«У прычынах сьмерці каранавірус не напішуць». Лекаркі пра тое, што цяпер адбываецца ў менскіх шпіталях

Дзьве лекаркі расказалі Радыё Свабода, што адбываецца ў менскіх шпіталях падчас пандэміі каранавірусу.

Яны працуюць у розных месцах, маюць розныя спэцыяльнасьці і розны ўзрост, але сытуацыі, якія яны апісваюць, вельмі падобныя.

Рэдакцыі вядомыя імёны і месца працы герояў публікацыі.

Ілюстрацыйнае фота

«Я ўпэўненая, што ёсьць людзі з каранавірусам, але ў картцы ў іх ня будуць гэтага пісаць»

Доктарка менскага шпіталю расказвае, што іхную клініку тэрмінова прыстасавалі пад патрэбы кантактаў першага і другога ўзроўню. У гэтым шпіталі яна працуе некалькі гадоў. Графік мае — суткі праз трое. У залежнасьці ад колькасьці дзяжурстваў дзяўчына атрымлівае ад 800 да 1000 рублёў заробку. Пра надбаўкі да заробку ніхто не казаў, але ўжо папярэдзілі, што адпачынак сёлета давядзецца адкласьці.

Я пакуль ніякіх папераў пра невыдаваньне не падпісвала. Калегі мае вельмі баяцца, але я не хачу сябе называць толькі таму, што, калі мяне звольняць, я не змагу далей сачыць за сытуацыяй.

Цяпер наш шпіталь запоўнены, гэта каля 280 чалавек, кантакты 1-2 узроўняў. Як нам казалі мэдсёстры, зь іх ужо як мінімум 11 станоўчых выпадкаў тэстаў на каранавірус. Сёньня (30 сакавіка. - РС) дваіх адвезьлі ў спэцыяльных боксах.

Я не магу сама сьцьвярджаць, бо заключэньня ня бачыла, а ў картках такога ня пішуць. Пішуць, што альбо быў кантакт, альбо ёсьць кантакт, і ставяць у асноўным дыягназ ВРВІ, пнэўманія ці ВРВІ пад пытаньнем. Каб было напісана «каранавірус», такога няма. Людзі зачыненыя ў адным памяшканьні, думаю, яны самі ня ведаюць, хто зь іх плюс, а хто мінус.

Прывозяць сем’ямі. Прыяжджае ўнучка з Латвіі, прывозяць яе, яе бацькоў, дзеда, а дзеду 73 гады. Ведаючы, як вірус уплывае на пажылых людзей, трэба за іх турбавацца.

Я ўпэўнена, што ёсьць людзі, у якіх каранавірус, але ў картцы ў іх ня будуць гэтага пісаць. Узяць хаця б гэты выпадак у 3-м шпіталі, калі чалавек ляжаў з каранавірусам, і нічога не было вядома, а цяпер ён у цяжкім стане на апараце штучнага дыханьня. Я веру, што будуць утойваць гэты дыягназ да апошняга. Да нас таксама прывозілі фэльчара хуткай дапамогі, які перавозіў пацыента з 3-га шпіталю.

Минздрав перестал публиковать статистику о количестве больных коронавирусом

Дадзеных пра каранавірус у мяне няма. Але ў нас памерлі дзьве пажылыя пацыенткі. Адна 72-гадовая жанчына прыехала з-за мяжы, і яе турбавалі сымптомы. Яе адразу паклалі ў нас у рэанімацыю, а на наступны дзень яна памерла. Было напісана, што ацёк лёгкіх, а паступала яна з пнэўманіяй. Ці рабілі ёй тэст на каранавірус, не было напісана.

Калега напісала, што яшчэ адна жанчына, якая прыехала з-за мяжы, 84 гады, таксама памерла. Яе перавезьлі да нас зь іншай лякарні, яна была ў нас на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Ні пра якія тэсты ў картцы не напісана.

Але калега зь лякарні, зь якой тая паступіла, сказала, што яна мела два станоўчыя тэсты на каранавірус. Абедзьве нябожчыцы былі кантактамі першага ці другога ўзроўню. Я ўпэўнена, што сьмерці ёсьць.

