Алена ЯКЖЫК
У дзяржаўных СМІ свой «адзіны»

Беларуская асацыяцыя журналiстаў працягвае перадвыбарчы манiторынг сродкаў масавай iнфармацыi. Паводле вынiка другой часткi (28 студзеня — 10 лютага), у дзяржаўных электронных і друкаваных медыях, як і раней, дамініраваў пазітыўны вобраз толькі аднаго з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Звесткі аб альтэрнатыўных прэтэндэнтах, акрамя Аляксандра Мілінкевіча, якога рэпрэзентавалі ў надзвычай негатыўнай манеры, там практычна адсутнічалі.

Электронныя медыi адлюстравалі набліжэнне даты выбараў праз павелічэнне часу, прысвечанага ЦВК і апазіцыі, а таксама праз з’яўленне трох спецыяльных тэлевізійных праектаў — серыі канцэртаў “За Беларусь” (ОНТ), фільма “Агент 590” і серыяла Юрыя Азаронка “Духовная война” (Першы нацыянальны канал БТ). Так, “Панарама” працягвала рэпрэзентаваць апазіцыю ў пераважна адмоўным ці вельмі адмоўным святле. Праграма “Радыёфакт”, параўнальна з папярэднім перыядам, “аддала” негатыўнай інфармацыі пра яе амаль у два разы больш часу. Так, напрыклад, у сюжэце “Новы этап выбарчай кампаніі: наш каментар”, сцвярджаецца, што «апазіцыя не любіць свайго народа”, “мэта апазіцыі — нашкодзіць як мага больш”. А вось “Наши новости” на OНТ загаварылі пра апазіцыю ўпершыню, аднак таксама выключна негатыўна. У астатнім жа, курс праграмы не змяніўся. Напрыклад, 6 лютага, у ёй гучалі наступныя словы вядучага: “Сегодня же был принят проект совместной резолюции о поддержке политического и экономического курса действующего Президента страны Александра Лукашенко».

За гэты перыяд патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты, акрамя Лукашэнкі, было прысвечана мінімум часу. Так, “Панарама” адвяла Аляксандру Мілінкевічу 0,2%, Аляксандру Казуліну і Сяргею Гайдукевічу па 0,02%. Для параўнання, Лукашэнку было аддана амаль 43% часу, прычым характарызаваўся ён 10 разоў нейтральна, 88 — пазітыўна і ніводнага — негатыўна. “Наши новости” гаварылі пра Мілінкевіча і Казуліна па 10 секунд, Гайдукевіча — 15, Лукашэнку — амаль паўгадзіны.

Дзяржаўныя газеты “Советская Белоруссия” і “Звязда” ўвогулле вырашылі не траціць свае плошчы на некаторыя суб’екты выбарчага працэсу. Яны нічога не пісалі пра апазіцыю, беларускіх і заходніх назіральнікаў, назіральнікаў з краін СНД, пра Гайдукевіча і Казуліна. Выключэннем стаў толькі Мілінкевіч, якому СБ аддала 0,7% плошчы параўнальна з іншымі суб’ектамі. Недзяржаўныя газеты, у сваю чаргу, рэпрэзентавалі значна больш шырокае кола маніторынгавых суб’ектаў выбарчага працэсу. Так, “Наша ніва” адвяла Мілінкевічу 49,08% плошчы, Казуліну 24,97%, Лукашэнку 24,79%, Гайдукевічу 0,26%. У “Народнай волі” Лукашэнка заняў 20,3% плошчы, Казулін 8,77%, Мілінкевіч 6% (пра Лукашэнку газета пісала нейтральна і негатыўна, пра Казуліна станоўча і нейтральна, пра Мілінкевіча — нейтральна і пазітыўна). “Разам з тым, у недзяржаўных газетах маніторынг не выявіў выпадкаў скрайне негатыўнай альбо скрайне пазітыўнай ацэнкі суб’ектаў выбарчага працэсу, у якіх бы парушаліся прынцыпы журналісцкай этыкі ці міжнародныя стандарты асвятлення выбарчых кампаній. Што да дзяржаўных СМІ, то такія выпадкі былі зафіксаваныя ў дастаткова вялікай колькасці”, гаворыцца ў справаздачы БАЖ аб выніках маніторынгу.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)