Общество
Юлія Аляксандрава

У Курапатах аднаўляюць знішчаныя крыжы

У суботу ў Курапатах распачаўся новы сезон масавай талакі. Нераўнадушныя грамадзяне падчас такіх прац прыбіраюць тэрыторыю Курапацкага урочышча. Сёлета ж нагода для збора досыць сумная: патрэбна аднавіць зламаныя вандаламі крыжы.

Ужо да 12 гадзін у Курапаты пачалі сцягвацца людзі. Працы хапала ўсім: адбудоўваць паламаныя крыжы, ставіць іх на месца, прыбірацца на тэрыторыі ўрочышча...

Актывісты Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ збіраюцца праводзіць такую талаку штосуботу, пачынаючы з красавіка.

— Абараняем гэтую святыню мы, простыя людзі, патрыёты Беларусі, наколькі можам будзем аднаўляць яе, бараніць ад варвараў. Не трэба здзіўляцца таму, што на тэрыторыі мемарыялу адбываюцца вандальскія акты, бо і рэжым у нашай краіне вандальскі, — кажа сакратар камісіі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Валерый Буйвал.

Ён паведаміў “Салідарнасці”, што ўсяго зламана было 58 крыжоў, таму працы для адбудовы шмат.

На жаль, Курапатам шкодзяць не толькі вандалы. Ад кальцавой дарогі акурат да ўваходу ў мемарыял спускаецца сцёк для зліва вады. Ад яго каля бліжэйшых крыжоў утвараюцца лужыны, драўляныя крыжы пачынаюць гніць знізу... Але, відаць, і праваахоўчыя органы, і Міністэрства культуры разам з раённымі ўладамі да Курапацкіх праблем, як і да самога мемерыяла, абыякавыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)