Политика
Барыс Гарэцкі, «Радыё Рацыя»

У Мінску прайшла акцыя салідарнасці

Акцыя салідарнасці, якая 16 дня кожнага месяца праводзілася на Кастрычніцкай плошчы, адбылася ў Мінску каля касцёла св. Язэпа, на Плошчы Волі.

На традыцыйную акцыю салідарнасці 16 верасня прыйшлі каля 50 чалавек. Акцыя на гэты раз адбывалася каля будынка касцёла св. Язэпа і распачалася а 7-й гадзіне.

Адметна, што ўся плошча Свабоды вакол касцёла св. Язэпа ў гэты час была ачэплена супрацоўнікамі міліцыі – некаторых актывістаў затрымалі яшчэ перад яе пачаткам. У міліцэйскім пастарунку апынуліся Зміцер Дашкевіч, Мікола Дземідзенка, Вячаслаў Сіўчык і актывісты кампаніі "Гавары праўду".

Нягледзячы на гэта, тыя, каму ўдалося дайсці да касцёла, разгарнулі партрэты зніклых палітыкаў, а таксама партрэт журналіста Алега Бябеніна ды каля гадзіны прастаялі перад уваходам у касцёл. Арганізатар акцыі, Павел Севярынец, адзначыў, што цяпер гэтыя мерапрыемствы будуць адбывацца кожны дзень і, калі акцыя 16 верасня была прысвечана традыцыйнай салідарнасці, то заўтрашняя і наступныя будуць патрабаваннем перадаць касцёл вернікам і не перабудоўваць яго пад гасцінічны комплекс.

Мінская міліцыя вырашыла не складаць пратаколы на затрыманых удзельнікаў акцыі побач з касцёлам святога Язэпа. Вячаслаў Сіўчык ды актывіст Маладога Фронту Уладзімір Яромінак паведамілі, што ў міліцыі ў іх узялі падрабязныя тлумачэнні адносна таго, чаго яны прыйшлі на плошчу Свабоды, а таксама праверылі пашпартныя дадзеныя. Нягледзячы на тое, што затрыманне працягнулася болей за тры дазволеныя законам гадзіны, удзельнікі акцыі падкрэслілі, што збіраюцца прыходзіць да касцёла святога Язэпа ўсе наступныя дні дзеля таго, каб адстаяць гэтую святыню.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)