Общество
Настасся Шамрэй, «Наша нiва»

У Лідзе з’явяцца бульвар Гедыміна і вуліца Грунвальдская

У жніўні ў Лідзе (Гродзенская вобласць) пачнецца перайменаванне чатырох вуліцаў: у горадзе з’явяцца вуліцы Грунвальдская і Замкавая, а таксама бульвар Гедыміна і праспект Перамогі.

Як падкрэсліў у сваім інтэрв’ю Лідскаму тэлебачанню Антон Глаўніцкі, намеснік старшыні Лідскага выканкама, гэтае перайменаванне адбываецца дзякуючы зваротам у мясцовыя органы ўлады ад грамадскіх арганізацыяў і партый. Прапанова аб перайменаванні ўжо узгоднена Міністэрствам культуры і аблвыканкамам. З 1 жніўня ў Лідзе пачнуць мяняць шыльды, каб жыхары і госці горада маглі прагуляцца па Замкавай ці бульвары Гедыміна.

Вуліца Грунвальдская з’явіцца на участку вуліцы Энгельса, ад Савецкай у Фарнага касцёла да перасячэння з вуліцай Радзюка каля старых каталіцкіх могілак.

Вуліца Замкавая зменіць сваё размяшчэнне. Дамы адной з самых старых вуліцаў Замкавай зносяць і вуліца фактычна знікае, каб вызваліць месца для новага возера. Новая прапанова мясцовых уладаў перайменаваць у Замкавую вуліцу частку вуліцы Камсамольскай ад Фарнага касцёла, які на вуліцы Савецкай, да вуліцы Перамогі.

Пешаходная вуліца ад аўтавакзала да замка, якую у народзе называюць бульвар Чапаева, прапанавана перайменаваць ў бульвар князя Гедыміна.

Таксама ў горадзе з’явіцца праспект Перамогі. Новая дарога, якая будуецца за замкам, з’яднае вуліцу Перамогі і Энгельса. Ад перакрыжавання з вуліцай 8 сакавіка да выхаду на Мінскую трасу і плануецца новы праспект.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)