Общество
Уладзімер Глод, «Радыё Свабода»

У Менску пройдзе пікет супраць пабудовы АЭС у Беларусі

Сёньня ў Менску пройдзе пікет супраць пабудовы атамнай электрастанцыі ў Беларусі. Сталічны гарвыканкам дазволіў правесьці яго на плошчы Бангалор з паловы шостай да паловы восьмай вечара. Гэтая акцыя прымеркаваная да 20-х угодкаў чарнобыльскай трагедыі і адкрывае сэрыю чарнобыльскіх мерапрыемстваў, якія праводзяць дэмакратычныя сілы краіны.

Арганізатарам акцыі выступае Антыядзерная кампанія. Яе прадстаўнік Марына Каравай расказвае пра сваю арганізацыю:

(Каравай: ) “Гэта шэраг як афіцыйна зарэгістраваных экалягічных арганізацыяў, так і незарэгістраваных ініцыятываў, а таксама шэраг людзей, якія зацікаўленыя праблемамі радыяцыйнага забруджваньня і плянамі будаўніцтва новай АЭС у Беларусі”.

Нагадаем, дарэчы, што год таму вялікую актыўнасьць у гэтай справе праяўляў былы дэпутат, алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч. Але, як ён тлумачыць, зарэгістраваць самастойную арганізацыю не ўдалося, а яго асабіста на сёньняшні пікет ніхто не запрашаў.

Прадстаўнікі Антыядзернай кампаніі выступаюць супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі. Гэтая праблема цяпер асабліва актуальная. І ня толькі ў зьвязку з 20-мі ўгодкамі чарнобыльскай трагедыі. Менавіта сёлета, падкрэсьліваюць эколягі, канчаецца тэрмін мараторыю на будаўніцтва ў Беларусі атамных станцыяў. А кіраўніцтва краіны, як вядома, плянуе такі аб'ект са спасылкамі на эканамічную неабходнасьць і гарантаваную бясьпеку.

Актывісты лічаць інакш: яны заклікаюць выкарыстоўваць энэргаэфэктыўныя тэхналёгіі. Эколягі заклікаюць памятаць пра чарнобыльскую трагедыю, а так званы “мірны атам” называюць мітам.

Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч перадусім глядзіць на праблему вачыма навукоўца:

(Вайтовіч: ) “Я сапсаваны навукай чалавек. Пакуль што навука ня ведае іншых крыніц энэргіі, якія маглі б забясьпечыць чалавецтва, апрача энэргіі вугляроднага паліва (нафта, газ) і ядзернай. Усе астанія энэргетыкі — сонечная, ветравая ды іншыя — могуць значна паўплываць на становішча, але ж цалкам праблемы не вырашаюць”.

Разам з тым акадэмік Вайтовіч гаворыць, што чарнобыльскі сындром ахапіў ня толькі Беларусь — некаторыя эўрапейскія краіны пасьля самай вялікай у сьвеце тэхнагеннай катастрофы спынілі будаўніцтва атамных станцыяў. Што рабіць у Беларусі, дзе шмат людзей выступае супраць будаўніцтва АЭС?

(Вайтовіч: ) “Я думаю, што трэба празрыста, адкрыта дыскутаваць на гэтыя тэмы. Але ж у нас усё забаронена. Каб людзі бачылі, што вось гэта каштуе столькі, і мы застаёмся залежныя. А гэта каштуе столькі, і мы пазбаўляемся залежнасьці ў энэргетычнай галіне. Гэта трэба ўсё абмяркоўваць. Людзі зразумеюць, яны ж не дурныя. Абмеркаваньне, толькі абмеркаваньне. І няхай пасьля людзі самі вырашаюць”.

Таксама многія спэцыялісты адзначаюць, што беларускія ўлады вельмі жорстка ставяцца да магчымага будаўніцтва ядзернага магільніка ў Літве, паблізу беларускай мяжы, і адначасова гатовыя будаваць ядзерную станцыю на беларускай тэрыторыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)