Общество
Алесь Герасіменка, «Наша Ніва»

Ва ўнутраных войсках любяць родную мову

У абедзенны перапынак часта праходжу міма в/ч 5448 Міністэрства ўнутраных справаў, што на вул. Маякоўскага, 97 у Мінску.

Тамтэйшыя байцы ў гэты час займаюцца страявой падрыхтоўкай: маршыруюць, спяваюць. І якім было мае прыемнае здзіўленне, калі я аднойчы пачуў з іх вуснаў песню на беларускай мове! З таго часу я пачаў уважліва прыслухоўвацца да таго, што даносіцца з-за плота часці. Праз колькі дзен зноў пачуў беларускамоўны спеў ад хлопцаў, што чаканілі крок па дарожцы. Раз — выпадковасць, два — заканамернасць. А калі так, то есць сэнс падзякаваць вайсковаму кіраўніцтву.

Напісаў тры лісты са словамі падзякі на адрас в/ч 5448, у Міністэрства ўнутраных справаў і Міністэрства абароны, бо, на маю думку, песні на нашай мове спрыяюць здароваму патрыятычнаму выхаванню вайскоўцаў. У адказ атрымаў ліст ад выканаўцы абавязкаў камандзіра часці 5448 палкоўніка Э. Міцкевіча, у якім той запэўніў, што «в репертуаре подразделений в обязательном порядке имеются патриотические строевые песни на белорусском языке».

А ў лісце з МУС намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі, кіраўнік аператыўнай і баявой падрыхтоўкі міністэрства А. Маткін падзякаваў за мой зварот і выказаў упэўненасць, што «і далей камандаванне вайсковай часці 5448 у мэтах грамадзянска-патрыятычнага выхавання падначаленых будзе спрыяць выкарыстанню беларускамоўных твораў».

Нядаўні выхад фільма «Жыве Беларусь!» звярнуў увагу грамадскасці на праблемы роднай мовы ў беларускім войску. Канечне, стваральнікі стужкі прапанавалі мастацкае, гіпербалізаванае бачанне сітуацыі. Спадзяюся, у рэальнасці не так усе й дрэнна.

На жаль, не дачакаўся ліста ад Мінабароны, хаця тэрмін, адведзены заканадаўствам на адказ па звароце грамадзян, ужо мінуў.

А шкада: так хацелася б даведацца хоць нейкую афіцыйную пазіцыю кіраўніцтва войска па моўным пытанні. Бо ў душы застаецца надзея, што там усведамляюць важнасць выхавання нацыянальных каштоўнасцяў сярод салдат. Бо сапраўды бараніць Айчыну можа толькі той, хто служыць не нейкім там абстрактным касмапалітычным ідэалам, а найперш нацыянальным. Бо толькі тады ен будзе служыць Радзіме і народу. А мова наша — найвыдатнейшы інструмент у выхаванні павагі да нацыянальных каштоўнасцяў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)