У Віцебску страйкуюць прадпрымальнікі

На ўсіх кірмашах горада значная частка гандлёвых месцаў пустуе. Прадпрымальнікі заявілі аб правядзеньні «аднадзённага папераджальнага спыненьня працы».

Гэта акцыя пратэсту супраць патрабаваньняў тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу, які прадпрымальнікі лічаць чарговым вымаганьнем грошай у дзяржаўны бюджэт.

Тэхнічны рэглямэнт Мытнага саюза «Аб бясьпецы прадукцыі лёгкай прамысловасьці» прадугледжвае дакумэнтальнае пацьверджаньне якасьці тавараў. У тым ліку тых, што ўвозяцца ў Беларусь з Расеі, хаця гэта адзіная мытная прастора.

Каб атрымаць неабходныя дакумэнты, трэба або пацьвердзіць расейскую сэртыфікацыю якасьці, або аддаць частку тавару на адмысловую экспэртызу. Старшыня арганізацыйнай групы па стварэньні прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч адзначыла:

«Калі ў нас адзіная мытная прастора, і калі нейкі тавар выраблены ў Расеі, то чаму мы тут, у Беларусі, мусім наноў пацьвярджаць якасьць такога тавару? Каштуе гэта, між іншым, больш за мільён рублёў. Калі ж мы прадаём тавар, выраблены па-за межамі Мытнага саюзу, то мусім заплаціць за тэхнічную экспэртызу кожнага віду прадукцыі. А гэта яшчэ большыя грошы, не кажучы ўжо пра іншыя выдаткі. Уявіце: чалавек гандлюе кашулямі, набывае па 10 адзінак рознага фасону. Дык з гэтых 10-ці ён мусіць 5 адзінак аддаць на экспэртызу, зь іх 3 яму вернуць назад, а 2 сапсуюць, правяраючы хімічнымі рэчывамі. Гэта абумоўлена правіламі. Адпаведна, прадпрымальнік заплаціць грошы за экспэртызу, а кошт двух сапсаваных рэчаў мусіць „раскінуць“ на астатні тавар, каб пакрыць выдаткі. Значыць, усё аўтаматычна падаражэе. Гэта адаб’ецца і на пакупніках, і на нашых продажах».

Віцебскія прадпрымальнікі палічылі, што дакумэнты пра адпаведнасьць тэхнічнаму рэглямэнту будуць каштаваць ад 40 да 70 мільёнаў для кожнага — у залежнасьці ад разнастайнасьці асартымэнту. Адзіная мажлівасьць зэканоміць — гэта «звузіць» асартымэнт, што таксама закране інтарэсы пакупнікоў.

І грашовыя выдаткі, і верагодныя чэргі ў цэнтар стандартызацыі, дзе ёсьць адзіная ў вобласьці лябараторыя, і неабходнасьць страціць частку тавару на тэхнічныя досьледы, прычым зь невядомым вынікам, — усё гэта прадпрымальнікаў не задавальняе. Таму яны і пратэстуюць, спрабуючы зьвярнуць на сябе ўвагу кіраўніцтва краіны.

Першапачаткова гэты рэглямэнт павінен быў уступіць у сілу яшчэ з 1 студзеня 2013 года. Але пасьля мінулай хвалі незадавальненьня была прадстаўлена адтэрміноўка — да 1 ліпеня. Але прадпрымальнікі хочуць не новай адтэрміноўкі, а перагляду ўмоваў тэхнічнага рэглямэнту. Галоўным чынам, каб ня трэба было пацьвярджаць якасьць расейскіх тавараў, або тых, што імпартуюцца ў Расею і ўжо на расейскім памежжы Мытнага саюзу праходзяць кантроль якасьці.

Бо паўторныя праверкі прадпрымальнікі лічыць ні чым іншым, як спробай за іхны кошт папоўніць дзяржаўны бюджэт.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)