Коктейль
Сямён Печанко, фота Алесь Пілецкі

У снягах Афрыкі: лайфак падарожжа па гарах Марока

Журналіст Радыё Свабода Алесь Пілецкі падзяліўся з «Салідарнасцю» досведам узыходжання на самую высокую кропку Атласкіх гораў.

Атласкія горы ў Марока

Дагэтуль Алесь бываў у Карпатах, падарожнічаў па гарах Непала. У Марока яго запрасілі Дзяніс і Антон Скрыпкі з агенцтва прыгодаў «Вольны вецер». Браты акурат распрацоўвалі новы трэкінгавы маршрут, на гэты раз у Марока.

— У горы не варта ісці аднаму. Ці гэта Карпаты, ці Тубкаль у Марока, нават калі ты прафесіянал. Там можа здарыцца ўсё, што заўгодна, любая дробязь можа стаць фатальнай. Можна элементарна падвярнуць нагу. Да таго ж, у гарах часта адсутнічае мабільная сувязь, альбо яна проста кепская. Калі вы ў гарах упершыню, то ісці трэба толькі з дасведчанымі людзьмі, іншы варыянт проста не абмяркоўваецца.

Горнае мястэчка Імліль

Маршрут выглядаў наступным чынам. Пералёт у Маракеш, адтуль на наступны дзень выезд у горнае мястэчка Імліль, што месціцца на вышыні 1800 метраў. Трэніровачны паход на вышыню звыш 2000метраў у ваколіцах мястэчка і праз дзень пад’ём на вышыню ў 3200 м, з начлегам у горным пытулку. Пад’ём на Тубкаль, спуск у Імліль і выезд да акіяну праз Маракеш.

Зрабіць візу ў Марока можна ў Варшаве альбо Маскве праз турагенцтва. Працэдура нагадвае атрыманне дазволу на выезд у краіны шэнгенскага пагаднення, займае каля двух тыдняў. Каштуе аднаразовая турыстычная віза каля 25 даляраў.

Горны прытулак на вышыні 3200 метраў

Дабірацца ў Марока зручней за ўсё праз аэрапорт Вільні або Варшавы лоўкостамі. З Беларусі — толькі з перасадкамі альбо чартарам «Белавіа», але тады давядзецца дадаткова набываць тур.

Зімовы пад’ём на самую высокую кропку Атласкіх гораў і Марока — Тубкаль — адрозніваецца ад летняга. Улетку снег бывае толькі на самай вяршыне гары, адпаведна, у цёплы сезон тут не патрэбая зімовая вопратка і частка рыштунку. Зімой абавязковыя кошкі і гамашы на абутак.

Вандроўка ў горы Марока ў познюю восень незвычайная тым, што ты спачатку прылятаеш у летні Маракеш, дзе напрыканцы лістапада можа прыграваць да 25 градусаў. Затым на машруце вас чакае восень на вышыні 1800 метраў. І праз некалькі дзён вы будзеце ўзыходзіць па горнай сцяжыне на Тубкаль па калені ў снезе. Гэтыя акалічнасці трэба ўлічваць, збіраючы ў дарогу неабходны набор адзення і абутку. 

Збіраючыся ў горы, трэба быць у добрай фізічнай форме. Ідэальна не мець шкодных звычак.

— Лічыцца, што чалавек гатовы да пад’ёмаў на горныя вяршыні, калі ён здольны двойчы на тыдзень прабягаць па 10 кіламетраў, укладаючыся ў гадзіну. У тых жа, хто часта ўжывае алкаголь, паліць, шанцы займець праблемы ў гарах значна ўзрастаюць.

Перад вандроўкай у Непал я за некалькі месяцаў моцна абмежаваў ужыванне алкаголю. І шмат хадзіў — за тыдзень тройчы па 10-15 кіламетраў.

