Скандалы

У Курапатах ізноў разбілі лаву Клінтана

Абаронцы мемарыяла налічылі 14 кавалкаў.

Фота Уладзі Грыдзіна, Радыё Свабода

Мэмарыяльны знак «лава Клінтана» ў Курапатах пастаўлены ў 1994 годзе прэзыдэнтам ЗША ізноў пацярпеў ад невядомых вандалаў.

Пра гэта Радыё Свабода паведаміла актывістка абароны Курапатаў Ганна Шапуцька:

— Налічылі больш за 14 кавалкаў. 4 адносна вялікія ляжаць на пастамэнце, іншыя раскіданыя вакол, вянок таксама разламаны. Пастамэнт цэлы, але лава разбураная. Прычым бачна, што цэлая сьцежка вытаптаная ад лесу да лавы. Відаць, не адзін раз туды-сюды хадзілі. Магчыма, і не адзін чалавек.

Час, калі ў Курапатах адбыўся чарговы акт вандалізму, ёй не вядомы.

Фота з Фэйсбуку Паўла Севярынца

Нагадаем, што 1 лютага невядомыя разбілі «лаву Клінтана», пасля чаго была заведзеная крымінальная справа.

На інцыдэнт адрэагавала пасольства ЗША ў Мінску. У заяве дыпламатычнай місіі выказвалася глыбокая занепакоенасць «знішчэннем 1 лютага мемарыяльнай лаўкі, усталяванай у Курапатах у дар беларускаму народу Прэзідэнтам Білам Клінтанам дваццаць пяць год таму».

Пасольства ЗША заклікала беларускія ўлады правесці расследаванне і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

— Вандалы могуць знішчыць лаўку, але не тое, што яна сабой ўвасабляе. Месца роздуму для наведвальнікаў Курапат, лаўка сымвалізуе такія агульныя каштоўнасці, як рашучае процістаянне тыраніі і тэрору, і надзею, што падзеі, якія адбыліся тут восемдзесят год таму, болей нідзе і ніколі не паўторацца, — гаварылася ў заяве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(17)