Усе хабары запісваў. За што на 7,5 год асудзілі дырэктара менскага заводу
У Маскоўскім судзе закончыўся працэс над былым генэральным дырэктарам Менскага заводу шасьцерняў Сяргеем Пацкевічам, паведамляе Радыё Свабода.
Сяргей Пацкевіч (зьлева) і Уладзімер Пашкевіч на лаве падсудных, 17 верасьня 2019 году
Акрамя Пацкевіча, на лаве падсудных знаходзіўся таксама ягоны знаёмы, былы прадстаўнік Чарапавецкага ліцейнага мэталюргічнага заводу Ўладзімер Пашкевіч.
Абодва прызнаныя вінаватымі ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры і асуджаныя на зьняволеньне без канфіскацыі маёмасьці. Сяргей Пацкевіч — на 7,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму, Уладзімер Пашкевіч — на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Падчас судовых спрэчак пракурор папрасіў пакараць Пацкевіча васьмю гадамі зьняволеньня, Пашкевіча — пяцьцю.
Тры хабары за паўгода
Паводле сьледзтва, з жніўня 2018-га і да лютага 2019 году Сяргей Пацкевіч за тры разы атрымаў агулам больш як 30 тысяч эўра хабару. Спачатку 6100 даляраў, праз два месяцы — 5 тысяч эўра, і сёлета ў лютым — яшчэ 20 тысяч эўра. Таксама яму інкрымінаваны намер атрымаць яшчэ 5 тысяч эўра, але ўгода сарвалася «зь незалежных ад яго прычын».
Яшчэ ў пачатку працэсу экс-гендырэктар МЗШ цалкам прызнаў віну. Паводле Пашкевіча, грошы свайму даўняму знаёмаму Сяргею Пацкевічу ён перадаваў банальна, у звычайных канвэртах. І самы вялікі хабар аддаў проста ў службовым кабінэце.
Але за што ішлі грошы?
Паводле сьледзтва, хабар перадаваўся ад грамадзяніна Дзёміна, прадстаўніка польскай фірмы Remix S. A., якая займаецца вытворчасьцю і пастаўкамі абсталяваньня для апрацоўкі мэталаў.
Фірма заключыла з МЗШ кантракт на пастаўку лініі печаў на суму больш як мільён эўра. Печы былі патрэбны для мадэрнізацыі вытворчасьці шасьцерняў.
Летась кантракт пачаў дзейнічаць, пастаўкі выконваліся, а вось авансавыя выплаты затрымлівалася.
«Гэта агульная хвароба беларускай прамысловасьці — несвоечасовыя плацяжы», — паскардзіўся ў судзе падсудны Ўладзімер Пашкевіч, які ў жыцьці працаваў шмат на якіх прадпрыемствах і фірмах і сьцьвярджае, што ведае, пра што гаворыць.
А далей Пашкевіч расказаў, як летась знаёмы яму бізнэсовец Дзёмін «выйшаў на яго» ды папрасіў перадаць гендырэктару МЗШ умовы асабістай дамовы: за 3% ад сумы кантракту той мае забясьпечыць «своечасовую аплату». І гендырэктар пагадзіўся.
Першы авансавы плацеж прайшоў у жніўні, тады ж для Пацкевіча, паводле Пашкевіча, былі перададзеныя 6 тысяч 100 даляраў. Другі плацеж быў пералічаны праз два месяцы, і неўзабаве Пацкевіч атрымаў 5 тысяч эўра. Апошняму хабару, на 20 тысяч эўра, нібыта таксама папярэднічаў плацеж згодна з кантрактам з польскай фірмай.
Адметна, што ў гаспадарлівага Ўладзімера Пашкевіча пры вобшуку знайшлі запісы ўсіх сум перададзеных грошай.
Размовы дырэктара МЗШ праслухоўвалі
У матэрыялах справы прагучала, што размовы «перадатчыка» грошай Пашкевіча і прадстаўніка польскай фірмы Дзёміна апэратыўнікамі праслухоўваліся. У тых размовах гучалі лічбы, рабіліся пэўныя намёкі, зь якіх можна было здагадацца, што рыхтуецца перадача грошай. Вытрымкі з праслухоўваньня зачытаў пракурор.
Пра дзіўны выпадак напярэдадні перадачы першага хабару расказаў і сам падсудны Пашкевіч. Летась у жніўні ён ехаў з Жодзіна ў Менск на ранішняй электрычцы, вёз у кішэні атрыманыя напярэдадні ад Дзёміна «6 тысяч даляраў для Сьцяпанавіча» (гэтак, па бацьку, называў на допытах Сяргея Пацкевіча ягоны знаёмы Ўладзімер Пашкевіч). Але без прыгод у сталіцу дабрацца не ўдалося: з часткай пасажыраў Пашкевіча нібыта для праверкі дакумэнтаў ссадзілі з электрычкі міліцыянты і прывезьлі да сябе ва ўпраўленьне.
Паводле матэрыялаў справы, 6100 даляраў, якія знайшлі ў Пашкевіча, зачынілі ў адмысловым сэйфе, а ключ перадалі ўласьніку грошай. Але з тых жа матэрыялаў вынікае, што, пакуль у пасажыраў электрычкі правяралі дакумэнты, Пашкевічавы купюры агледзелі і сфатаграфавалі. І толькі пасьля гэтага грошы Ўладзімеру Пашкевічу вярнулі, за дастаўленыя нязручнасьці папрасілі прабачэньня і зь міліцыі адпусьцілі.
«Потым я перадаў іх Сьцяпанавічу. Пазваніў на завод, каб заказаў мне пропуск, выйшаў зь ім на тэрыторыю і перадаў канвэрт. Сьцяпанавіч дастаў зь яго 100 даляраў і падзякаваў. Я таксама яму падзякаваў. На гэтым разышліся», — апісваў на судовым сьледзтве перадачу першага хабару Ўладзімер Пашкевіч.
Читайте еще
Избранное