Скандалы
Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»

Уладзімір Колас адмовіў карэспандэнту «НН» прысутнічаць на Радзе інтэлігенцыі

Рада інтэлігенцыі нечым нагадвае сабой масонскую ложу. Усе пра яе чулі, але ніхто не ведае, хто ў яе ўваходзіць і дзе яна збіраецца.

Каб атрымаць адказы на гэтыя пытанні, збіраўся схадзіць на чарговае пасяджэнне Рады 3 жніўня. Тым больш, што якраз яны ўзялі на сябе абавязак па вызначэнні адзінага кандыдата ад апазіцыі.

Загадзя патэлефанаваў кіраўніку Рады Уладзіміру Коласу, каб атрымаць дазвол на прысутнасць. На маё здзіўленне Колас адразу катэгарычна зазначыў, што з не хоча мець з «НН» ніякіх справаў.

– Пасля тых брудных інсінуацый, што вы надрукавалі пра Раду інтэлігенцыі, нічога супольнага мець з вамі не хочам. Вы і так ужо ведаеце, што напішаце. Наша справа, каго пускаць на пасяджэнне, а каго не, — так Колас забараніў нам прысутнасць.

Колькі разоў журналісты «НН» чулі падобнае «каго хочам таго і не пускаем» ад дзяржаўных установаў не злічыць. Цяпер да гэтага шэрагу далучылася Рада інтэлігенцыі.

Праз асабістыя крыўды кіраўнікі Рады гатовыя забыць аб прынцыпах галоснасці і адкрытасці, якія самімі ж імі і дэкларуюцца.

Ну, а «бруднымі інсінуацыямі» названы каментар рэдактара. Пры гэтым раней і сам Уладзімір Колас атрымаў слова на старонках газеты.

Сапраўды, нейкая неінтэлігентная гульня Рады інтэлігенцыі атрымліваецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)