У Мінску адбыўся круглы стол па праблеме ананімных ахвяраванняў для НКА

28 лістапада ў Мінску адбыўся круглы стол «Праблема ананімных ахвяраванняў у Беларусі». Мерапрыемства было арганізавана Цэнтрам прававой трансфармацыі і Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі. У часе круглага стала быў дадзены агляд бягучага стану прававога рэгулявання крыніц фінансавання некамерцыйных арганізацы і перспектыў удасканалення заканадаўства у гэтай сферы.

У ім узялі ўдзел прадстаўнікі 24-х беларускіх некамерцыйных арганізацый розных арганізацыйна-прававых формаў і накірункаў дзейнасці: прафсаюзаў, праваабарончых, дабрачынных арганізацый, таварыстваў інвалідаў, аргаізацый па абароне правоў спажыўцоў.

Удзельнікі мерапрыемства пагадзіліся, што сярод праблем фінансавання дзейнасці некамерцыйных арганізацый праблема ананімных ахвяраванняў займае асобнае месца: нерацыянальны фармат прававога рэгулявання гэткіх паступленняў паводле Дэкрэту №24 “Аб атрымані і выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі” адносіць іх да замежнага фінансавання. Пры гэтым складаны парадак рэгістрацыі замежнай бязвыплатнай дапамогі і ўстаноўленая за яго парушэнні адміністратыўная і крымінальная адказнасць фактычна ставяць распаўсюджаныя практыкі ананімных ахвяраванняў на адрас грамадскіх аб’яднанняў па-за законам. Трывожным сігналам сталася актуалізацыя гэтай праблемы ў межах праверкі дзейнасці часопіса АРХЭ.

Было адзначана, што замежны і міжнародны досвед прававога рэгулявання ананімных ахвяраванняў не прадугледжвае падобных абмежаванняў.

У часе дыскусіі былі высунутыя некалькі варыянтаў дзеянняў па выпраўленні неспрыяльнай прававой сітуацыі: ад унясення зменаў у дэкрэт да прыняцця асобных нарматыўных актаў, якія б урэгулявалі ўнясенне ахвяраванняў без пазначэння прозвішча ахвярадаўцы. Таксама былі абмеркаваныя шляхі данясення да заканатворцаў зместу праблемы і прапанаваных шляхоў яе вырашэння. Удзельнікі абмеркавання пагадзіліся з тым, што сітуацыя патрабуе пільнай увагі і дзеянняў па яе змяненні: адсутнасць практыкі прыцягнення да адказнасці арганізацый на пазначанай падставе не можа быць задавальняючай, калі па-ранейшаму захоўваецца пагроза, якая патэнцыйна робіць правапарушальнікам практычна любога атрымальніка ананімынх ахвяраванняў.

Паводле арганізатараў курглага стала, матэрыялы аналізу ды абагульнення айчыннага і замежнага досведу рэгулявання і практыкі выкарыстання ананімных ахвяраванняў будуць пакладзеныя ў аснову аналітычнай нататкі, якая будзе прадстаўленая ў кампэтэнтныя дзяржаўныя органы дзеля спрыяння выпраўленню кепскай нормы права.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)