У Магілёве будзе беларускамоўная кляса. У клясе — адна вучаніца

Клясу адчыняюць на базе першай магілёўскай школы, якая знаходзіцца ў цэнтры гораду, непадалёк ад гарвыканкаму. Адзінай вучаніцай у клясе будзе Ялінка Салаўёва. Акрамя сям’і Салаўёвых ахвотнікаў атрымліваць веды па-беларуску ў малакамплектнай клясе не знайшлося.

1 верасьня Ялінка Салаўёва з бацькамі а дзевятай гадзіне раніцы прыйдзе на першую сваю ўрачыстую школьную лінейку. Бацькі азнаёміліся з умовамі навучаньня дачкі:

– Умовы нас задаволілі. Асобная невялічкая будзе кляса. Вылучылі нам настаўніка. Побач у клясе будуць вучыцца такія ж, як і Ялінка першаклясьнікі. У „прадлёнку“ яны будуць разам хадзіць. Праблемаў з камунікацыямі ў яе ня будзе зь імі. Пагутарылі мы й з дырэктаркай. Яна з разуменьнем паставілася да сытуацыі. Цяжкасьць будзе хіба ў тым, што адна настаўніца. Калі яна, да прыкладу, захварэе, то складана знайсьці ёй замену, бо па-беларуску ж трэба гаварыць. Нам паабяцалі, што вырашаць такія праблемы. Яшчэ адна нязручнасьць для настаўніцы. Ёй зрабілі пагадзінную аплату», — паведаміў «Свабодзе» Зьміцер Салаўёў.

У аддзеле адукацыі гарвыканкаму стрымана камэнтуюць адкрыцьцё клясы. У самой школе паведамілі, што адкрыцьцё беларускамоўнай клясы з адным вучнем плянуецца. Аднак прызналі, што заўтра Ялінка Салаўёва мусіць быць у школе.

Ялінка Салаўёва наведвала адзіную беларускамоўную групу ў садку № 81 Магілёва. Разам зь ёй туды хадзілі яшчэ чацьвёра дзетак. Адкрыцьця групы дамагліся бацькі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)