Скандалы
Юлія Аляксандрава

Удзельнікам дэманстрацыі даюць ад 3 да 15 сутак

Судовыя працэсы над затрыманымі ў Дзень Волі праходзяць у судах Мінска: Маскоўскага, Заводскага, Партызанскага і Савецкага раёнаў. Сярод пакараных — моладзевыя лідэры, ксёндз і журналіст. Суд па справе фотакарэспандэнта “Нашай Нівы” Андрэя Лянкевіча працягнецца 27 сакавіка ў 9 гадзін раніцы.

Большасць з іх абвінавачваецца ў парушэнні парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання (арт. 23.34 адміністратыўнага кодэксу).

Як паведамілі “Салідарнасці” ў праваабарончым цэнтры “Вясна”, у судзе Партызанскага раёна па арт. 23.34 ч.1 на трое сутак асуджаны Андрэй Белік (гэты артыкул прадугледжвае папярэджанне, штраф памерам да трыццаці базавых велічыняў — прыкладна міліён пяцьдзесят тысяч беларускіх рублёў — ці адміністратыўны арышт). Уладзімір Сяргееў і Ілья Богдан атрымалі па 15 сутак.

Па дадзеных праваабаронцаў на 16.45, васемнаццаць чалавек (сярод якіх ксёндз Віцебскай епархіі Юрый Барок) атрымалі штраф у памеры трыццаці базавых велічыняў, два чалавекі — дваццаць пяць і пяцёра затрыманых — дваццаць базавых., па адным чалавеку — пятнаццаць і пяць базавых велічыняў, тры чалавекі — дзесяць базавых. Шасцярых затрыманых (сярод іх моцна збіты моладзевы актывіст Яўген Афнагель) пакаралі на 10 сутак, яшчэ аднаго — на сем, трох чалавек — на пяць сутак.. Журналіста “Нашай нівы” Сямёна Печанко асудзілі на 15 сутак.

У судзе Заводскога раёна паўдні працягваўся разгляд справы фотакарэспандэнта ”Нашай нiвы” Андрэя Лянкевіча. Па словах сведкаў, яго твар моцна збіты. Аднак рашэнне суда па яго справе будзе прынята 27 сакавіка. Па словах прысутных у залі, суддзя пажадала сустрэцца з галоўным рэдактарам выдання, каб удакладніць, ці сапраўды ён атрымаў рэдакцыйнае заданне прысутнічаць на акцыі 25 сакавіка, а таксама ці зарэгістравана газета ў Міністэрстве інфармацыі. Да раніцы Андрэй адпушчаны на свабоду.

Як паведаміў Хартыi-97 палітык Павел Севярынец, “у Партызанскі суд Мінска людзей прывозяць збітымі: Артур Фінькевіч са страшна апухлым тварам, Зміцер Дашкевіч у вельмі дрэнным стане. У абодвух — сінякі, гематомы”.

Па словах Паўла, стала вядома, што ў Партызанскім РУУС учора збівалі людзей: “Непаўнагадовую Алену Макарэвіч збівалі прама ў райаддзеле, як там паклалі на падлогу, прыціснулі каленам галаву і ўдарылі некалькі разоў”.

15 сутак арышту прасудзілі моладзеваму лідэру Артуру Фінькевічу. Як паведамляе ”Радыё Свабода”, Артур заявіў, што яго моцна збівалі падчас затрымання, але яшчэ больш збівалі Змітра Дашкевіча. Міліцыянты, якія затрымлівалі Фінькевіча, кажуць, што яго нібыта запрасілі прайсці ў аўтобус і ён пайшоў туды сам.

На фота: моладзевы актывіст Зміцер Дашкевіч 25 сакавіка ўвечары: да і пасля

Малады чалавек Аляксандр Шастаковіч быў апраўданы. Па словах сведкаў, ён не ўдзельнічаў у акцыі, а ішоў разам з маці на канцэрт у Белдзяржфілармонію, каля якой і быў схоплены байцамі спецназа. Справа Шастаковіча была спынена, нягледзячы нават на паказанні міліцыянтаў. Зараз хлопец мае права падаць скаргу на незаконнае затрыманне.

Па сведчаннях праваабаронцаў, пецярых чалавек, якіх не прывезлі ў суды і якія напярэдадні былі моцна збітыя, будуць судзіць у ізалятары на вул.Акрэсціна.

Тым часам у Баранавічах, як паведаміў карэспандэнт “Салідарнасці”, асудзілі трынаццаць чалавек, якія былі затрыманы 25 сакавіка падчас святкавання 90-годдзя БНР (усяго затрымалі чатырнаццаць чалавек, але ў будынку РУУС у аднаго з іх — Аляксея Шчарбакова — забалела сэрца і яго даставілі ў гарадскі шпіталь). У выніку, двух непаўнагадовых адправілі ў камісію па справах непаўнагадовых, а адзінаццаці затрыманым далі штрафы памерам ад пяці да пятнаццаці базавых велічыняў. Сярод апошніх апынуўся грэка-каталіцкі святар Яўген Маліноўскі. Ён павінен выплаціць толькі пяць базавых велічыняў таму, што суд улічыў яго сямейнае становішча — ён мае сем дзяцей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)