«У нашай працы самае галоўнае — не ўпусціць час!»
Яна — адна з тых, да каго звяртаюцца ў першую чаргу, калі чалавек знікае без вестак.
Сваёй дзейнасцю супрацоўнікі атрада «Анёл» ужо не раз апраўдалі сваю назву і падарылі святло і надзею тым, хто апынуўся ў цяжкай сітуацыі і мог спадзявацца толькі на цуд. Чаму ў сучасных умовах, калі нават у маленькіх дзяцей ёсць мабільны тэлефон, людзі знікаюць без вестак? Вядзе нас па жыцці лёс або мы самі выбіраем дарогу, якой рухаемся?
Чаму адны праходзяць міма чужой бяды, а іншыя бясплатна марнуюць час, сілы і здароўе, каб дапамагчы незнаёмым людзям, а таксама аб неразважлівасці, якая можа каштаваць жыцця, і правільных паводзінах у крытычнай сітуацыі мы гутарым з Юліяй Коўган, інфармацыйным каардынатарам пошукава-выратавальнага атрада «Анёл».
фота Аляксандр Tarantino Ждановіч
— У нашых грамадзян ёсць вельмі сур’ёзная, нават небяспечная памылка: яны думаюць, што ў міліцыю з нагоды знікнення чалавека трэба звяртацца праз трое сутак і што раней за гэты тэрмін пошукавая дзейнасць ажыццяўляцца не будзе. Гэта няслушна. Мы ў сваёй працы з гэтым часта сутыкаемся, і бывае проста неверагодна шкада, што людзі страцілі каштоўны час праз свае памылкі і адсутнасць інфармацыі пра тое, як правільна сябе паводзіць, калі ёсць падставы хвалявацца за блізкага чалавека.
— А што з’яўляецца падставай для хвалявання і якой павінная быць схема паводзінаў, калі ёсць падазрэнні, што чалавек знік?
— Напрыклад, чалавек сышоў і не вяртаецца значна даўжэй за ўмоўлены час або паехаў у іншы горад і не тэлефануе па прыездзе, хоць пра гэта дамаўляліся. Нядаўна быў выпадак: пажылы мужчына, у якога праблемы з сэрцам, з’ехаў на машыне, павінен быў з працы заехаць у краму — і дадому. Аднак ён не вярнуўся ў прызначаны час, тэлефон спачатку не адказваў, потым стаў недаступны, машыны нідзе на той дарозе не было. Аказалася, яму проста стала кепска, ён выклікаў хуткую дапамогу, у бальніцы папрасіў паведаміць сваякам, а там не паведамілі.
Трэба звяртаць увагу на любыя нетыповыя паводзіны сваіх родных і знаёмых, цалкам можа выявіцца, што ім патрэбная дапамога. Па вопыце працы магу сказаць, што калі ў вас узнікла нагода для хвалявання, то лепш перастрахавацца і адразу патэлефанаваць у 102, паведаміць, што знік блізкі чалавек і вы хочаце падаць заяву. Калі трывога акажацца ілжывай, той, пра каго турбаваліся, напіша потым заяву, што з ім усё добра. Ніякіх негатыўных наступстваў накшталт пастаноўкі на асаблівы ўлік у міліцыі гэтае дзеянне не нясе — гэта яшчэ адна аблуда нашых грамадзян.
Да званка ў міліцыю можна звярнуцца ў бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў, куды сцякаецца ўся інфармацыя з міліцыі, бальніц, моргаў пра ДТЗ і няшчасныя выпадкі, і там паспрабаваць высветліць, ці не паступала інфармацыя пра пэўнага чалавека. Дарэчы, напісаць заяву аб знікненні могуць не толькі сваякі, але і суседзі і сябры.
— Хто часцей за ўсё знікае ў Беларусі?
— Пажылыя людзі, у якіх ёсць праблемы са здароўем і здараюцца страты памяці. Значна радзей, на шчасце, у параўнанні з РФ у нас знікаюць дзеці. Часцяком яны знаходзяцца за некалькі гадзін. У сезон нам значна дадаюць працы грыбнікі і ягаднікі, якія губляюць арыентацыю, захапіўшыся зборам, альбо ім робіцца кепска і яны не могуць самастойна выйсці з лесу.
Вельмі вялікі працэнт зніклых без вестак складаюць людзі, якія з’язджаюць на заробкі ў Расію. У асноўным гэта мужчыны ці маладыя людзі з перыферыі, якія едуць непасрэдна ў Маскву, не маючы дакладнай інфармацыі пра сваіх будучых працадаўцаў. Статыстыка паказвае, што 70-80 адсоткаў такіх выпадкаў заканчваецца тым, што людзі трапляюць у рабства. Існуе добра арганізаваная злачынная схема, калі пад уздзеяннем псіхатропных прэпаратаў людзей вывозяць у Дагестан, дзе яны аказваюцца без дакументаў і грошай, і ім даводзіцца працаваць, таму што іншага выйсця проста няма.
Калі нейкім цудам гэтым людзям удаецца паведаміць родным, што з імі здарылася бяда, нам даводзіцца разам з іх сваякамі і нашымі калегамі з расійскага аб’яднання “Альтернатива” арганізоўваць іх вяртанне, бо чалавеку без дакументаў вельмі складана трапіць на радзіму, нават калі паміж дзяржавамі няма межаў.
— У нас у краіне дастаткова шматлікія сілавыя структуры, у функцыі якіх уваходзіць абарона і выратаванне грамадзян ад вонкавых і ўнутраных пагроз. Чаму ўзнікла неабходнасць у вашай арганізацыі?
— Калі чалавек знік, то самы важны момант — не ўпусціць час. Чым больш аператыўна пачынаецца пошук, тым больш шанцаў знайсці чалавека жывым і здаровым. І ў гэтым плане дзяржаўным сілавым структурам дзейнічаць аператыўна часам перашкаджаюць бюракратычныя затрымкі, напрыклад, неабходнасць атрымання пісьмовых дазволаў ад кіраўніцтва, што не заўсёды можна зрабіць хутка. А мы з моманту падачы заявы ў міліцыю і паступлення да нас заяўкі можам за гадзіну сабраць групу і выехаць на пошукі чалавека. Акрамя таго, у МНС і МУС даволі шырокі спектр дзейнасці, а ў нас вельмі вузкая спецыялізацыя, і з моманту свайго стварэння ў 2012 годзе наш атрад неаднаразова дэманстраваў, што ў гэтым ёсць несумнеўныя перавагі.
Толькі ў 2013 годзе мы дапамаглі ў пошуку чатырохсот пяцідзесяці чалавек. Даказваць сваю патрэбнасць грамадскасці і дзяржаўным структурам нам ужо не трэба — за нас красамоўна кажуць вынікі. Цяпер мы ў працэсе рэгістрацыі грамадскага аб’яднання «Поисково-спасательный отряд “Ангел”». Гэта дазволіць нам атрымліваць дзяржаўнае фінансаванне, адпаведна, паляпшаць матэрыяльную базу атрада, праводзіць навучанне і тым самым удасканальваць працу
— Гэта значыць, увесь гэты час добраахвотнікі працуюць абсалютна бясплатна? Хто ж гэтыя людзі і чым яны кіруюцца, выбіраючы такую няпростую грамадскую дзейнасць?
— Мне ўспамінаецца фраза з савецкага фільма «Афіцэры»: «Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць». Я дакладна магу сказаць, што ёсць людзі, маральныя якасці і псіхалагічныя асаблівасці якіх не дазваляюць ім знаходзіцца ўбаку ад чужой бяды. Гэта перш за ўсё неабыякавасць, уменне хутка і дакладна рэагаваць у крытычнай сітуацыі і стрэсаўстойлівасць. Менавіта такія хлопцы — у «Анёле».
У атрад людзі прыходзяць з розных прычынаў. Некаторыя самі ўдзельнічалі ў пошуку сваіх зніклых сваякоў або сяброў, а затым вырашылі застацца ў атрадзе і дапамагаць іншым. Вельмі многія даведваюцца пра нас са СМІ і сацыяльных сетак, тэлефануюць і пішуць, прапаноўваючы ўдзел альбо іншую форму дапамогі. Першапачаткова меркавалася, што атрад будзе складацца з дзесяці-трыццаці спецыялістаў па пошуку, але на дадзены момант у Беларусі каля васьмідзесяці чалавек, якія пастаянна адсочваюць навіны, прымаюць заяўкі, размаўляюць з прадстаўнікамі міліцыі і крымінальнага вышуку. Толькі ў групе «ВКонтакте» у нас 46 тысяч падпісчыкаў, рэальныя людзі, гатовыя выйсці з намі на пошукі ў любы момант.
— Апошнім часам вельмі вялікай папулярнасцю карыстаюцца шоў, у якіх экстрасэнсы дэманструюць свае ўнікальныя здольнасці, у тым ліку дапамагаюць знаходзіць зніклых людзей. Ці быў у вашага атрада вопыт узаемадзеяння з людзьмі з экстрасэнсорнымі здольнасцямі?
— На нас выходзілі экстрасэнсы, і мы спрабавалі супрацоўнічаць, аднак пакуль ім не ўдавалася нам дапамагчы. Але магу сказаць, што ў многіх нашых хлопцаў, асабліва ў тых, хто доўга працуе, інтуіцыя часта спрацоўвае дзіўна. Хоць, магчыма, гэта прафесіяналізм найвышэйшага ўзроўню. Часам нават пры першай размове са сваякамі аўтаматычна пачынае вымалёўвацца карціна магчымага развіцця падзей або з’яўляецца дакладнае разуменне таго, якім будзе вынік справы.
Гэта проста ўнутранае адчуванне, яно нічым не падмацаванае, ты проста ведаеш і ўсё. Але нягледзячы ні на якія здагадкі, мы працягваем шукаць да канца. Заўсёды хочацца спадзявацца на лепшае.
— Што заахвоціла асабіста вас, маладую дзяўчыну, займацца такой складанай у эмацыйным плане дзейнасцю? Былі моманты, калі вам здавалася, што ўсё гэта вышэйшае за вашыя сілы і хацелася ўсё кінуць?
— Пра дзейнасць «Анёла» я даведалася ад камандзіра атрада Сяргея Коўгана. Мяне вельмі ўразіла, што ёсць вось такія хлопцы. А калі ім спатрэбіўся памочнік для вядзення групы і размяшчэння інфармацыі на сайце, я выказала жаданне дапамагчы. Мне быў цікавы гэты кірунак, паступова я пачала ўдзельнічаць у пошуках. Цяпер Сяргей — мой муж, і цалкам лагічна, што я і далей буду ісці за ім.
Безумоўна, наш атрад сутыкаецца з рознымі сітуацыямі, часам нам не ўдаецца знайсці чалавека або дапамога прыходзіць занадта позна. Перыядычна хочацца адасобіцца на нейкі час, забыцца пра пошукі і проста адпачыць. У такія хвіліны нам вельмі дапамагае псіхолаг, які, дарэчы, таксама добраахвотнік і працуе з намі бясплатна. Аднак у нашай дзейнасці досыць шмат гісторый са шчаслівым фіналам, і ў такія моманты адчуваеш велізарнае маральнае задавальненне і неймаверны душэўны ўздым, які вельмі стымулюе працягваць справу.
— Вы часцей, чым звычайны чалавек, бачыце смерць. Як вам здаецца, абумоўленае жыццё чалавека лёсам або ў большасці выпадкаў можна нешта зрабіць? Вы фаталістка?
— Удзел у пошукавых аперацыях навучыў мяне адрозніваць наканаванне ад безадказнасці ў дачыненні да сябе і сваіх блізкіх. Пра што думае чалавек, які ідзе ў лес адзін, нікога не папярэджваючы і не пераканаўшыся, што яго тэлефон зараджаны? Калі ён у лесе заблудзіцца і не зможа патэлефанаваць — гэта воля лёсу? Або маладая дзяўчына, што едзе ў іншы горад ці нават краіну на спатканне з чалавекам, з якім яна знаёмая два дні па перапісцы ў сацыяльных сетках. Каго вінаваціць, калі з ёй здараецца бяда, — лёс ці яе абсалютна безразважныя паводзіны?
— Наколькі добра ў нас ажыццяўляецца інфармаванне грамадзян пра стан злачыннасці ў краіне? Якую інфармацыйную падтрымку аказваюць вам СМІ і што неабходна зрабіць у гэтым плане, каб у вашага атрада было як мага менш працы?
