Общество
Ганна Балаховіч, Еўрарадыё

У Мінску і ў Варшаве навагодні стол каштуе аднолькава

Еўрарадыё вырашыла падлічыць, колькі грошай сярэдняя беларуская сям’я з чатырох чалавек выдаткуе на нешыкоўны навагодні стол у Мінску і колькі тыя самыя прадукты будуць каштаваць у Варшаве.

Надыходзіць год быка, таму з мясам, асабліва з ялавічынай, перабольшваць не варта. Але які беларус абыдзецца на Новы год без мяса? У Мінску цэны на свініну вагаюцца ад 16 да 24 тысяч за кілаграм. Возьмем сярэднюю цану на некалькі кілаграмаў - атрымліваецца каля 36 тысяч рублёў.

Курыца таксама павінна быць на стале ў свята. Яе кошт ў сярэднім 7800 рублёў за кілаграм, а цэлая - каля 16 тысяч рублёў. Амаль што на кожным стале знойдуцца салаты “Аліўе”, “З кукурузай і крабавымі палачкамі” і “Селядзец пад шубай”. Каб іх прыгатаваць, трэба купіць прадуктаў прыкладна на 28 тысяч рублёў. Да гэтага яшчэ трэба дадаць палку каўбасы (сервелата) і сыр (500 грамаў), за якія трэба заплаціць каля 22 тысяч рублёў.

Без напояў у навагоднюю ноч, вядома, не абыйсціся. Возьмем 2 бутэлькі шампанскага (гэта 21 тысяча рублёў) і пляшку гарэлкі (каля 7 тысяч). А для дзяцей трэба купіць сок. За 2 пачкі мы заплацім у Мінску 7 тысяч рублёў. На салодкае павінен быць торт і шакаладныя цукеркі, а да іх гарбата. Сярэдняя цана на торт каля 15 тысяч рублёў, недарагіх цукерак - 4-5 тысяч.

Ну і, вядома, садавіна, якая таксама мусіць быць на стале. За кілаграм мандарынаў на мінскім рынку мы заплацім у сярэднім 4 тысячы рублёў, яблык і бананаў - каля 3 тысяч. Разам за ўсе прадукты мы заплацім каля 170 тысяч рублёў.

Калі падлічыць, колькі каштуюць тыя самыя прадукты ў варшаўскіх супермаркетах, то атрымаецца каля 75 долараў ці 165 тысяч рублёў. У польскай сталіцы ж кілаграм свініны каштуе ў сярэднім 5,5 долараў (каля 12 тысяч), цэлая курыца – 4,5 долары (10 тысяч), торт - каля 7 долараў (15 тысяч 400 рублёў), мандарыны - 1,3 долары (2900 рублёў), бананы - 1,5 долара (3300 рублёў). А вось за гарэлку трэба будзе заплаціць каля 6,5 долараў (недзе 14300 рублёў), а за шампанскае - не менш за 5,5 долараў (больш за 12 тысяч рублёў).

Такім чынам, навагодні стол у абедзвюх сталіцах каштуе прыкладна аднолькава. Некаторыя прадукты даражэйшыя ў адной краіне, а іншыя - у другой. У Беларусі больш танныя гарэлка і шампанскае, а ў Польшчы - садавіна, гародніна і сырое мяса.

Але трэба ўзяць пад увагу, што велічыня мінімальнай заработнай платы ў Беларусі і ў Польшчы розная. Польскі працаўнік атрымлівае не менш за 300 долараў (660 тысяч рублёў), а мінімальны заробак у Беларусі - каля 200 тысяч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)