Политика
Сяргей Навумчык, Радыё Свабода

Вацлаў Гавал спрабаваў наведаць беларускую амбасаду ў Празе. Яго не пусьцілі

Вацлава Гаўла, якога і пасьля адстаўкі лічаць за гонар прымаць каралі і прэзыдэнты, сёньня не пусьцілі ў амбасаду Рэспублікі Беларусь ў Чэскай Рэспубліцы. Сёньня Вацлаў Гавал разам з іншымі вядомымі чэскімі палітыкамі зрабіў спробу наведаць амбасаду Беларусі ў Чэхіі, каб перадаць пэтыцыю. Вацлава Гаўла на тэрыторыю амбасады не пусьцілі, ніхто з супрацоўнікаў ня выйшаў. Супрацоўніца параіла апусьціць пэтыцыю ў паштовую скрынку, што Вацлаў Гавэл і зрабіў.

“Ад імя ініцыятывы “Грамадзянская Беларусь”, якая дзейнічае ў Чэскай Рэспубліцы, -- гаворыцца ў пэтыцыі, -- выказваем разам зь іншымі падпісантамі рашучы пратэст супраць супроць фальсыфікаваньня падчас падрыхтоўкі і правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў на Беларусі ды асуджаем паліцэйскі гвалт пры разгоне суботняй мірнай дэманстрацыі ў Менску. Выказваем сваю салідарнасьць з усімі ахвярамі рэпрэсіяў, патрабуем неадкладнага вызваленьня ўсіх затрыманых ды спыненьня далейшага іх перасьледу.

Заклікаем:

-- прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку да адстаўкі;

-- прадстаўнікоў аўтарытарнага рэжыму ўсьвядоміць адказнасьць за свае рашэньні, бо ў сёньняшнім глябальна ўзаемазьвязаным сьвеце засталося вельмі мала месцаў, дзе можна схавацца ад скаржнікаў міжнародных судоў;

-- беларускіх міліцыянтаў, судзьдзяў і пракурораў, каб не давалі сябе бясконца падманваць тым, што змагаецеся з крымінальнымі злачынцамі, аргумэнты пра ўсяго толькі выкананьне загадаў будучыя суды браць ад увагу ня будуць;

-- беларускую інтэлігенцыю, журналістаў і дзеячоў культуры, каб паўсталі супраць абалваньваньня сваіх суграмадзянаў пагрозай небясьпекі з Захаду, ды патрабавалі пасьлядоўнага раследаваньня апошніх падзеяў у Меску.

Жадаем усім беларусам пераадоленьня страху ды дамаганьня сваіх асноўных правоў на свабоднае жыцьцё ў прававой дзяржаве і дэмакратычнага кіраваньня краінай, чый урад ня будзе хавацца паліцэйскімі дывізіёнамі са сьлезацечным газам і аглушальнымі гранатамі.

Ад “Грамадзянскай Беларусі”

Вацлаў Гавал, Карэл Шварцанберг, Анна Шабатава, Ян Румл, Ігар Блажэвіч.

Іншыя падпісанты

Ёзэф Яржаб, сэнатар, Іржы Обэрфальцэр, сэнатар,Здэнэк Барта, сэнатар, Яроміж Штэціна, сэнатар, Петр Браціцкі, дэпутат парлямэнту, Тацьяна Фішэрава, дэпутат парлямэнту.

Прага, 27 сакавіка 2006 г.”

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)