Общество
Вольга Слуцкая

«Узровень у нашых кіраўнікоў нізкі — зусім не той, што быў нават 5 год таму»

Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі агучыў цікавую статыстыку. Аказваецца, з тысячы беларусаў, якія ў першым квартале 2013-га з’ехалі працаваць за мяжу (у асноўным у Расію і Польшчу), толькі адзін уладкаваўся на пасаду кіраўніка.

Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч упэўнены: беларускія менеджэры ў бліжэйшы час не будуць запатрабаваныя за мяжой.

— Узровень у нашых кіраўнікоў нізкі — зусім не той, што быў нават пяць год таму, — тлумачыць суразмоўца.— На мой погляд, у Расіі патрэбны спецыялісты, кіраўнікоў у іх сваіх хапае. Шмат з’язджае нашых кіроўцаў, дактароў, металаапрацоўшчыкаў, не гаворачы пра будаўнікоў. Працэс працоўнай міграцыі будзе працягвацца. І я далёкі ад думкі, што будзе вельмі вялікі попыт на нашых кіраўнікоў, таму што каб быць добрым менеджэрам, трэба працаваць. Яны тут у адных абставінах, а там будуць іншыя. Не думаю, што яны да гэтага гатовыя зараз.

Са слоў Фядыніча, начальнікі цэхаў на буйных прадпрыемствах маюць заробак не менш за 10-12 мільёнаў, іначай яны не працавалі б.

— Што датычыцца кіраўнікоў самага высокага ўзроўню, то яны ходзяць пад каўпаком. Каб працаваць за мяжой, ім трэба дазвол спытаць у таго, хто іх на гэтую пасаду прызначаў. А калі яны зробяць нешта без дазволу, заўтра ім нікуды не захочацца ехаць — па іх прыедуць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)