Общество
Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

У рэзідэнцыі ў Драздах нічога не ведаюць пра ферму Лукашэнкі

Еўрарадыё пацікавілася, дзе гадуюцца «прэзідэнцкія авечкі», і ці сапраўды гэта выгадная справа.

Днямі кіраўнік краіны пахваліўся сваей гаспадаркай. Высветлілася, што Аляксандр Лукашэнка гадуе авечак. І нават стрыг іх ужо некалькі разоў.

— Мы адновім вытворчасць, адбудуем камвольны камбінат. Набудзем самых сучасных авечак. Я гэта праэкспераментаваў у сябе на ферме. У мяне дзесятак авечак, мы іх ужо два разы стрыглі, мы атрымалі вялізную колькасць воўны. Гэта самыя лепшыя авечкі ў свеце, яны выдатна сябе адчуваюць, і зараз мы па ўсей краіне так зробім, — заявіў Лукашэнка падчас суботніка 21 красавіка.

У Галоўным гаспадарчым упраўленні пры Адміністрацыі прэзідэнта падказаць, дзе жывуць прэзідэнцкія авечкі, не здолелі. Маўляў, яны займаюцца ўтрыманнем прэзідэнцкай адміністрацыі ды здачай у арэнду розных памяшканняў, што знаходзяцца на іх балансе. І перанакіравалі... у Дыпсэрвіс. Якому «належыць» рэзідэнцыя кіраўніка краіны ў Драздах.

Вось толькі і там пра прэзідэнцкіх авечак нічога не чулі. І перанакіравалі наўпрост у рэзідэнцыю ў Драздах. Але і там сітуацыя паўтарылася.

Дразды: «Я нават не ведаю, пра што Аляксандр Рыгоравіч казаў, шчыра кажу. Таму – выбачайце. Вы назвалі сябе, я таксама магу назвацца – начальнік рэзідэнцыі. Але я – не ў тэме».

Еўрарадыё:«Так, ці есць у вас там авечкі?»

Дразды: «Не, у нас няма».

Безумоўна, у кіраўніка краіны не адна рэзідэнцыя. Магчыма, ферма з авечкамі знаходзіцца ў іншым месцы.

У Беларусі авечкагадоўляй займаюцца ў асноўным фермеры. Гаспадар адной з прыватных гаспадарак Гродзенскай вобласці Аркадзь гаворыць пра таннае мяса.

Аркадзь: «Гэта, безумоўна, выгадна – таннае мяса, хутка. Прычым, яго ў рэспубліцы не хапае і кошты на яго зашкальваюць».

Авечкам для выпасу добра падыходзіць закінутая зямля, непрыдатная для пасеваў і нават выпасу кароў. Праўда, і праблем аж зашмат.

Аркадзь: «У Беларусі толькі раманаўскія авечкі. І тое – статак іх не самай лепшай якасці. Трэба завозіць «новыя крові» аднекуль з-за мяжы, каб атрымліваць добрае патомства. Вось толькі іх не прывязеш – Еўропа «зачыненая», там знайшлі нейкі вірус. Да таго ж, калі рабіць гэта афіцыйна, неабходна ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі дазвол выбіваць, потым – нашага ветдоктара накіроўваць на тры тыдні ў тую ж Польшчу ў гаспадарку, аплачваць яму знаходжанне там, каб авечкі карантын прайшлі. Уявіце – у якую капейку».

Племянны баран у Польшчы каштуе каля 500 еўра. Што для беларускага фермера ўжо значная сума. Праўда, есць і ў нашай краіне гаспадарка, дзе гадуюць племянных авечак. Але ў дырэктара СВК «Конюхі» Аляксея Кавальчыка тая ж праблема.

Аляксей Кавальчык: «Мы павінны набыць у Заходняй Еўропе авечак для «абнаўлення крыві» – гэта бараны. І ярачак не пашкодзіла б прывезці некалькі штук. Але для гэтага неабходныя сродкі. Сення адзін баран у Заходняй Еўропе катуе тысячу еўра – ўяўляеце, якая гэта сума!»

Апроч таго, узнікае пытанне, каму здаваць шкуру і воўну?

Аркадзь: «Няма куды збываць. Я ведаю, што ў Віцебску і Брэсце прымалі шкуры і выраблялі іх. А вось з воўнай праблемы рэальныя, і па дзяшоўцы не хочацца аддаваць. І яна проста ляжыць колам».

І большасць Аркадзь раздае бясплатна бабулям з суседніх весак, якія самі яе вычэсваюць і прадуць. У дзяржаўнай гаспадаркі праблем з воўнай няма – яе забірае Смілавіцкая фабрыка. Мяса ідзе на Аршанскі мясакамбінат для вытворчасці дзіцячага харчавання. А вось шкуры і яны не ведаюць куды «прыстроіць».

Па словах Аркадзя, навучыцца стрыгчы гэтую пакорлівую жывелу не складана, і вопытны «цырульнік» здольны цалкам агаліць адну авечку за 15 хвілін. Засталося толькі вырашыць тры пытанні: адкуль і за якія грошы прывозіць «новую кроў», калі Еўропа «зачыненая», у Расіі – тыя ж праблемы, што і ў нас, а на акліматызацыю авечак з поўдня неабходна як мінімум год-два, куды здаваць воўну, і што рабіць са шкурамі?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)