

— Традыцыйна ўсе гэтыя ранейшыя выказваньні пра тэрытарыяльную абарону ўспрымаліся як рэакцыя на нейкую «замежную» пагрозу. Але цяпер, у 2021 годзе, гэта многім бачыцца менавіта як рэакцыя на ўнутрыпалітычную сытуацыю...

—Так, задачы тэрытарыяльнай абароны — гэта ў тым ліку і забесьпячэньне ваеннага становішча. А гэта і спыненьне «масавых беспарадкаў», і надгляд людзей, у іх ёсьць функцыі аховы аб’ектаў (як ва ўнутраных войскаў).

Таму другі чыньнік — гэта перафарматаваньне тэрытарыяльных войскаў падчас «масавых беспарадкаў».

— А каго будуць мабілізаваць у гэтыя тэрытарыяльныя войскі ў час Ч? Вайсковаабавязаных, якія ўжо адслужылі? Той жа кантынгент, які час ад часу прызываюць на зборы?

—Так, частка з гэтых вайсковаабавязаных прыпісаная да тэрытарыяльных войскаў. Памятаеце, у жніўні 2020 году ўсе пыталіся, на якіх юрыдычных падставах вайскоўцы прыцягваліся да падзеяў на вуліцах беларускіх гарадоў?

Потым даведаліся, што ёсьць сакрэтны ўказ пра «дзяржаўную сыстэму рэагаваньня на тэрарызм і масавыя беспарадкі». Як мне здаецца, сёньня ідзе прапрацоўка магчымасьці прыцягваць тэрытарыяльныя войскі для такіх выпадкаў.

Хутчэй за ўсё, тэрытарыяльныя войскі будуць прыцягвацца да аховы нейкіх аб’ектаў, а МУС будзе займацца непасрэдна разгонам акцыяў.

Зразумела, якія праблемы тут могуць паўстаць. Гэта ж не заежджы ў горад АМАП, а мясцовыя людзі. То бок будуць стаяць сусед супраць суседа, толькі адзін зь іх — з аўтаматам. Гэта вельмі павялічвае рызыку грамадзянскай вайны.

Памятаеце, увосень 2020-га ўлады спрабавалі стварыць «народныя дружыны» для аховы парадку, але не змаглі іх укамплектаваць, не знайшлося ахвотных ісьці на гэта?

Дык чаго чакаць ад звычайных людзей, што ім раздасі аўтаматы і яны пачнуць страляць па сваіх? Ды не. Таму ўлады будуць імкнуцца адбіраць толькі тых, хто супэрляяльны.

Памятаеце, Лукашэнка казаў, што падчас жнівеньскіх пратэстаў прыцягваліся нават тыя, хто былі ў запасе ўнутраных войскаў. Таму зараз, я мяркую, будзе спроба сфармаваць гэтыя часткі тэрытарыяльнай абароны з самых ляяльных запасьнікоў.

— А што наконт заяваў Лукашэнкі ледзь ня кожнаму раздаць стралковую зброю?

— Ніякага дачыненьня да абароны краіны гэта ня мае...

— Я пра іншае. Пра тое, што многія прыхільнікі легальнага валоданьня грамадзянамі зброі (як у Швайцарыі ці ЗША, дзе зброя ёсьць амаль у кожнага) лічаць, што калі б грамадзяне легальна валодалі зброяй, то гэта была б зусім іншая сытуацыя ў краіне, у тым ліку падчас масавых пратэстаў.

— Ёсьць у нас такі часопіс «Наука и военная безопасность». Там тыя, хто займаецца тэрытарыяльнай абаронай, зьвярталі ўвагу, што калі тэрытарыяльная абарона складаецца з добраахвотнікаў, то гэта будзе больш эфэктыўна.

І ёсьць краіны (дзяржавы Балтыі, тая ж Швайцарыя), дзе тэрытарыяльная абарона — гэта добраахвотнікі, якія маюць зброю дома і гатовыя ў любы момант выступіць на абарону краіны.

У нас, зразумела, гэты рэжым ніколі ня дасьць зброі ў рукі людзям. Бо пакуль што адзін сілавік з аўтаматам можа разагнаць сотні людзей. А што будзе, калі кожны з пратэстоўцаў будзе легальна мець уласную зброю?

Улада гэта зразумела даўно, і ніякіх добраахвотных узброеных фармаваньняў у Беларусі ня можа быць. Ніякіх «ЧПК» (прыватных вайсковых кампаній) тут ня зьявіцца. І зразумела, што ніякай зброі ўлада не раздасьць народу. Бо ўзброены народ — гэта пагроза ўладзе.

— Днямі зьявілася навіна, што сілавікі могуць заводзіць крымінальныя справы супраць тых прызыўнікоў, якія знаходзяцца за мяжой і там пазьбягаюць прызыву ў войска. Гэта настолькі кепскія справы з прызывам ці проста чарговае нагнятаньне страху?

— Сапраўды, ёсьць вялікія праблемы з прызывам у войска. Маладых не хапае, людзі эмігруюць, зьяжджаюць. Па-другое, гэта вядома, пужалка для моладзі. Але, здаецца, тыя маладыя, якія зьяжджаюць зь Беларусі на працу, вучобу, яны, на жаль, амаль ніхто ўжо не вяртаецца. Так што на іх гэтая пужалка наўрад ці неяк паўплывае.

У Беларусі цяпер даволі вялікая дэмаграфічная «дзірка», моладзі нестае і праблемы з прызывам ёсьць. Служыць тэрміновую службу ў войску добраахвотна мала хто хоча, у нас няма сацыялёгіі наконт прэстыжу вайсковай службы.

А як рэальна зьмянілася стаўленьне моладзі да сілавых структураў, можна будзе ўскосна зразумець па тым, колькі будзе ахвотных паступіць у Вайсковую акадэмію ці Акадэмію МУС.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:26)