Политика

Усаў: «Мы ўплятаемся ў працэсы, якія ж самі прызнаем нелегітымнымі і злачыннымі»

Як правесці «свой» рэферэндум, разважае палітолаг.

— Калі ўжо гуляць у сімвалізм, мерыцца ўзроўнямі легітымнасці, ствараць альтэрнатыўныя палітычныя рэальнасці, то можа варта было б арганізаваць і правесці свой рэферэндум? — задаецца пытаннем Павел Усаў. — Частку працэсу можна было б зрабіць анлайн (структураваць па абласцях), частку (за мяжой) праз стварэнне рэальных выбарчых камісій. Сфарміраваць свой ЦВК і прапанаваць грамадству дэмакратычны праект Канстытуцыі (1994), па якім яно будзе жыць пасля развалу рэжыму. І зрабіць якасную палітычную кампанію. Натхніць людзей.

На жаль, на дадзеным этапе мы пляцёмся за дзённай палітычнай паветкай уладаў. Які цалкам перахапілі ідэалагічную ініцыятыву. Мы ўплятаемся ў працэсы, якія ж самі прызнаем нелегітымнымі і злачыннымі, і такім чынам надаем ім вагу і сэнс. Выбіраем паміж кепскім і горшым, не намагаючыся стварыць нейкую ўласную пазітыўную альтэрнатыву, свой палітычны сэнс. У рэшце рэшт агульная дзейнасць грамадзян і ёсць «сацыяльная дамова», аснова дзяржавы.

Удзел у альтэрнатыўным рэферэндуме быў бы рэальнай дэманстрацыяй палітычнага ўплыву. Замест таго, каб абмяркоўваць манструальны праект канстытуцыі Лукашэнкі, мы б маглі абмяркоўваць уласныя праекты, якія ў той ці іншай форме існуюць.

Безумоўна, падрыхтоўка да такіх дзеянняў патрабуе шмат высілкаў і рэсурсаў Волі, але іх дастаткова каб яго рэалізаваць. І дарэчы яшчэ есць час запусціць і не траціць энергію на бессэнсоўныя дзеянні, гуляючы ў старыя гульні апазіцыі.

Так ці інакш, стварэнне свайго, стварэнне новага было б больш прадуктыўным у псіхалагічным сэнсе, эмацыйна пазітыўным і кансалідуючым, чым удзел у чужым, з разуменнем таго, які будзе вынік, што яшчэ больш пагоршыць грамадскія настроі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(22)