Скандалы
Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»

У Гомелі на Дзень Перамогі школьніцу папрасілі зняць георгіеўскую стужку

Цікавы выпадак адбыўся на святкаванні 9 Мая ў гомельскай школе №29.

Бацька адной з вучаніц Віктар Грыбоўскі напісаў на сваёй старонцы ў «Аднакласніках»: «Сёння, 9 мая 2016 года, на парадзе ў гонар дня перамогі, маю дачку (12 гадоў) педагогі са школы вывелі з шэрагу за наяўнасць георгіеўскай стужачкі!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!! З днём перамогі! Беларусь Гомель!!!» [Захаваная аўтарская пунктуацыя – «НН»].

Сям'я Грыбоўскіх на адпачынку. Фота з сайта ok.ru

Гэты допіс сабраў вялізны водгук у «Аднакласніках» — звыш за 5 тысяч лайкаў і амаль тысяча каментаў. Прыйшло вялікая колькасць каментатараў з Расіі, якія абураюцца такімі паводзінамі школьнай адміністрацыі.

Сам Віктар Грыбоўскі ў далейшых каментах адзначыў: «Калі так і далей пойдзе, то два варыянты – эміграцыя ці майдан». «Хутчэй за ўсё гэта палітыка кіраўніцтва краіны», — робіць высновы бацька вучаніцы. «Гэта ганебна, хутка на лоб таўро будуць ставіць», — далей абураецца ён.

«НН» патэлефанавала дырэктару СШ №29 Гомеля Уладзіміру Аляксандравічу Селядцову, каб ён падзяліўся сваім бачаннем інцыдэнту. Дырэктар быў у курсе гэтага выпадку.

«Усё было не так. Яе ніхто не выводзіў з шэрагу, а пытанне мы ўзгаднілі з маці дзяўчынкі, я асабіста з ёй размаўляў. Яна пагадзілася з нашымі аргументамі, — кажа спадар Селядцоў. – У нас было ўказанне, што ўсе дзеці ў «жывым калідоры» на святкаванні Дня Перамогі павінны былі быць з бутаньеркамі з яблыневым цветам. Ніхто з яе не здымаў георгіеўскую стужку, але мая намесніца па ідэалагічнай працы патлумачыла, што тут ва ўсіх павінна быць адзіная форма адзення. Пасля паўгадзіны ўрачыстай часткі яна магла хадзіць з любой стужкай. Нашы аргементы былі прыняты і вучаніца адзела бутаньерку з яблыневым цветам. Гэта ўжо самі бацькі раздзьмулі скандал».

Георгіеўская стужка стала сімвалам расійскай агрэсіі на ўсходзе Украіны. У выніку свае ўнікальныя стужкі Перамогі былі створаныя як у Беларусі, гэтак і ў Казахстане. Цвет яблыні — мірны сімвал, не агрэсіўны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)