Усаў: «Візавы рэжым будзе пашыраць пропасць паміж беларусамі і ўкраінцамі»

Палітолаг — пра магчымае ўвядзенне віз ва Украіну для беларусаў і ўзаемаадносіны Офiсаў Ціханоўскай i Зяленскага.

Уладзімір Зяленскі даручыў ураду разглядзець пытанне аб адмене бязвізавага рэжыму з Беларуссю. Тым часам ва ўкраінскім сегменце Telegram апытанне, хто за візавы рэжым, і большасць — яго падтрымлівае.

Беларускi палітолаг Павел Усаў у сваю чаргу кажа на «Е*рарадыё», што Беларусь і Украіна — частка аднаго цывілізацыйнага праекту, які з’яўляецца альтэрнатывай расійскаму свету. І калі рашэнне аб адмене бязвізавага рэжыму будзе прынята — гэта азначае, што Украіна цалкам адразае Беларусь ад магчымасці быць нейкім чынам у гэтым альтэрнатыўным падмурку для цывілізацыі супраць расійскага свету.

— Гэта азначае, што беларускі народ успрымаецца як частка расійскай цывілізацыі, якая не ўспрымаецца як сяброўская, і тая, з якой варта і неабходна размаўляць. Візавы рэжым стварае яшчэ адну даволі вялікую шчыліну і пашырае пропасць паміж нашымі народамі. Нават не ў папяровым сэнсе, а на ўзроўні ментальнасці.

Але я спадзяюся, што да канчатковага палітычнага рашэння да ўвядзення віз не дойдзе, бо частка палітычных эліт краіны і, напэўна, частка інтэлектуальнай, разумее, што мы патрэбны адзін аднаму і мы павінны гэты цывілізацыйны праект развіваць.

Эксперт таксама лічыць, што Офiсу Святланы Ціханоўскай важна казаць аб наладжванні камунікацый з уладамі Украіны. Пры гэтым, ён тлумачыць прычыны, чаму Кіеў на гэта можа не пайсці:

— Але не думаю, што Офіс прэзідэнта Украіны вось так раптоўна і ахвоча пачне размаўляць з Офісам Ціханоўскай на афіцыйным узроўні і запросіць яе ў Кіеў. Кіеў зараз падыходзіць да ўсіх адносін выключна з прагматычнага разумення: што для Кіева дасць сустрэча са Святланай Ціханоўскай?

Зразумела, што гэта можа даць Офісу і самой Ціханоўскай: паляпшэнне і ўзмацненне яе пазіцыі. Але для Кіева гэта не дае ніякіх рэальных фактычных рэсурсаў.

Проста кажучы, у яе няма байрактараў, якія б можна было б накіраваць ва Украіну і дапамагчы ёй. Акрамя нейкага палітычнага рэсурсу, які можа мець эфект унутры Беларусі. Але эфект не такі выбуховы, што адразу беларусы ўстануць і будуць змагацца з расейцамі.

Украінцы гэта разумеюць, таму не спяшаюцца ісці на нейкія такія крокі, да таго ж усё яшчэ існуе парадыгма не раздражняць Лукашэнку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.2(13)