У Віцебскім універсітэце фонд «Русскій мір» арганізаваў святкаванне Дня роднай мовы — рускай мовы

Сайт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава інфармуе аб мерапрыемствах, прысвечаных Дню роднай мовы.

У раздзеле «Тыдзень роднай мовы паведамляецца» графік падзей:

18 лютага — падвядзенне вынікаў адкрытага абласнога конкурса «Мая родная мова — руская».

19 лютага — […] замежныя студэнты чытаюць творы рускіх аўтараў.

22 лютага — круглы стол па праблемах выкладання рускай мовы як роднай, няроднай і замежнай.

Скрыншот з сайта https://vsu.by

Цікава, што сайт фонда «Русскій мір» побач з навіной пра «Год рускай мовы ў ДНР» рапартуе і пра аналагічныя актыўнасці ў Віцебску.

«У ВДУ імя Машэрава стартавалі мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы «Твой мір — навек моя обітель». Праект рэалізуецца Віцебскім культурна-асветніцкім моладзевым таварыствам «Прасоўванне» пры падтрымцы фонда «Русскій мір», — гаворыцца на сайце.

Фонд «Русскій мір» — гэта расійская арганізацыя, якая выдае грашовыя гранты на прасоўванне расійскага парадку дня. Пад культурніцкай абгорткай знаходзіцца палітычны змест — у радзе фонда кіраўнікі «Рассупрацоўніцтва», расійскія палітыкі і прапагандысты.

Як сітуацыю тлумачаць ва ўніверсітэце? Пакуль ніяк. 21 лютага рэктар і прарэктары знаходзяцца на атэстацыі.

Рэктар ВДУ — юрыст Аляксей Ягораў. Нарадзіўся ў Пскоўскай вобласці Расіі, вышэйшую адукацыю атрымаў ва ўкраінскім Харкаве.

Адказаць на пытанні «Нашай Нівы» паспрабавала адна з намесніц дэкана філалагічнага факультэта, просячы не называць яе імя.

«У мяне родная мова — беларуская. У нашым універсітэце розныя мовы гучаць, ёсць нават студэнты са Шры-Ланкі. А канферэнцыю ладзіць кафедра сусветных моў», — сказала яна. Тое, чаму у Дзень роднай мовы ўсе мерапрыемствы прысвечаны рускай, жанчына патлумачыць не здолела.

«Усё ўзгоднена», — сказала яна пра абласны конкурс «Мая родная мова — руская».

У Міністэрстве адукацыі сцвярджаюць, што такія пытанні таксама не да іх, а да, уласна, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Чаму ў гэтым універсітэце рэалізуе праекты фонд «Русскій мір», у міністэрстве таксама не ведаюць.

Таксама варта адзначыць, што да Дня роднай мовы беларускую забылі не зусім: ва ўніверсітэце быў консурс «Мова гучыць. Challenge», у рамках якога прапаноўвалася запісаць і выкласці ў інстастаграм пад такіх тэгам відэа з зачытваннем беларускамоўнага верша.

Вядома, прызы за гэты конкурс выдае не фонд «Русскій мір», і нават не ўніверсітэт, а БРСМ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.6(23)