У Магілёве збіраюць подпісы за шыльду ў гонар БНР

Актывісты незарэгістраванага руху “Маладая Беларусь” 12 кастрычніка распачалі збор подпісаў за ўсталяваньне памятнага знаку на будынку, у якім 12 ліпеня 1918 году прадстаўнікі магілёўскай грамадзкасьці падтрымалі абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Цяпер у гэтым будынку месьціцца абласны краязнаўчы музэй, а ў 1918 годзе было гарадзкое казначэйства.

За гадзіну акцыі актывісты “Маладой Беларусі” сабралі больш за пяцьдзесят подпісаў магілёўцаў.

“Мы крок за крокам будзем ісьці да ператварэньня Магілёва ў горад нашай мары. Мы маем намер сабраць прынамсі адну тысячу подпісаў і перадаць іх у Магілёўскі гарвыканкам”, — зазначыла “Свабодзе” адна з ініцыятарак акцыі Тацяна Буланава.

Подпісы зьбіралі актывісты пад надглядам міліцыянтаў, якія на пачатку акцыі праверылі зьмест падпісных бюлетэняў і інфармацыйных улётак. Нікога з удзельнікаў не затрымлівалі.

Паводле магілёўскага гісторыка Ігара Пушкіна, ініцыятарам правядзеньня грамадзкага сходу для падтрымкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі выступіў Магілёўскі нацыянальны камітэт на чале зь яго кіраўніком Міхаілам Кахановічам. На сход сабраліся каля чатырохсот чалавек, якія бальшынёй галасоў і ўхвалілі незалежнасьць БНР.

Сёньняшняя акцыя па зборы подпісаў ня першая, якую праводзяць актывісты за вяртаньне зь небыцьця знакавых падзеяў магілёўскай гісторыі. У 2007 годзе за адбудову магілёўскай ратушы было сабрана паўтары тысячы подпісаў, якія былі перададзеныя старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Віктару Шорыкаву.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)