— Мы вельмі шчыльна супрацоўнічаем з парталам tut.by, праграмай «Белорусское времечко», электронным часопісам «Человек и закон», наша дзейнасць добра прадстаўленая ў сацыяльных сетках. Аднак практыка паказвае, што неабходна задзейнічаць як мага больш інфармацыйных крыніц, каб прыцягваць да пошуку зніклых без вестак тыя пласты насельніцтва, якія не карыстаюцца інтэрнэтам, а чытаюць газеты, напрыклад. Асабліва гэта датычыцца сельскай мясцовасці.
Што да спосабаў інфармавання нашых грамадзян аб злачыннасці, то мне здаецца, што з гэтым у нас відавочны перакос. Навінавыя выпускі больш чым напалову складаюцца з крымінальнай хронікі, у рэпартажах крывавыя падрабязнасці проста смакуюцца ў надзеі прыцягнуць як мага больш гледачоў. Але мне здаецца, што мэтай такіх перадач мусіць быць не ўзняцце рэйтынгу канала, а нагода папярэдзіць людзей, што трэба быць асцярожнымі і прадбачлівымі, а таксама праінфармаваць, як пазбегнуць такіх сітуацый у сваім жыцці.
Напрыклад, існуе інфалінія 113, дзе можна атрымаць інфармацыю пра бяспечны выезд і знаходжанне за мяжой. Але ці многія пра яе чулі? Дзякуючы сацыяльнай рэкламе нашыя людзі навучыліся захоўваць чэк з крамы, а вось пра тое, як не трапіць у рабства, з’язджаючы на працу ці адпачынак, ведаюць і цікавяцца нямногія, асабліва на перыферыі.
Мне здаецца, што дзяржава таксама павінная надаваць больш увагі прафілактыцы самагубстваў. На жаль, мы ў сваёй працы вельмі часта сутыкаемся з гэтай праблемай, у асноўным гэта маладыя людзі ва ўзросце ад сямнаццаці да дваццаці пяці гадоў. Гэта ўзрост моцных пачуццяў, першых сур’ёзных дарослых праблем і памылак. Для многіх маладых людзей моцныя негатыўныя эмоцыі, неразуменне і адсутнасць увагі з боку блізкіх і сяброў робіцца настолькі невыносным, што яны не знаходзяць для сябе іншага выйсця, як скончыць жыццё самагубствам. А ў нас жа ёсць службы даверу, псіхалагічныя гарачыя лініі, але інфармацыя пра іх распаўсюджваецца недастаткова эфектыўна.
— За некалькі гадоў вы прайшлі дарогу ад групы энтузіястаў па аказанні дапамогі ў пошуку зніклых без вестак да сур’ёзнага аб’яднання прафесіяналаў высокага ўзроўню. Чым вы асабліва ганарыцеся і пра што даводзіцца шкадаваць?
— Кожнае выратаванае жыццё — гэта перамога, кожная страта — гэта падстава для глыбокага аналізу і непазбежных душэўных пакутаў: а ці ўсё мы зрабілі, што маглі? Аднак статыстыка паказвае, што зніклых без вестак стала менш, чым у мінулыя гады. Прыемна ўсведамляць, што ў гэтым ёсць і наша заслуга. Акрамя таго, сваякі і сябры знойдзеных намі людзей кажуць, што наяўнасць атрада і інфармацыя аб яго дзейнасці дае людзям псіхалагічную апору, веру ў тое, што ў крытычнай сітуацыі на дапамогу прыйдуць спецыялісты. Гэта вельмі важна — разумець, што ты не адзін. Бо ніхто не застрахаваны ад праблем, у любую сям’ю можа прыйсці бяда. Вельмі хацелася б, каб людзі пра гэта памяталі і былі больш памяркоўнымі і больш уважлівымі адно да аднаго.
На жаль, далёка не кожны ў нас падыдзе да чалавека, які ляжыць пад лаўкай ці на клумбе. Большасць вырашыць, што ён п’яны, і пройдзе міма. Такія сцэны можна бачыць паўсюдна, асабліва ў вялікіх гарадах. А ў гэты ж час, магчыма, сваякі або сябры ўжо збіліся з ног, шукаючы гэтага чалавека, і адзін званок у міліцыю або хуткую дапамогу можа стаць для яго выратавальным.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное