«У Лукашэнкі ў лепшым выпадку будзе варыянт Мілошавіча, а ў горшым — варыянт Чаўшэску»
Вядомы расейскі публіцыст, музычны крытык, адзін зь першых прапагандыстаў рок-музыкі ў СССР Арцемій Троіцкі паставіў палітычны дыягназ беларускім уладам, якія, сьледам за прыкладам савецкай цэнзуры, у масавым парадку забараняюць сваіх ды замежных творцаў.
На думку Арцемія Троіцкага, апошнім часам у Расеі адбываецца прыкладна тое ж самае, што і ў Беларусі — з нашмат большым маштабам і нашмат большым цынізмам.
— Але што характэрна: у Беларусі гэта ўсё з боку ўладаў, асабіста ад «бацькі» паходзіць — вельмі адыёзным, няўмелым і, я б сказаў, «уколатым» чынам. Таму тут ёсьць свая адметнасьць, — сказаў публіцыст ў інтэрв’ю. —Вядома, што тычыцца таго, каб забараніць Цоя, то я перакананы: у Расеі на гэта ніхто б не пайшоў. Таму што гэта было б дзіка непапулярна, гэта было б страшна адыёзна; амаль тое ж самае, што, скажам, забараніць Высоцкага. Гэта значыць — адабраць у людзей адну зь іх любімых іконаў.
А тое, што гэта адбываецца ў Беларусі, азначае адно: беларуская сыстэма канчаткова дэградавала. Цой такой увагай мог бы толькі ганарыцца, але я чарговым разам выказваю сваё спачуваньне беларускім людзям увогуле і мэляманам у прыватнасьці з нагоды новага акту абсалютна ідыёцкага і зламыснага самадурства.
Арцемій Троіцкі раіць беларусам паднаціснуць, бо, на яго погляд, «канец блізкі гэтаму вашаму прыдурку»
—Трэба проста не губляць таго, што па-ангельску называецца momentum, то бок ня страчваць вось гэтай сілы інэрцыі, гэтага імпульсу, які ўжо набраўся. Бо я ня думаю, што Расея будзе яго ратаваць, расейскім кіраўнікам ён таксама на фіг ужо не патрэбны. Гэта, вядома, з майго боку вельмі цынічная заўвага, але я насамрэч ня думаю, што Пуцін зь Мядзьведзевым, калі пад «бацькам» там ужо ўсё максымальна моцна закалышацца, працягнуць яму руку дапамогі.
…Становішча ў Лукашэнкі проста адчайнае. Ён сам давёў сытуацыю да такой кропкі, калі яму ўжо не сысьці, як, скажам, былому прэзыдэнту Ўкраіны Кучму ці нейкаму іншаму дзяржаўнаму чыноўніку, які зьлёгку сябе скампрамэтаваў і добра надакучыў людзям. То бок у Лукашэнкі ў лепшым выпадку будзе варыянт Мілошавіча, а ў горшым — варыянт Чаўшэску. І ён гэта цудоўна разумее. Дакладна гэтак жа ўсё гэта разумеюць усе гэтыя вашы «дзяржыморды» зь беларускага КДБ, міліцыі і г.д. Што калі ўлада зьменіцца, то ім будзе вельмі дрэнна. Менавіта за тое, што яны цяпер робяць. Таму яны ідуць на нейкія адчайныя, на мой погляд, абсалютна самазабойчыя акцыі.
Читайте еще
Избранное