Удзельнікі мітынгу ў Курапатах адправілі «Бульбаш-хол» «у пекла з чарцямі»

28 кастрычніка — дзень памінання продкаў — Дзяды. У Мінску адбылося традыцыйнае шэсце ў Курапаты.

15.00 Мітынг скончыўся выкананнем гімну «Магутны Божа». Людзі пачынаюць разыходзіцца. Застаюцца актывісты, якія паставяць у Курапатах новыя крыжы.

14.50 Між прысутных збіраюць подпісы супраць будаўніцтва каля Курапатаў забаўляльнага цэнтра «Бульбаш-хол». Яго ўзвядзенне ўдзельнікі мітынгу назвалі сапраўдным здзекам над беларускім народам.

14.50 Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі адзначыў, што злачынствы ў Курапатах "сталі магчымыя пасля акупацыі краіны расійскімі бальшавікамі".

14.30 У Курапатах пачаўся мітынг. Адзін з ветэранаў КХП-БНФ Валеры Буйвал ліст лідара КХП-БНФ Зянона Пазьняка, у якім той з жалем адзначае, што сам не можа прысутнічаць сёння на Дзядах. Пазняк абвінаваціў Маскву і беларускія ўлады ў замоўчванні хлусні пра трагедыю Курапатаў.

14.20 Шэсце дабралося да Курапатаў. Прыехаў паэт і лідар «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў.

13.50 Шэсце дайшло да вуліцы Мірашнічэнкі. Моладзь спявае песні: «Грай» «Ляпіса Трубяцкога», «Пагоню» Багдановіча.

11.50 Міліцыя спыніла рух па вуліцы Валгаградскай і дазволіла шэсцю перайсьці праезную частку не праз падземны пераход, а па вуліцы. У калоне знаходзіцца прыкладна 500 чалавек.

11.30 Калона рушыла.

11.20 Маладыя людзі на чале з Алегам Корбанам разгарнулі плакаты супраць будаўніцтва забаўляльнага цэнтра каля Курапатаў: "Бульбаш-хол у пекла з чарцямі", "Стоп будаўніцтву бардэля", "Ганьба". Моладзь перыядычна гукае "Жыве Беларусь!" На чале калоны стаў Сяргей Каваленка з вялікім сцягам у руках.

11.00 На месцы збору — некалькі сотняў чалавек. Людзі трымаюць сцягі — бел-чырвона-белыя, БХД, Ерасаюза, а таксама каля дзесяці новых крыжоў, якія сёння будуць пастаўленыя ў Курапатах. Сярод прысутных — былы палітвязень Сяргей Каваленка з жонкай, археолаг Эдвард Зайкоўскі, рэжысёр Валерый Мазынскі, былыя кандыдаты ў прэзідэнты — намеснік старшыні БНФ Рыгор Кастусёў і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, старшыня ТБМ Алег Трусаў, Лявон Баршчэўскі, пісьменніца Наталка Бабіна, маці палітвязня Алена Ліхавід, палітвязень Алесь Кіркевіч з Гродна, скульптар Гэнік Лойка, паэт Славамір Адамовіч. Вакол шмат «асобаў у цывільным».

Моладзь трымае выкананыя ў стылістыцы стэнсілаў партрэты-харугвы палітвязняў Дашкевіча і Лобава з надпісам: «Свабоду!». Найбольшую расцяжку «Дзяды», выкананую ў чорна-белых колерах, трымаюць Артур Фінькевіч і яго сябры па суполцы «Маладая Беларусь».

Фатаграфуе Антон Сурапін, які сядзеў у СІЗА КДБ па справе «плюшавай медзведзіроўкі».

10.30 Да месца збору пачынаюць падыходзіць людзі. Як паведамляе «Наша Ніва», некаторыя ўдзельнікі акцыі нясуць з сабой кветкі. Таксама да месца збору прынеслі крыжы.

9.00 Ужо ад самай раніцы непадалёк ад пункту збору, на бульвары Таўбухіна, стяць два аўтазакі са спецназам, паведамляе Радыё Свабода.

Непасрэдна на пляцоўцы перад гадзіннікавым заводам дзяжурыць машына з сапёрамі. Сапёры разам з сабакам агледзелі месца збору. Ля выхаду з метро і па усім перыметры можна назіраць людзей ў штацкім.

Як вядома, шэсце мае пачацца а 11-й і адбудзецца па маршруце: праспект Незалежнасці — вуліца Каліноўскага — вуліца Сядых — вуліца Карбышава — вуліца Гамарніка — вуліца Мірашнічэнкі, паведамляе сайт dziady2012.org.

Мітынг у Курапатах павінен пачацца а 15-й гадзіне.

Сёлета ўдзельнікі акцыі плануюць таксама выказаць сваё стаўленне да будаўніцтва ля Курапатаў забаўляльнага комплексу «Бульбашъ-Хол».

Акцыя дазволена ўладамі. Арганізатарам выступіла Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ.

***

Ад 1988 г. акцыя праводзіцца ў форме шэсця ў Курапаты — месца масавых расстрэлаў у 1930-я гады.

Як нагадвае «Наша Ніва», у першыя гады незалежнасці Дзяды былі дзяржаўным святам і адзначаліся 2 лістапада. Лукашэнка Дзяды як свята адмяніў. Цяпер акцыя ўшанавання продкаў у Курапатах праводзіцца ў апошнюю нядзелю кастрычніка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)