У Слуцку адзначылі 91-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну (фота)

У Слуцку адбыліся ўрачыстыя імпрэзы з нагоды 91-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну. Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, руху «Салідарнасьць», іншых дэмакратычных партый і рухаў, а таксама неабыякавыя да беларускай гісторыі людзі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі праехалі па месцах баёў слуцкіх паўстанцаў з войскамі чырвонай арміі.

Удзельнікі сьвяткаваньня наведалі вёску Грозава, Семежава, Вызна (Чырвоная слабада) і Слуцак. Каля памятных крыжоў і знакаў у гонар паўстанцаў былі ўскладзеныя бел-чырвона-белыя кветкі, запаленыя зьнічы. Разам з бардам Аляксеем Галічам удзельнікі акцыі прасьпявалі песьні слуцкіх паўстанцаў.

У Слуцку каля будынку мясцовага краязнаўчага музэю адбыўся мітынг. Яго падрыхтавалі і правялі актывісты Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. Месца мітынгу выбрана не выпадкова: у будынку, дзе цяпер месьціцца Слуцкі краязнаўчы музэй, у лістападзе 1920 году адбыўся зьезд Рады Случчыны.

Лідэры КХП БНФ, якія бралі слова, Юрась Беленькі, Алесь Чахольскі, Сяргей Папкоў, у сваіх прамовах нагадалі пра паўстанцаў-случчакоў, іх гераічны збройны чын, а таксама зазначылі, што іх змаганьне за свабоду і незалежнасьць ёсьць годным прыкладам для перайманьня і ў наш час. Мітынг, удзел у якім прынялі каля двухсот чалавек, завяршыўся сьпевам малітоўнага гімну "Магутны Божа", а таксама песьнямі слуцкіх паўстанцаў.

Увесь шлях удзельнікаў памятных імпрэзаў з нагоды ўгодкаў Слуцкага паўстаньня суправаджалі супрацоўнікі міліцыі, у тым ліку пераапранутыя ў цывільнае. Яны правяралі дакумэнты ў кіроўцаў, фільмавалі прысутных, але ў хаду падзеяў ня ўмешваліся. Сьвяткаваньне 91-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну завяршылася без затрыманьняў. Міліцэйскія аўтамабілі Слуцку суправаджалі ўдзельнікаў памятных імпрэзаў да межаў раёну.