Скандалы
Вячаслаў Кулік, Радыё Свабода

У Маскве забіты будаўнік з Ганцавіцкага раёну

У вёсцы Люсіна ля Ганцавічаў родныя чакаюць вяртаньня з Масквы аднавяскоўца Сямёна Занька зь целам забітага сына Ігара. Як паведамілі сваякі нябожчыка, у мінулую нядзелю на будаўнікоў зь Беларусі напалі бандыты, патрабуючы грошай за знаходжаньне беларусаў у сталіцы Расеі. Ігару Заньку быў 21 год.

Праз плач Марыя Занька гаворыць пра роднага чалавека:

(Марыя Занька: ) “Няма нашай птушачкі... Такі хлопчык быў харошы да спакойненькі... Ніколі мухі не пакрыўдзіў... Прыгажун. 21 гадочак. Каб вы толькі бачылі!.. Гэтыя ўлады бяды нам нарабілі, бо працы няма, дык дзеткі стараюцца ў Расеі капейку зарабіць...” Са слоў яшчэ адной сваячкі нябожчыка — цёткі Вольгі, Ігар нядаўна вярнуўся з войска, намерваўся дапамагчы бацькам і малодшай сястры, якая закончыла пэдагагічны каледж у Пінску, але ня можа адшукаць працу.

(Вольга Занька: ) “Яшчэ ў нядзелю Ніна — гэта мая сястра й ягоная маці — гутарыла зь ім. Гаварыў, што ўсё добра ў яго, кажа: “Мама, я табе грошы пакінуў, вазьмі ў бацькі, палячы зубы...” (Плача.) І мае ж там два хлопцы...”

Мне таксама ўдалося пагутарыць зь сябрамі нябожчыка. З Масквы Віктар Арэхаў паведаміў, што ўначы ў мінулую нядзелю невядомыя зламалі дзьверы бытоўкі і ўчынілі бойку.

(Арэхаў: ) “Гэта тыя, хто ня ўмее біцца кулакамі. Яны б’юць каламі й арматурай”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, наколькі абаронены ў Маскве будаўнікі, якія прыяжджаюць зарабіць грошы?”

(Арэхаў: ) “Нуль працэнтаў. Ты едзеш — і ня ведаеш, што адбудзецца”.

Пра гарантыі бясьпекі беларусаў у Маскве мы гутарылі з саветнікам амбасадара Даўгалёва — Аляксандарам Гардзейчыкам. Ён пацьвердзіў зьвесткі, паводле якіх на будоўлях у Маскве працуюць некалькі тысяч беларусаў. “Яны ня маюць афіцыйнай рэгістрацыі, а таму рызыкуюць нават пры сустрэчах з маскоўскімі міліцыянтамі”, — кажа прадстаўнік дыпмісіі.

(Гардзейчык: ) “Да нас зьвяртаюцца грамадзяне Беларусі са скаргамі на асобных супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Расеі”.

А вось, што гаворыць пра гарантыі й правы беларусаў у Расеі дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Вячаслаў Герасіменка:

(Герасіменка: ) “Ты сьпіш, а прыходзяць бандыты й будзяць: “Давай, зьбірай грошы! З вас, хлопцы, такая сума”. Я працаваў на лецішчах, у самой Маскве. На сваёй уласнай скуры адчуў, што за хлеб такі. Там згарэлі пяцёра нашых петрыкаўцаў. Мой сусед і яшчэ адзін — згарэлі. Прычына? Прычына адна — у Беларусі грошай не заробіш. Таму людзі езьдзяць. Галоўная прычына: людзям грошы патрэбны”.

У аўторак у Ганцавічах і найбліжэйшай вёсцы пахавалі шасьцярых чалавек, якія загінулі ў мінулую нядзелю ў аўтамабільнай аварыі ля Барысава, вяртаючыся з заробкаў у Расеі. Старэйшаму з мужчын было 45 гадоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)