Вайсковы аглядальнік: «У вайсковай сфэры ўсё праходзіць, як трэба расейцам»
У Беларусі і сьвеце расьце занепакоенасьць маштабнымі вайсковымі вучэньнямі расейскіх і беларускіх узброеных сілаў на тэрыторыі Беларусі пад назвай «Захад-2017».
Для ўдзелу ў манэўрах у Беларусь перакінуць вялікую колькасьць расейскіх войскаў. Гэтую выснову зрабілі на падставе дадзеных пра вагоны, замоўленыя Мінабароны Расеі ў расейскай чыгункі. Зьвесткі былі ўзятыя з адкрытых крыніц: на 2017 год для перавозкі войскаў і вайсковых грузаў па Беларусі расейцы замовілі ажно 4162 чыгуначныя вагоны, між тым на ўвесь 2016 год аналягічным парадкам замаўлялася толькі 50 вагонаў.
Грибаускайте: «Учения «Запад-2017» – демонстрация подготовки к войне»
Амаль два месяцы Мінабароны Расеі не адказвала на афіцыйны запыт журналістаў, навошта спатрэбілася столькі вагонаў.
«Абʼём вайсковых чыгуначных перавозак 2017 году параўнальны з абʼёмам перавозак падчас праведзеных на тэрыторыі Беларусі вучэньняў папярэдніх гадоў: «Захад-2009» — больш за 6 тысяч вагонаў, «Захад-2013» — амаль 2,5 тысячы вагонаў», — адказала ўрэшце Мінабароны РФ.
Ведамства ўдакладніла, што замоўленыя «каля 4000 вагонаў» — перавозкі ў абодва бакі: 2000 вагонаў ідуць у раён правядзеньня вучэньняў, 2000 — у адваротны бок.
Чакаюцца 2 расейскія брыгады — 8 тысяч вайскоўцаў
Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін падлічыў, што 4 тысячы вагонаў з разьліку па 2 тысячы туды і назад — гэта якраз хопіць, каб перавезьці ў Беларусь і потым адправіць дамоў 2 брыгады расейскіх вайскоўцаў.
— Гэта прыкладна 8 тысяч вайскоўцаў і 150 танкаў, колькасьць танкаў можа нязначна адрозьнівацца ў залежнасьці ад таго, якія будуць брыгады. Якраз такая колькасьць вагонаў, прыкладна 2 тысячы, патрэбная, каб перавозіць такі кантынгент. Расейцам вельмі важна адпрацаваць менавіта перавозку даволі вялікіх вайсковых групаў, бо гэта заўсёды складана. Акрамя ўдзелу непасрэдна ў манэўрах — транспартны складнік ім таксама вельмі важны, улічваючы сёньняшні момант — тое, што на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу зьявіліся дадатковыя войскі НАТО, — кажа Аляксандар Алесін.
— Апошнім часам у Беларусі гучаць апасеньні, што расейскія войскі, як прыедуць сюды на манэўры, дык ужо ня вернуцца, а застануцца ў Беларусі для забесьпячэньня інтарэсаў Расеі. Такі сцэнар вам падаецца магчымым?
— Я ў гэта ня веру. Найперш, няма юрыдычных падстаў. Ніводнага дакумэнту, які б дазваляў знаходжаньне тут на трывалай аснове расейскіх вайскоўцаў са зброяй, проста няма.
Заўважу, што, нягледзячы на самыя цесныя саюзьніцкія адносіны паміж намі, яны ўсё ж рэгулююцца міжнароднымі дамовамі, якія прызнаныя ў сьвеце. Расейцам дазволена знаходжаньне тут толькі на ратацыйнай і часовай аснове. Вось прыедуць сюды, і праз, па-мойму, два месяцы мусяць зьехаць або замяніцца. Інакш іх знаходжаньне тут будзе незаконным, нам можна скардзіцца ў ААН, абвяшчаць гэта агрэсіяй і гэтак далей. Але сёньня расейцам непатрэбна нарывацца на нэгатыўную грамадзкую думку ў сьвеце, якая і без таго пасьля падзей ва Ўкраіне не на іх баку.
Другое: а навошта ім тут заставацца? Што яны выйграюць ад таго, што пакінуць тут 8 тысяч вайскоўцаў, якіх яшчэ трэба карміць, трэба даць ім жытло і гэтак далей? Каб пагражаць НАТО? Дык у іх для гэтага ёсьць Калінінград, а такі крок толькі ўзмоцніць напружанасьць з НАТО. Хаця расейцы цяпер сапраўды даволі сьмелыя на словах, але Ўладзімер Пуцін яўна хоча, каб з Расеі зьнялі санкцыі, каб расейская эканоміка і бізнэс атрымалі доступ да міжнародных крэдытаў, тэхналёгіяў, да патрэбных ім тавараў.
Расея яўна хоча перазагрузкі адносін з Захадам, найперш з ЗША, тым больш цяпер, калі там абралі прэзыдэнтам Трампа і для гэтага адкрыліся некаторыя магчымасьці. Таму Расеі самой нявыгадна абвастраць сытуацыю ў нашым рэгіёне, і на такі крок, як пакіданьне тут войскаў бяз згоды Беларусі, яны ня пойдуць. А Беларусь на гэта згоды ня дасьць. Мы бачым, што нават на авіяцыйную базу наша кіраўніцтва не пагадзілася.
І, нарэшце трэці аргумэнт супроць такой вэрсіі. Аляксандар Лукашэнка як вайсковы саюзьнік Маскву пакуль цалкам задавальняе. Пакуль ён ад ніводнай літары міжнародных пагадненьняў з Расеяй у вайсковай галіне не адмаўляецца. І на гэтыя манэўры ён анансаваў запрашэньне расейцам, як рабіў і на былыя. Плянуюцца і іншыя сумесныя манэўры, у тым ліку вайскова-дэсантныя.
Карацей, няма падстаў для Расеі непакоіцца адносна вайсковай галіны. Так, ёсьць пэўны канфлікт у палітычнай галіне, ёсьць праблемы ў эканамічным супрацоўніцтве, але ў вайсковай сфэры ўсё праходзіць, як трэба расейцам.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное