Общество
Анастасія ЗЕЛЯНКОВА

Вайна пасля вайны

Захоп Навагрудка, замах на Хрушчова, вызваленне палітвязняў — усё гэта невядомыя старонкі беларускага антысавецкага супраціву. Пасля другой сусветнай вайны нашы суайчыннікі яшчэ больш за дзесяцігоддзе са зброяй у руках змагаліся за сваю свабоду супраць савецкай улады.

Доўгі час лічылася, што ў 1944 годзе беларускія партызаны павыходзілі са сваіх лясных сховішчаў і пачалі разам з мірным насельніцтвам будаваць светлую сацыялістычную будучыню. Насамрэч, усё было далёка не так. Кніга Сяргея Ярша і Сяржука Горбіка “Беларускі супраціў”, якая нядаўна выйшла на Украіне, расказвае пра партызанскую барацьбу, што разгарнулася

пасля перамогі над фашызмам. Пра размах гэтай барацьбы, яе супярэчнасці і вынікі “Салідарнасці” распавёў адзін з аўтараў кнігі, беларускі гісторык Сяргей Ёрш.

“Чорны кот”

Многія дакументы, якія тычацца гэтай старонкі нашай гісторыі, засакрэчаныя дагэтуль. Афіцыйная гістарыяграфія сцвярджае, што калі на Беларусі і быў нейкі пасляваенны беларускі супраціў, то насіў ён стыхійны характар і параўнаць яго па маштабах з украінскім або літоўскім проста немагчыма.

— У сваёй кнізе мы даводзім, што сярод той масы стыхійных атрадаў і груп, якія ваявалі супраць савецкай улады альбо проста хаваліся, была арганізацыя, што кіравала беларускім узброеным рухам, — адзначае Сяргей Ёрш. — Узначальваў яе маёр Міхал Вітушка. Менавіта гэты чалавек з’яўляўся кіраўніком беларускага супраціву з 1945 па 1959 год.

Падпольная вайсковая арганізацыя Вітушкі “Чорны кот” была створана яшчэ пры немцах у 1944-м і налічвала каля 3-3,5 тысяч чалавек. Так здарылася, што менавіта немцы перад сваім адыходам дапамаглі беларусам падрыхтавацца да антысавецкай барацьбы. Іншых варыянтаў не было — каб арганізаваць шырокі вызвольны рух, патрабаваліся рэсурсы, якіх беларускія нацыяналісты не мелі.

У верасні 1945 года ў Белавежскай пушчы прайшла канферэнцыя, на якую з’ехаліся некалькі дзесяткаў партызанскіх камандзіраў. Вырашалася пытанне: што рабіць далей? Альбо трэба было сыходзіць на Захад, альбо далей са зброяй змагацца за сваю незалежнасць. Вітушка настаяў на тым, каб працягваць барацьбу і чакаць новай вайны — паміж Саветамі і Захадам.

У той час антысавецкія настроі сярод насельніцтва былі вельмі моцныя. У некаторых раёнах людзі ледзь не цэлымі вёскамі хавалі зброю, чакаючы зручнага моманту. Калі б гэтая вайна сапраўды пачалася, успыхнулі б і масавыя паўстанні. На гэта Вітушкам рабілася асноўная стаўка. Як вядома, спадзяванні аказаліся марнымі.

— Тое, што шэрагі арганізацыі амаль не былі папоўненыя новымі людзьмі, дазволіла Вітушку захаваць яе яшчэ вельмі доўга, — сведчыць Сяргей Ёрш. — Дзякуючы выдатнай канспірацыі большасць падпольных структур так і не былі выкрыты савецкімі спецслужбамі. А вось частку партызанскіх аддзелаў МГБ здолела ліквідаваць.

Партызанскія атрады Вітушкі падзяляліся на тры часткі. У паўночнай Беларусі імі кіраваў былы афіцэр Чырвонай Арміі Пятро Гаевіч (псеўданім). Атрадамі на Палессі (у тым ліку і ўкраінскімі-бульбаўцаў) камандаваў Георгі Луцкевіч (мянушка “Сыч”) — былы лейтэнант баранавіцкага СД. У цэнтральнай Беларусі партызанскімі атрадамі кіраваў афіцэр, вядомы па мянушцы “Дуб”. У камандным складзе арганізацыі было шмат былых афіцэраў Чырвонай Арміі — беларусаў па нацыянальнасці.

Доўгі час МГБ спрабавала знайсці на Беларусі кіруючы орган “Чорнага Ката”. Але марна. Cправа ў тым, што яго тут не было — ад пачатку штаб знаходзіўся пад Варшавай, у Польшчы. Сувязь з атрадамі і падпольнымі групамі трымалася па рацыях, радзей — праз кур’ераў. Выпадкаў здрады фактычна не было. З аднаго боку, сярод партызанаў вялася патрыятычна-выхаваўчая праца, з іншага — вельмі паспяхова працавала контрразведка.

І ўсё ж у 1948 годзе ў выніку шырокамаштабнай зачысткі МГБ здолела-такі нанесці сур’ёзны ўдар па партызанскіх фармаваннях арганізацыі. Былі практычна знішчаны атрады Сыча, якія дзейнічалі на Палессі і складаліся з беларусаў і ўкраінцаў. У акружэнні некалькі дзён адбівалі атакі атрады Гаевіча, а пасля пайшлі на прарыў, падчас якога і былі знішчаны. Партызанскія групы «Беларусь — Цэнтр» перабазіраваліся ў бок Белавежскай пушчы. Менавіта там да пачатку 50-х гадоў існаваў арганізаваны асяродак беларускага партызанскага руху.

Апошнім партызанскім атрадам арганізацыі Вітушкі, што змагаўся супраць савецкай ўлады на тэрыторыі БССР, быў атрад Яўгена Жыхара. Ён дзейнічаў на Віцебшчыне ажно да канца 1954 года. Вельмі доўга чэкісты не маглі яго выкрыць, бо партызаны мелі масавую падтрымку сярод насельніцтва: ім дапамагалі, паведамлялі звесткі пра перамяшчэнне міліцыі і войскаў МГБ, хавалі ад пераследу. Жыхару нават дапамагалі некалькі афіцэраў савецкага войска.

— Тое самае можна казаць і пра некаторыя іншыя атрады, — заўважае гісторык. — Канешне, большая частка атрадаў Вітушкі былі настолькі заканспіраваныя, што не кантактавалі з мясцовым насельніцтвам. Другія ж актыўна супрацоўнічалі, мелі сваіх сувязных. Я знайшоў аднаго такога сувязнога. Гэты чалавек — ён зараз жыве ў Баранавічах — расказваў пра сваю арганізацыю, якая дзейнічала ў сучасным Івацэвіцкім раёне. Дык вось, іх партызанскі камандзір Мікола Хвясько быў забіты ў лістападзе 1948 года агентамі МГБ, якіх укаранілі ў групу, а сама падпольная сетка засталася. Чэкісты выкрылі толькі невялікую яе частку.

Гібель Яўгена Жыхара у баі з чэкістамі ў студзені 1955 года стала фактычна канцом арганізаванай партызанскай барацьбы. З гэтага часу і да 1959 года на Беларусі дзейнічала толькі ўзброенае падполле.

Замах на Хрушчова

Сродкі і метады, якімі карысталіся беларускія партызаны, прынцыпова адрозніваліся ад таго, што адбывалася ў той час на Украіне або Літве. Вітушка быў супраць стварэння аналагу УПА, буйных партызанскіх злучэнняў, разгортвання масавага партызанскага руху. Ён меркаваў, што, па-першае, савецкія ўлады проста не дадуць магчымасці правесці агітацыю і мабілізацыю, а па-другое, масавы партызанскі рух стане добрай мішэнню для савецкіх карных органаў.

Яшчэ ў 1947 годзе Вітушка забараніў праводзіць буйныя дыверсіі, якія часам патрабавалі ад яго некаторыя эмігранты з Захаду. Вітушка называў такія акцыі тэатральнымі. Ён казаў, што яму для гэтага шкада і партызан і мірнага насельніцтва. Дыверсіі праводзіліся толькі супраць вайсковых транспартных цягнікоў альбо карных войск МГБ — іншымі словамі, па савецкай ўладзе наносіліся дакладныя мэтанакіраваныя ўдары.

Сярод гучных акцый можна згадаць захоп Навагрудка ў 1948 годзе. Некалькі партызанскіх атрадаў колькасцю каля 130 чалавек зрабілі напад на горад і, забіўшы каля трохсот чалавек, пераважна вайскоўцаў МГБ (гэта паводле звестак раённай кнігі “Памяць”, бо самыя былыя партызаны сцвярджаюць, што падлічыць колькасць забітых не было ніякай магчымасці), вызвалілі з турмы вязняў. Справа ў тым, што сярод гэтых вязняў быў арыштаваны чэкістамі падпольшчык, які шмат чаго ведаў — партызаны баяліся, што ён можа не вытрымаць катаванняў. Пасля вызвалення вязняў, партызаны спакойна сышлі з горада. Кіраваў акцыяй былы афіцэр Чырвонай Арміі, вядомы па мянушцы “Сцяпан” (з 60-х ён жыў у Канадзе).

У тым жа 1948-м беларускія партызаны штурмам узялі адзін з участкаў “Лініі Сталіна”, дзе знаходзіўся вузел урадавай сувязі. Аднак сапсавалі яе яны толькі часткова, таму аперацыя лічылася няўдалай.

Былі і іншыя, хоць і не такія буйныя, аперацыі. Так, у лютым 1946-га атрады пад кіраўніцтвам “Сыча” зрабілі засаду і вызвалілі некалькі соцень палітвязняў, якіх чэкісты перавозілі на машынах з Пінска ў сталіцу. Тады было забіта 6 афіцэраў і 73 сяржанта і шэрагоўца МГБ.

Акцыі па вызваленні вязняў з савецкіх турмаў рабіліся рэгулярна. У тым жа 46-м партызаны “Сыча”, пераапранутыя ў форму МГБ, захапілі канцлагер пад Магілёвам. Самае цікавае, што не ўсе вязні захацелі адтуль сыходзіць — некаторыя, відаць, яшчэ спадзяваліся на міласць улады. У 1949 годзе партызаны вызвалілі некалькі соцень арыштаваных сялян пад Маладзечна. Бывала, арганізоўвалася нават абарона цэлых вёсак падчас іх зачыстак войскамі МГБ.

Былі і іншыя акцыі. У пачатку 50-х на сакрэтным палігоне на Палессі праводзілася выпрабавнне савецкага самалёта з імітацыяй скідвання атамнай бомбы. За гэтымі вучэннямі ўважліва назірала і партызанская выведка. Калі самалёт раптоўна пацярпеў аварыю, лясныя браты знайшлі яго значна раней за пашуковыя групы ГРУ. Пакуль савецкія вайскоўцы прачэсвалі лес, партызаны знялі сакрэтнае абсталяванне і пасля пераправілі яго на Захад.

Нельга не згадаць і пра замах на Хрушчова, які быў здзейснены ў канцы 1957 года (альбо ў пачатку 1958-га) ў Белавежскай пушчы. Гэта была апошняя буйная акцыя беларускага супраціву. Партызаны замініравалі дарогу, па якой ехаў Мікіта Сяргеевіч, толькі тады падарвалася іншая машына з яго картэжу. Афіцыйная версія сцвярджала, што гэта спрацавала міна часоў вайны. Але праз некалькі дзён у рэзідэнцыю ў Віскулях былі падкінутыя ўлёткі, падпісаныя Беларускай вызвольнай арміяй, якая брала адказнасць за выбух на сябе.

Тым не менш галоўная ўвага ў барацьбе з савецкай уладай аддавалася прапагандзе. Улёткі, газеты, кніжкі...

— На жаль, мы маем толькі копіі, арыгіналы знаходзяцца ў спецсховішчах, — адзначае гісторык. — Упершыню мы друкуем вокладкі падпольных беларускіх выданняў. Сярод іх дзве брашуры — “Як нашкодзіць ворагу” — гэта так бы мовіць інструкцыя для маладых партызанаў, і “За што змагаюцца беларускія партызаны”.

Пра тое, якім чынам выдаваліся гэтыя матэрыялы, сведчыць таксама эпізод, які адбыўся ў лістападзе 1947 года. Тады групай невядомых быў зроблены напад на раённую друкарню ў горадзе Калінкавічы. З яе вынеслі частку друкарскага абсталявання і беларускія шрыфты. А ўжо ў снежні ў розных раёнах Беларусі з’явіўся шэраг беларускамоўных друкаваных матэрыялаў. Праведзеная экспертыза выявіла ў гэтых выданнях, знойдзеных у Магілёўскай, Віцебскай, Гродзенскай, Брэсцкай абласцях, “калінкавіцкі след”.

Статыстыка МГБ сведчыць, што за перыд з лета 1945 па 1950 год на тэрыторыі БССР былі выяўлены 810 розных друкаваных матэрыялаў антысавецкага характару. З іх 693 былі беларускамоўнымі, 79 на ўкраінскай мове, рэшта на рускай. Дарэчы, у некаторых падпольных выданнях выразна прасочваецца і антымаскоўская тэматыка. Нават на Смаленшчыне выходзіла газета з красамоўнай назвай “Пад абцасам маскалёў”.

Бессмяротны Вітушка

А што ж сталася з самім кіраўніком антыбальшавіцкага руху на Беларусі? Нядаўна выйшла ў свет кніга “Щит и меч Отечества”, прысвечаная дзейнасці айчынных спецслужб. У ёй сярод гучных спраў беларускіх органаў дзяржбяспекі значыцца і ліквідацыя ў 1945 годзе Міхася Вітушкі.

— Афіцыйныя гісторыкі і даследчыкі, якія працуюць у архівах КДБ, называюць датай яго смерці менавіта 1945 год, — адзначае Сяргей Ёрш. — Мы ж даказваем, што Вітушка заставаўся кіраўніком беларускага антыбальшавіцкага супраціву ажно да 1959 гада. Больш таго памёр ён толькі сёлета ў красавіку.

Справа ў тым, што ў 1944-1945 гадах беларускімі нацыяналістамі і нямецкімі спецслужбамі была праведзена “аперацыя прыкрыцця”. На Беларусь накіроўваліся людзі, якія мелі дакументы на прозвішча Вітушка. Зразумела, што некаторыя з іх маглі загінуць ці трапіць у палон да Саветаў.

Здараліся і кур’ёзныя выпадкі. У студзені 1945 года на Віленшчыне быў забіты чалавек, якога чэкісты палічылі Міхасём Вітушкам. Пазней адзін з удзельнікаў той аперацыі чэкіст Іваноў прызнаўся падчас суда ў 50-х, што сам Берыя даў загад зрабіць шэсць тысяч савецкіх пашпартоў на прозвішчы розных вядомых нацыяналістаў — літоўскіх, беларускіх, украінскіх — нібыта, каб даказаць іх савецкае грамадзянства. Навошта была патрэбная гэтая фармальнасць, невядома. Дык вось адзін з такіх дакументаў на імя Вітушкі і быў падшыты ў справу забітага на Віленшчыне.

Але літаральна праз месяц ужо іншая група СМЕРШ злавіла хлопца таксама з дакументамі на імя Вітушкі. Хлопца хуценька асудзілі і расстралялі, склалі адпаведны дакумент. А ўжо ў красавіку 1945 году камісія ў Маскве доўга вырашала, як гэта магло здарыцца: спачатку забілі аднаго, потым другога, і усё гэта Вітушкі. У рэшце рэшт пастанавілі, што як бы там ні было, але Вітушка мёртвы, смершаўцам з двух групаў далі вымовы “за халатнасць” і на гэтым справу закрылі.

Зразумела, сам “забіты” быў не асабліва супраць такой сітуацыі. Ён не афішаваў, што кіруе супрацівам, а ведаць пра гэта маглі толькі яго намеснікі, камандзіры атрадаў. Інфармацыя пра тое, што ён жывы, стала прасочвацца на Захад толькі пасля 1947 года.

— Дзесьці з 1957 года Саветы пачалі патрабаваць ад Захада выдачы ім Вітушкі і іншых кіраўнікоў супраціву, якія, па іх звестках, сышлі за мяжу, — адзначае Сяргей Ёрш. — І колькі б ні імкнуліся нам даказаць, што Вітушка загінуў у 45-м, я ведаю, што апошні раз Саветы патрабавалі выдаць яго ў канцы 70-х.

Між тым увесь гэты час ён пад іншым прозвішчам спакойна жыў сабе ў Заходняй Нямеччыне і дажыў амаль да 100 гадоў. Камандзіры, з якімі Вітушка да апошніх сваіх дзён падтрымліваў сувязь, распавядалі, што нават у часе эміграцыі ён не баяўся прыязджаць у Беларусь — у 50-х і 60-х — па польскіх дакументах, у сярэдзіне 70-х — з нямецкім пашпартам.

Памёр Міхал Вітушка пасля доўгай і цяжкай хваробы 27 красавіка 2006 года. Нават на магільным камені, пад якім пахаваны кіраўнік беларускага супраціву, пазначана зусім іншае прозвішча.

Арганізацыя Вітушкі была не адзінай, якая дзейнічала ў гэты час на Беларусі. Пра іншыя партызанскія групы, якія бралі ўдзел у антысавецкім супраціве, чытайце у другой частцы артыкула “Вайна пасля вайны”, якая з’явіцца на нашым сайце на наступным тыдні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)