Нам даюць касьцюм «процічумны», хаця папраўдзе ён ня «процічумны», гэта проста назва. І ён даецца не адзін на зьмену, а ты яго носіш, пакуль ён не сапсуецца і не парвецца.

Тое ж самае з рэсьпіратарамі. Іх не хапае. Я вось зьмену аднасіла рэсьпіратар і мушу зноў яго надзець. Але я не хачу яго надзяваць, я ня ведаю, што на ім. Давялося самой купіць гэтыя касьцюмы і рэсьпіратары, каб хаця б на сваім узроўні сябе засьцерагчы. У мэдыцынскіх крамах касьцюмаў ужо даўно няма, купляюць у будаўнічых.

У нас ёсьць «брудны» (дзе праходзяць людзі не ў спэцадзеньні. — РС.) калідор, там стаяць дзьве кварцавыя лямпы і дзьве вешалкі. На іх нібыта дэзынфікуецца адзеньне. Але гэты кварц працуе 24 гадзіны, а ў нас звычайныя плястыкавыя акуляры, якія аніяк не абараняюць ад гэтых промняў.

Пасьля першага дзяжурства мы выйшлі з чырвонымі вачамі і апёкам сярэдняй ступені. Бо кварц разьядае ўсё. У выніку ты можаш проста страціць зрок. І яшчэ пытаньне, наколькі гэты кварц эфэктыўны для дэзынфэкцыі.

Я працую адна на сваім месцы, і мяне ніхто ня можа падмяніць. Калі пыталася пра гэта ў загадчыцы, яна сказала: «Хопіць з вас тры разы папіць вады і два разы ў прыбіральню. Мала? Надзеньце пампэрс». Мне гэта таксама не падабаецца, я не дзеля гэтага выбірала мэдыцыну.

Чаму дактары маўчаць, я ня ведаю. Магчыма, баяцца за свае месцы. А можа, таму, што мы «цярпілы»? У нас адна жанчына звольнілася, сказала, што ў яе старыя бацькі і яна ня можа сабе дазволіць працаваць у такіх умовах. Ведаю, што мэдработнікі-пэнсіянэры таксама звальняюцца, бо баяцца за сябе.

Я сама не баюся захварэць, але баюся заразіць сваіх блізкіх. Усе мае сустрэчы з бабуляй, дзядькамі-цёткамі адклаліся.

Мэдработнікі ў зоне рызыкі, а я не магу здаць тэст на каранавірус, бо нельга. Кажуць, нібыта няма пагрозы. Страшна, што да дактароў ставяцца, як да быдла, як да гарматнага мяса. Мы мусім працаваць, а нам ня могуць аказаць такой жа дапамогі, як іншым.

Калі пачнецца масавая эпідэмія са старымі людзьмі, то апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх проста ня хопіць на ўсіх. Калі браць нашу рэанімацыю, у нас, здаецца, 36 месцаў, зь іх толькі 19 з ШВЛ. Калега з анкадыспансэра кажа, што ў іх каля 20 ШВЛ, а шпіталь там вялікі. Калі б было дастаткова ШВЛ, то нам хапіла б і касьцюмаў, і масак, але гэтага не хапае. А ўсё гэта каштуе нашмат таньней, чым апарат ШВЛ.

Звычайная сытуацыя з каранавірусам: чалавек прыляцеў з-за мяжы, у яго ці няма сымптомаў, ці мінімальныя сымптомы. І ён ходзіць на працу, у краму, паўсюль. Уявіце, колькі людзей ён можа заразіць праз тое, што нашая дзяржава павольна прымае меры.

Гэтыя рэсьпіраторныя інфэкцыі небясьпечныя тым, што ў іх веерны спосаб перадачы. Груба кажучы, чалавек чхнуў — і заразіў пяцёх, і ўсё гэта пайшло далей. Часта гэта працякае бессымптомна, асабліва ў маладых. Без ізаляцыі, карантынных захадаў гэта ўсё прымае пагрозьлівыя маштабы.

Не зразумела, чаму ня ўводзяць карантыну. Баяцца эканамічнага крызісу? Што ўсё ляжа? Дык у нас і так усё ляжа, гэта пытаньне часу. Але нельга даводзіць сытуацыю да таго, каб людзі ўжо масава пачалі паміраць.

