Уладзімір Яроменак знайшоўся на Акрэсціна

Хутчэй за ўсё, маладафронтаўца нават не выпускалі ў сераду пасля таго, як скончыўся тэрмін яго арышту.

Пра гэта распавяла яго паплечніца Кася Галіцкая:

— Мы даведаліся, што Валодзя Яроменак знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна, і што яго ў хуткім часе павязуць у суд Маскоўскага раёна.

Нагадаем, што маладафронтаўца мусілі вызваліць у сераду пасля 7-суткавага арышту. Паплечнікі Яроменка не выключаюць, што на яго складуць фіктыўны пратакол за нейкае адміністрацыйнае парушэнне і зноў асудзяць на суткі, як зрабілі раней з Паўлам Вінаградавым і Міхаілам Мускім.

Былому палітвязню Яроменку сёлета прызначылі прэвентыўны нагляд. Гэты арышт будзе трэцім адміністрацыйным пакараннем юнаку пасля ўсталявання нагляду. За гэта ўмовы нагляду могуць пагоршыцца.

Галіцкая: «Адміністрацыйнае затрыманне не з'яўляецца парушэннем нагляду. Міліцыянты з ЦІПа павінны тэлефанаваць участковаму і паведамляць, што Яроменак знаходзіцца ў іх. І гэта не лічыцца парушэннем. Ён абавязаны адзначацца ў пэўны час у свайго ўчастковага. А тое, што ён не ходзіць праз сваё затрыманне, — гэта паважная нагода. Юрыдычна яны не павінны гэта залічваць як парушэнне, але ж ніхто не ведае...».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)