У Гомелі журналістка прыйшла ў суд з пятлёй на шыі. Фотафакт

У суд Гомельскага раёну Ларыса Шчыракова прыйшла з вяровачнай пятлёй на шыі.

У ліпені на Шчыракову міліцыя склала адміністрацыйны пратакол за незаконны выраб прадукцыі СМІ.

Міліцыянты склалі пратакол за відэасюжэт пра намер уладаў знесці звыш паўсотні прыватных жылых дамоў у Гомелі ў межах вуліц Багдана Хмяльніцкага — праспект Рэчыцкі — Чкалава. Такі намер уладаў выклікаў абурэнне ў шмат каго з тутэйшых жыхароў. Кіраўнікі адміністрацыі раёна і ўпраўлення архітэктуры горада мусілі збіраць 10 чэрвеня сход гараджан.

Пра гэта Ларыса Шчыракова зняла відэа і размясціла на платформе відэахостынгавай кампаніі Youtube, некаторыя здымкі тэлеканал Белсат скарыстаў у сюжэце: «Чыноўнікі дазволілі будаваць жыллё, а цяпер хочуць знесці яго».

Шчыракова адмовілася даваць тлумачэнні суду, бо лічыць, што гэта бессэнсоўна: яе штрафуюць паводле артыкулу 22.9 КаАП, хаця гэты артыкул і прадугледжвае адказнасць для юрыдычных, а не фізічных асобаў.

Суддзя Андрэй Сусла, заслухаўшы аднаго сведку (гэта быў выкладчык універсітэта, які даваў каментар у відэасюжэце), абвесціў перапынак у працэсе да 9 жніўня: выклікалі дадткова яшчэ двух сведак — героя сюжэту і міліцыянта, які складаў пратакол.

Падтрымаць журналістку Ларысу Шчыракову ў судзе прыйшлі больш за два дзесяткі чалавек.

Сёлета Ларысу Шчыракову ўжо тройчы штрафавалі нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Яшчэ адзін пратакол датычны ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Рагачове, дзе Шчыракова асвятляла масавы пратэст супраць «дармаедcкага» дэкрэту № 3.

Агульная сума штрафаў склала 2 576 рублёў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)