Ад таго, што органы аховы здароўя ўтойваюць сьмяротнасьць, людзі ставяцца да гэтага вельмі халатна. Трэба, каб было, як у Італіі, Гішпаніі, калі ты выходзіш на вуліцу толькі купіць харчы. Гаворыцца пра тых, хто можа адмовіцца ад выхадаў, а не пра дактароў ці тых жа прадавачак.

У нас прыяжджае іншаземец, зь яго бяруць падпіску, што ён 14 дзён будзе дома. Але я ўпэўнена, што ён ня будзе сядзець — пойдзе на Зыбіцкую тусіць ці яшчэ некуды. Кожны ж думае: «Ай, мяне міне, гэта не ў мяне, гэта ў суседзяў, а я шчасьліўчык, у мяне амулет». Я проста вельмі спадзяюся, што гэта хутка згасьне і ня будзе такіх маштабаў, як у іншых краінах. Бо ў нас не такая мэдыцына, каб усіх абслужыць, мы не дамо рады.

Патрэбны карантын і самаізаляцыя. І адмена ўсіх мерапрыемстваў. У сьвеце перанесьлі Алімпіяду, чэмпіянат футбольны, «Эўравізію», чаму мы ня можам адмяніць парад? Яны ж туды пацягнуць пэнсіянэраў, вэтэранаў. Перад кім мы выхваляемся, калі людзі так хварэюць?! Цяпер усё паўтараецца, як у траўні 1986-га, калі ўсе выйшлі шчасьлівыя на парад, а ўсё ўжо было кепска.

«У афіцыйных справаздачах можна сьмяротнасьць ад каранавірусу схаваць»

«Спадзяюся, што гэтая інфармацыя дапаможа людзям зразумець сапраўдны стан рэчаў», — так кажа доктарка аднаго зь менскіх шпіталяў, якая на ўмовах ананімнасьці падзялілася са Свабодай актуальнай інфармацыяй пра сытуацыю з распаўсюдам і лячэньнем каранавіруснай інфэкцыі ў Менску.

Людзі ў рэанімацыі паміраюць, ужо 5 лякарняў перапрафілявалі пад хворых і кантактных. А людзі ходзяць па гандлёвых цэнтрах, у госьці, на прыёмы.

Людзі ўтойваюць, што яны кантактавалі з інфікаваным. Потым высьвятляецца, што яны заразілі ўжо палову аддзяленьня. Нядаўна так цяжарная ўтаіла, так усю радзільню закрылі. Лекараў і мэдсёстраў не хапае. Цяпер лечаць пнэўманію тыя, хто больш за 10 гадоў лёгкіх ня слухаў: траўматолягі, кардыёлягі, дэрматолягі.

«Процічумных» касьцюмаў не хапае, аднаразовыя выкарыстоўваюць паўторна. Маскі ў нас носяць для віду, нос не закрыты. Паклалі ў кішэню, потым зноў начапілі.

Спэцыялістаў бракуе, і таму цяпер нават хтосьці з афтальмолягаў павінен езьдзіць і глядзець каранавірусных хворых. Дактароў прымушаюць глядзець і здаровых на плянавым прыёме, і езьдзіць да заражаных з адной і той жа апаратурай, якая дрэнна ці зусім не апрацоўваецца.

Мы ў шоку, таму што не разумеем, чым можам дапамагчы, а вось заразіцца вельмі проста. А калі захворвае лекар, то ён не ідзе на карантын і яго не шпіталізуюць, а адпраўляюць дадому. І звольніцца не дадуць, і ў адпачынак за свой кошт не пускаюць, і бальнічны лекарам не даюць.

Дактарам у шпіталі выдалі марлевыя маскі з 4 слаёў, а трэба з 8, так што трэба насіць па 2 маскі, мыць дома, прасаваць і зноў насіць. Пры гэтым заробак не зьмяніўся, і за шкодныя ўмовы не даплачваюць.

Старэйшыя калегі казалі, што пацьверджаны каранавірус, але ў нас могуць проста паставіць дыягназ «пнэўманія», бо паміраюць ж ня ад каранавірусу, а ад ускладненьняў, пнэўманіі, так што ў афіцыйных справаздачах можна сьмяротнасьць ад каранавірусу схаваць.

Врач: «Исходите из того, что любая простуда, которая у вас появилась, — коронавирус»