На верхняй кропцы Тубкаля, 4167 м

Акрамя фізічнай падрыхтоўкі трэба ўлічваць уплыў вышыні, звязаны з недахопам кіслароду. У кожнага горная хвароба праяўляецца па-свойму. Таксама многае залежыць ад месцазнаходжання: у Альпах ці на Каўказе недахоп кіслароду можа адчувацца на вышыні 2500 м, у Тунісе — на 3000, а ў Гімалаях недзе на 4000 м.

— Мне пашчасціла, бо ні ў Непале, ні ў Тунісе я не адчуў моцных праяваў горнай хваробы. Хіба лёгкае парушэнне сну. У аднаго з маіх калегаў пры пад’ёме на Тубкаль недзе на 4000 метраў пачаўся прыступ моцнага галаўнога болю. І ён куды больш фізічна загартаваны, чым я.

Сімптомы горнай хваробы нагадваюць алкагольнае ап’яненне. Гэта яшчэ адна прычына, чаму ў горы нельга ісці аднаму. Чалавек страчвае пачуццё рэальнасці, неадэкватна ацэньвае сітуацыю і не можа самастойна спусціцца з гары.

— Я, у адрозненне ад маіх спадарожнікаў, падымаўся ў гару па снезе з кошкамі на нагах упершыню. Мне шлях даваўся цяжэй. У тую ноч у прытулку я так і не заснуў. Думкі розныя лезлі ў галаву, акрамя таго там было халодна, спаць даводзілася ў адзенні і ў спальніку.

Спуск

Мы выйшлі а пятай раніцы, было яшчэ цёмна. Калі ўстае сонца, то снег пачынае раставаць, з-за чаго ісці робіцца цяжэй.

Ісці ў цемры надзвычай няпроста. Пачатак пад’ёму быў, напэўна, самым цяжкім момантам у падарожжы.

Ты бачыш максімум дзесяць метраў перад сабой. Навокал цемра і цішыня. І ўвесь час трэба ісці ўверх па глыбокім снезе. На маршруце фактычна не было гарызантальных адрэзкаў — толькі ўверх. Пашчасціла — бо за гадзіну да нас на гару выйшлі чэхі, мы ішлі па іх слядах. Калі б я ішоў першы і пракладаў шлях, то мог бы і не падняцца, месцамі снегу было па пояс.

Пры пад’ёме трэба сачыць за часам. Калі не паспяваеш у адведзеныя гадзіны ўзняцца на вяршыню, мусіш вярнуцца, каб патрапіць да месца начлега да цямна.

— На вяршыні я быў недзе ў адзінаццаць. Пад’ём заняў каля шасці гадзінаў з перапынкамі.

На вуліцах Эссуэйра

Пасля пад’ёма на Тубкаль Алесева група накіравалася да акіяну ў горад Эссуэйра.

— Тут акіян падыходзіць наўпрост да гарадской сцяны і хвалі амаль нішто не спыняе. Відовішча ўражвае, калі бачыш перад сабой хвалю вышынёй з трохпавярховы дом, а можа і вышэй. І гэта яшчэ не шторм, а лёгкае хваляванне.

— Калі я сюды і вярнуся, то толькі ў горы. Культура моцна адрозніваецца ад таго, што мне даводзілася раней бачыць у Еўропе, той жа Грузіі, Непале. Увесь час гандаль за ўсё і паўсюль. Спробы прадаць табе па дзесяцікротнай цане, надурыць з расцэнкамі ў таксоўках. Непрыхаваныя спробы нажыцца на турыстах на працягу ўзяго падарожжа дагэтуль згадваюцца з непрыемнасцю.

Горы. Праўду кажуць, што калі табе спадабаецца першы горны паход, то ты будзеш вяртацца ў горы ізноў і ізноў. Горы альбо моцна любіш, альбо ненавідзіш.

Мне ў гарах падабаецца тое, што тут найменш заўважнае ўмяшальніцтва чалавека ў прыроду. Тут ты бачыш яе такой, якая яна ёсць. І мяне гэта веліч і некранутасць заўсёды прываблівала.

«Як трапіш на Балканы, то або застанешся там назаўсёды, або будзеш вяртацца туды штораз»

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)