Общество
Анастасія Зелянкова

«Урач сказаў, каб я памаліўся свайму анёлу-ахоўніку»

Генадзь Бураўкін трапіў у бальніцу з вострай сардэчнай недастатковасцю. Пасля чарговай працэдуры ў Рэспубліканскай бальніцы Упраўлення справамі прэзідэнта па дарозе дадому пісьменнік адчуў сябе дрэнна і вымушаны быў вярнуцца ў клініку.

— Дзякуй Богу, адышоў ад бальніцы недалёка і хапіла рашучасці і розуму пайсці назад, — расказаў “Салідарнасці” Генадзь Бураўкін. – Мяне адразу ж адвезлі ў рэанімацыю. Зараз ужо перавялі ў звычайнае аддзяленне. Відаць, нехта там, зверху, мяне ўсё ж такі ратуе. Урач так і сказаў маёй жонцы, каб я памаліўся свайму анёлу-ахоўніку.

Нагадаем, што 16 красавіка 2009 года Бураўкіну была зробленая аперацыя на сэрцы па каранарным шунціраванні. А ў 2006 годзе паэт перанёс інфаркт.

Зараз Генадзь Мікалаевіч адчувае сябе лепш.

— Пакуль урачы яшчэ не дазваляюць мне хадзіць, таму вось ляжу сабе і чытаю. Мне на дзень нараджэння падарылі цікавую кнігу пра ўзаемаадносіны Сталіна з пісьменнікамі. Праўда, жонка лічыць, што з маім сэрцам зараз лепш пачытаць нешта іншае. Сёння павінна прынесці Даўлатава, — адзначае пісьменнік. – Думаю, хутка пайду на папраўку.

Па словах Генадзя Бураўкіна, калі лячэнне акажацца эфектыўным, у канцы тыдня яго могуць ужо выпісаць з бальніцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)