Улады Магілёва забаранілі пікет у падтрымку Лукашэнкі

Магілёўскія ўлады не дазволілі 1 красавіка правесьці ў Магілёве пікет у падтрымку кандыдатуры Аляксандра Лукашэнкі на выбарах прэзыдэнта Расеі 2008 году.

Гэткае рашэньне Магілёўскі гарвыканкам матываваў тым, што мерапрыемства супярэчыць асноўным патрабаваньням закону Рэспублікі Беларусь “Пра масавыя мерапрыемствы ў Рэспубліцы Беларусь” і рашэньням Магілёўскага гарвыканкаму “Пра парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў”.

Заяўку на пікет 16 сакавіка падалі трое моладзевых актывістаў — Сяргей Гіркін, Андрусь Дзьвігун ды Антон Усьцімчук. Арганізатары лічаць, што калі Лукашэнка стане прэзыдэнтам Расеі, пасада прэзыдэнта Беларусі застанецца вакантнай, і беларускі народ пазбудзецца дыктатуры.

Арганізатары пікету лічаць рашэньне гарвыканкаму парушэньнем Канстытуцыі. Паводле аднаго з заяўнікаў, Андруся Дзьвігуна, яны будуць патрабаваць ад гарвыканкаму назваць канкрэтныя прычыны, якія не дазваляюць правесьці ім акцыю, а потым зьбіраюцца падаваць у суд на мясцовую ўладу.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)