Общество

 

 

«У натаўскім войску ўсе ў памперсах. Ёсць памадка, «сяброўка»-мужчына». Урок патрыятызму ў Мар'інай Горцы (аўдыё)

У рэдакцыю Нашай Нівы трапіў займальны аўдыёзапіс, зроблены ўчора, 26 верасня, у адной са школ Мар'інай Горкі, дзе ў рамках праекта Мінадукацыі «ШАГ» (школа актыўнага грамадзяніна), выступала начальніца музея 5-й асобнай брыгады Людміла Галубенка.

Людміла Галубенка, фота sb.by

Школьнікаў так абурыў выступ гэтай жанчыны, што яны пераслалі яго ў СМІ.

Тэмай выступу Галубенка быў, імаверна, патрыятызм. Толькі падыходы да выхавання школьнікаў у яе засталіся з часоў Халоднай вайны.

АУДIО

Прыводзім меркаванні спадарыні Людмілы:

***

Галубенка: У амерыканскім войску, а наогул — у натаўскім, — цяпер хлопчыкі ў памперсах ходзяць. Нармальна, канечне! Ёсць побач шуфлядка. У якой у яго памадка. Побач «сяброўка», — таксама нармальна, так? Ну «сяброўка» — мужчына, ясная справа. Гэта нармальнае натаўскае войска, мы прыехалі!

Школьнікі: А вы што, былі ў натаўскім войску, што вы так кажаце?

Галубенка: Рабяты, калі я так кажу, значыць, я ведаю, пра што я кажу (смех у класе).

***

«Там каштоўнасцяў амаль не засталося — да іх прыйшлі мусульмане. Яны са сваёй талерантнасцю губляюць свае краіны. Яны баяцца. Немцы баяцца знаходзіцца ў сябе дома сёння. Французы баяцца, іспанцы баяцца, грэкі ўвогуле горкія слёзы льюць. Вось што бывае, калі ты талерантны да некаторых рэчаў. Трэба захоўваць сваю веру, сваю зямлю, трэба захоўваюць тое, што ў нас ёсць. Вось гэта трэба проста запомніць, рабяты».

***

«На Данбасе таксама думалі — якая вайна? Яны будавалі дамы, ну як гэта, усё для дзяцей, унукаў, праўнукаў. Яны жылі. А потым адзін удар «Града» і няма нічога».

***

«Калі на плошчы скачуць, абгарнуўшыся сцягамі: «Хто не скача — той ма***ль», абгарнуўшыся сцягамі, гэта ўжо не людзі».

***

Рэзюмавала свой выступ музейшчыца фразай-заклікам: «Мозг свой захоўвайце ад таго, каб туды не трапляла непатрэбная інфармацыя».

Гэтую спадарыню перыядычна запрашаюць выступаць у розныя школы горада, а таксама перад вайсковым калектывам.

На жаль, звязацца з Людмілай Галубенка ў пятніцу ўвечары не ўдалося.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.1(30)