Общество
Руслан Гарбачоў, Лера Васількова

У Мiнску пачаўся Шосты з’езд беларусаў свету (дададзена)

Яго праводзіць Міжнароднае грамадзкае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».

13.00. Як падзялілася ў выступе адна з удзельніц з'езду Наталля Гардзеенка, сёння ў дыяспары існуе шэраг праблем, у тым ліку - падзел па палітычных поглядах. Часткова ініцыятарам такой сітуацыі з'яўляецца афіцыйны Мiнск, які падтрымлівае лаяльныя да ўлады арганізацыі і не падтрымлівае нелаяльныя.

Сярод пазітыўных крокаў яна выдзеліла з'яўленне новых структур у Грузіі, Швейцарыі, беларускага хостэла ў Празе, беларуска-ўкраінскай кавярні ў Кіеве.

11.00. На з'ездзе выступіў міністр культуры Барыс Святлоў. У сваім дакладзе ён адзначыў, што дыяспара - неад'емная частка беларускага народа. Ён дадаў, што некаторыя групы крытычна ставяцца да палітычнай і эканамічнай сітуацыі на радзіме, але Беларусь любяць. Таксама прагучала, што трэба рабіць усё магчымае, каб падтрымліваць культурную спадчыну.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, якая не прысутнічае на з’ездзе, у сваім вітанні заклікала беларусаў свету купіць па асобніку кнігі Уладзіміра Арлова «Краіна Беларусь» па-англійску і падараваць сваім кангрэсмэнам альбо нават прэм’ер-міністрам, каб пашырыць веды пра Беларусь, павемляе «Наша Ніва».

10.30. Як паведамляе карэспандэнт «Салiдарнасцi», на з'ездзе прысутнічаюць людзі як з афіцыйнай, чырвона-зялёнай сымболікай, так і з бел-чырвона-белымі сцягамі. Ёсць і прадстаўнікі ўладаў — міністр культуры, дэпутаты, служачыя дзяржаўных ведамстваў.

У прывітальным слове сустаршыня арганізацыйнага камітэта Алена Макоўская павіншавала ўсіх з пачаткам з'езда, які праходзяць праз дваццаць гадоў пасля першага такога форуму ў Беларусі. А таксама выказала здагадку, што па шэрагу пытанняў могуць быць спрэчкі, але заклікала прыслухоўвацца адзін да аднаго.

10.00. З’езд пройдзе 23–24 ліпеня ў Міжнародным адукацыйным цэнтры. Агульны сход збiраецца раз на чатыры гады. Галоўная тэма чарговага, шостага міжнароднага форуму — «Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці».

Як паведамляе карэспандэнт «Салiдарнасцi», памяшканне набіта людзьмі бітком, некаторым нават прыйдзецца стаяць. Арганізатары заяўлялі аб двух сотнях гасцей. Зарэгістраваныя візіцёры з Польшчы, Расіі, Украіны, ЗША, Канады, Германіі, Даніі, Грузіі, Казахстана, краін Балтыі…

З вядомых персон, сярод iншых, прысутнiчаюць Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Сяргей Законнікаў, Барыс Пятровіч.

— Шкада, што такія заўважныя прадстаўнікі беларускай дыяспары, вядомыя грамадзкія дзеячы, як айцец Аляксандр Надсан, Алена Міхалюк, Вітаўт Кіпель — яны таксама ня здолеюць прыняць удзел у форуме, бо не дазваляе ўзрост і стан здароўя. Але прыедзе Алеся Кіпель, і яна якраз і будзе прадстаўніцай другога пакалення беларускай дыяспары і прыкладам пераемнасці пакаленняў, — раней паведамiла Радыё Свабода сустаршыня арганізацыйнага камітэта Алена Макоўская.

Падрыхтоўка з’езду прайшла без перашкодаў, але і без удзелу дзяржаўных уладаў. Тым не менш чакаецца выступленне міністра культуры Барыса Святлова.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)