Общество
Сямён Печанко, «Наша Нiва»

Унікальныя відэаздымкі разгону Плошчы захавалася ў ізалятары (відэа)

Фотакамеру аднаго з затрыманых забыліся пачысціць.

Прыхільнік руху «За Свабоду» і былы сябра выбарчай камісіі № 4 Ленінскага раёна Мінска Юрась Шпак-Рыжкаў разам жонкай Таццянай Грачанікавай 19 снежня быў на плошчы Незалежнасці.

Юрась рабіў фота- і відэаздымкі на аматарскую фотакамеру. Перад самым разгонам ён зрабіў 5-хвілінны ролік. Спецназ аточвае людзей з усіх бакоў, грукаючы дручкамі ў шчыты. Хрыплыя крыкі камандзіраў: «Стаім, стаім!» Дэманстранты выгукваюць у адказ на бразгат: «Не баімся! Не баімся!» За спінамі пашыхтаваных міліцыянтаў з’яўляюцца аўтазакі. «О! Па нас прыехалі», – заўважае нехта. У голасе няма страху. Складваецца ўражанне, што людзі не вераць, што будзе разгон. Але вось ужо чуюцца першыя крыкі: «Што вы робіце?! Фашысты!» Абрыўкі загадаў на затрыманне.

Гэты відэаролік, а таксама фотаздымкі, зробленыя ў адным з аўтазакаў, шчасліва захаваюцца. Юрася з жонкай затрымалі па-асобку. Ён правёў суткі ў чаканні суда ў аўтазаку. Перад судом, які адмераў яму 10 сутак арышту, выпадкова сустрэўся з жонкай на Акрэсціна і паспеў перадаць ёй камеру.

У Таццяны, якая адбывала свае 15 сутак на вуліцы Скарыны, фотаапарат проста паклалі разам з асабістымі рэчамі, не выдаліўшы з яго нічога. «Дзяўчаты з маёй камеры нейкім чынам здолелі пранесці з сабой мабільны тэлефон. Фатаграфавалі турэмны побыт. Дык ахоўнікі неяк даведаліся. Выклікалі на гутарку, выдалілі з яго ўсе фотаздымкі», – расказала Таццяна Грачанікава. Пры затрыманні яе збілі. Спецназавец адабраў у яе шалік з «Пагоняй». Яе, як і Юрася, абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, выкрыкванні лозунгаў «Жыве Беларусь» і «Сыходзь» і непадпарадкаванні міліцыянтам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)