Комментарии
Уладзімір Някляеў, Facebook

Уладзімір Някляеў: «Сёння мы развітваемся з пісьменнікам Леанідам Мараковым»

19 снежня – гадавіна Плошчы 2010 года.

Хто толькі і чаго толькі пра яе ні пісаў! Як высокага, узнёслага, гэтак і паклёпніцкага, зневажальнага. У апошнім асабліва пазавіхаліся баязліўцы, якія прасядзелі той дзень дома на канапе, ды напалоханыя ўсплёскам беларускага духу лукашысты. Але не пра гэта і не пра іх сёння ўспамінаць...

Так сталася, што сёння мы развітваемся з пісьменнікам Леанідам Мараковым. Не ведаю, ніколі не пытаўся ў яго, ці быў ён сам на Плошчы, але тыя сотні, тысячы беларусаў, найлепшых сыноў Айчыны, ахвяраў сталінізму, камуністычнага тэрору, імёны якіх уратаваў Маракоў ад забыцця, памяць пра якіх захаваў у сваіх кнігах для нашчадкаў, на Плошчы былі! Маўкліва стаялі плячом да пляча з намі. І няхай яны маўчалі, але:

«Мы ведалі, пра што маўчалі з імі!..

Жывыя з мёртвымі. І мёртвыя з жывымі».

Не так даўно журналіст Уладзімір Хільмановіч выдаў кнігу «Беларускае золата», у якой распавёў пра найбольш слынныя месцы і падзеі нашай гісторыі. Сярод іншага – пра Плошчу:

«Пройдзе больш працяглы час, і дата 19.12. 2010 стане ў адным шэрагу з 25 Сакавіка, з 27 Ліпеня, стане як вяха ў змаганні за нашу дзяржаўнасць, волю, праўду, справядлівасць, адвечнае права «людзьмі звацца», стане асобнай гістарычнай каштоўнасцю нашай краіны. А на Плошчы імя Каліноўскага будзе стаяць Стэла Годнасці».

Так будзе.

Бясконца наша мара аб свабодзе

Вядзе нас па зямлі і па вадзе,

Як сонца, што ніколі не заходзе,

Як зорка, што ніколі не ўпадзе!»

Наш рух па гэтым шляху не скончыны, толькі перарваны...

Жыве Беларусь!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)